У Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, які мала дзе адзначаецца, але ў Рэспубліцы Беларусь гэтае свята з’яўляецца дзяржаўным, на плошчы каля помніка У.І. Леніну сабраліся ўсе, каму неабыякавая наша гісторыя.

Так, мінулі тыя часы, калі ў дзень 7 лістапада гарады шумелі ад дэманстрацый, па вуліцах ішлі калоны працоўных і жыхароў. Гаварылася шмат палымяных слоў, рапартавалі пра дасягненні. Гэты дзень не толькі адзначаўся чырвоным колерам у календары, але быў сапраўдным святам перамогі Вялікага Кастрычніка.
Усё менш прыходзіць на гэтае свята людзей. Ды і тыя — сталага ўзросту. Але дзякуй і ім, што не забываюць нашы гістарычныя вехі, не здраджваюць ім.
З віншавальнымі словамі да прысутных звярнулася першы сакратар райкама Кампартыі Беларусі Таццяна Вярэха. Яна пажадала моцнага здароўя, бадзёрасці духу, энергіі нашым ветэранам працы.
Да падножжа помніка правадыру сусветнага пралетарыяту былі ўскладзены вянок і кветкі.

Старшыня прэс-службы раённага савета ветэранаў, член клуба «Натхненне» Ніна Васільеўна Дыдышка расказала, што напярэдадні Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі адбылося пасяджэнне клуба. На ім з задавальненнем чыталі вершы песняра рэвалюцыі Уладзіміра Маякоўскага, спявалі, дзяліліся ўспамінамі. Як сказала Ніна Васільеўна, сталае пакаленне — масток паміж мінулым і будучым. «Маладыя жывуць цяпер крыху іншымі каштоўнасцямі. Яны — будучыня нашай цудоўнай краіны. Нам неабыякавая гісторыя, вельмі хочацца, каб і для моладзі яна была цікавай. Трэба, каб цяперашнія і будучыя творцы гісторыі не забываліся пра мінулае, як мы жылі і працавалі, святкавалі. Маладое пакаленне імкнецца да таго, каб кожны новы дзень быў лепшым за мінулы, у мірным небе ляталі толькі пасажырскія самалёты», — сказала Ніна Васільеўна. Яна пажадала, каб усе святы былі радаснымі, светлымі, мірнымі, у сяброўстве краін і людзей.
Таксама ўшанавалі памяць гераічных рэвалюцыйных дзён, кветкі да помніка ўсклалі галоўны спецыяліст і інспектар аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Юлія Пасько і Алена Зубко.
Віктар Ільюшчанка
Фота аўтара