Понедельник, 12 мая 2025

Мітынг з нагоды Міжнароднага дня памяці ахвяр Халакосту адбыўся ў Пружанах (+ фота)

316

Штогод 27 студзеня адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту. У гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі цяперашняга Пружанскага раёна былі створаны тры яўрэйскія гета, самае буйное знаходзілася менавіта ў нашым райцэнтры. У памяць аб ахвярах той страшнай трагедыі 26 студзеня ў Пружанах быў праведзены мітынг.

Мерапрыемства сабрала нямала людзей. У ім прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Аляксандр Момлік, пракурор Пружанскага раёна Аляксандр Вярбіцкі, старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Яцкевіч, сакратар пярвічнай арганізацыі ГА «БРСМ» ААТ «Пружанскі завод радыёдэталяў» Наталля Дземідзюк. Далучыліся і вучні розных навучальных устаноў нашага горада, члены грамадскіх аб’яднанняў і ўсе, хто захацеў ушанаваць памяць людзей, якія сталі ахвярамі жахлівых злачынстваў ваеннага часу.

Руслан Супрыновіч у сваім выступленні падкрэсліў значнасць гэтай даты, і гаварыў, наколькі важна памятаць пра тыя страшныя падзеі, каб больш на нашай зямлі яны не паўтарыліся.

Да маладых людзей, якія прысутнічалі на мітынгу, звяртаўся пракурор раёна Аляксандр Вярбіцкі: «Вы з‘яўляецеся будучыняй нашай краіны і павінны перадаваць свае веды наступным пакаленням». Аляксандр Міхайлавіч нагадаў, што Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь у красавіку 2021 года ўзбудзіла крымінальную справу па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд, якая прадаўжаецца і па гэты момант. На тэрыторыі нашага раёна таксама вядзецца актыўная работа ў дадзеным напрамку, у ходзе якой было апытана звыш 150 сведкаў і пацярпелых, устаноўлены месцы меркаванага расстрэлу мірнага насельніцтва, у тым ліку асоб яўрэйскай нацыянальнасці.

Наталля Дземідзюк расказала, што на тэрыторыі нашага раёна — у Пружанах, Лінове, Ружанах, Лыскаве, Шарашэве, іншых населеных пунктах — былі закатаваны тысячы людзей, якіх вызначалі па нацыянальных прыкметах, веравызнанні. «Гэтыя падзеі з’яўляюцца трагедыяй усіх пакаленняў», — падкрэсліла яна. А старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Яцкевіч дадаў: «Мы, людзі старэйшага пакалення, вельмі спадзяёмся, што перадаём памяць у надзейныя рукі. Калі мы ўсе забудземся пра гэтую вайну, нам давядзецца быць гатовымі чакаць наступнай».

Памяць ахвяр Халакосту ўшанавалі мінутай маўчання, а да помніка ляглі кветкі як напамін, што жыхары раёна захоўваюць памяць пра тыя жудасныя падзеі.

Руслан Басак.

Фота аўтара

Больш фотаздымкаў: https://vk.com/album-23306785_301219102 і https://ok.ru/budni/album/974302511752