Напярэдадні Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыда беларускага народа каля помніка «Спаленым вёскам» у Пружанах адбыўся мітынг-рэквіем «Свечка памяці».
Тады, у далёкім 1941 годзе 21 чэрвеня быў яшчэ мірны дзень. Але фашысцкія полчышчы ўжо сканцэнтравалі сваю варожую сілу каля граніцы Савецкага Саюза. На досвітку, у 4 гадзіны раніцы 22 чэрвеня фашысцкая Германія нанесла першыя масіраванныя ўдары па тэрыторыі Савецкага саюза.
Варожая авіяцыя пачала бамбіць аэрадромы, чыгуначныя станцыі, ваенна-марскія базы і гарады ўздоўж усёй заходняй граніцы Савецкага Саюза і на глыбіню да 250-300 кіламетраў ад яе. Адначасова з артылерыйскай атакай войскі люфтвафе бамбілі гарады ва Украіне, Беларусі і Прыбалтыцы. На досвітку масіраваным ударам падвергліся ключавыя стратэгічныя аб’екты ў Кіеве, Жытоміры, Севастопалі. Пад бомбамі аказаліся таксама Брэст, Гродна, Ліда, Кобрын, Слонім, Баранавічы, Шауляй, Вільнюс, Каўнас і іншыя гарады.
Так пачалася Вялікая Айчынная вайна…
Аб подзвігу савецкага народа расказвалі вядучыя мітынга-рэквіема. З боллю ў сэрцы ўспрымаліся факты зверстваў фашыстаў на беларускай зямлі, колькасць загінулых людзей, спаленых вёсак, зруйнаваных гарадоў. 1418 дзён і начэй цягнулася гэтая самая кровапралітная вайна, якая завяршылася ў логаве фашыстаў перамогай.
Не пакрыўлю душой, калі скажу, што мастацка-тэатралізаваная кампазіцыя, якая была паказана каля помніка, нікога не пакінула раўнадушным. Была і мінута маўчання ў памяць загінулых, памерлых нашых людзей, сапраўдных герояў, ахвяраваўшым свае жыцці за тое, каб мы былі.
Кульмінацыяй мітынгу стала ўстаноўка лампадак са свечкамі да пастамента помніка. Палаючыя агеньчыкі ўтварылі слова «Памяць». Так, іменна памяць аб гераічнай гісторыі, мы павінны пранесці скрозь дзесяцігоддзі, стагоддзі, каб не паўтарылася жудасная вайна. Калі памяць пакідае людзей, яны пачынаюць перапісваць гісторыю. Пачвара фашызму не задаўлена канчаткова. Яна адраджаецца і развязвае кровапраліцці.
А роўна апоўдні 22 чэрвеня Беларусь і ўсё прагрэсіўнае чалавецтва застыла ў мінуце маўчання. Нагадаем, што яшчэ адна гістарычная знакавая падзея адзначаецца ў гэтыя дні. 23 чэрвеня 1944 года пачалася аперацыя «Баграціён», у ходзе якой Беларусь была вызвалена ад фашысцкай навалы.
Віктар Ільюшчанка. Фота аўтара