Понедельник, 16 сентября 2024

Міхаіл Грышкевіч правёў выязны прыём у аграгарадку Клепачы

275

Старшыня Пружанскага раённага выканаўчага камітэта Міхаіл Грышкевіч правёў выязны прыём грамадзян і юрыдычных асоб у аграгарадку Клепачы.

У прыёме таксама прынялі ўдзел дырэктар ААТ «Жураўлінае» Аляксандр Пішч і старшыня Мокраўскага сельвыканкама Вольга Грышкевіч. Са сваімі пытаннямі да Міхаіла Міхайлавіча звярнулася 12 чалавек. Большасць пытанняў тычылася работы службы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Яно і не дзіўна, бо за нашу агульную жыццядзейнасць, яе бытавыя зручнасці адказваюць нашы паважаныя работнікі камунальнай галіны. Ніхто не будзе сцвярджаць, што яны не працуюць, ці працуюць спусціўшы рукавы. Такі ўжо ў іх род дзейнасці, што павінны быць заўсёды ў тонусе, як кажуць — напагатове.

Жыхары аграгарадка звярнуліся да старшыні райвыканкама таксама з пытаннямі навядзення парадку ў адносінах гаспадарчых пабудоў за шматкватэрнымі жылымі дамамі. У свой час гаспадары многіх кватэр правялі «самабуд» і натыкалі «шпакоўняў» дзе прыйдзецца. Зразумела, асаблівымі архітэктурнымі вынаходствамі яны не адрозніваліся — хто як ляпіў. Зараз усе гэтыя пабудовы састарэлі і нікому не патрэбны. Іх трэба зносіць. Паўстала пытанне: хто гэтым будзе займацца?

Былі звароты з выплатай заработнай платы былога ААТ «Пружаныавіяхімсэрвіс». Гэтага таварыства ўжо няма, а пытанні да яго былога кіраўніцтва засталіся. Узнімаліся пытанні прыватызацыі і пакупкі жылля, дрэннай работы мабільнай сувязі аператара МТС, асфальтавання вуліц Маладзёжнай і Жукава, функцыянавання школьнага басейна і іншае.

На многія пытанні заяўнікі атрымалі адказ у дзень прыёму, астатняе — тое, што патрабуе дэталёвага аналізу і разбіральніцтва — узята на кантроль.

Падчас прыёму рэдакцыя газеты правяла дзень падпісчыка. Усім, хто падпісаўся на «раёнку», былі ўручаны памятныя прызы. Дзякуем за дапамогу ў арганізацыі дня падпісчыка супрацоўніцы Кляпацкага аддзялення сувязі Вераніке Бармута і загадчыцы Кляпацкага Дома культуры Рыце Святленка.

Віктар Ільюшчанка