Воскресенье, 19 января 2025

Мітынг-рэквіем «Лампада памяці»

319

Яна гарэла 22 сакавіка па ўсёй Беларусі. У гэты дзень 81 год назад спалілі беларускую вёску Хатынь разам з жыхарамі.

Зараз на тым месцы, дзе калісьці была вёска, існуе мемарыяльны комплекс, які і стаў сімвалам усіх спаленых вёсак нашай краіны. Генацыд беларускага народа, які ўчынілі гітлераўцы пад час Вялікай Айчыннай вайны, не скарыў наш народ, а згуртаваў на барацьбу з фашысцкай пачварай.

Да гэтай пары знаходзяцца безыменныя брацкія пахаванні ахвяр вайны. Большая частка нашага народа павінна была быць знішчана, астатніх планавалі зрабіць рабамі. Не атрымалася.

Пра гэта гаварыў у сваім звароце да прысутных на мітынгу, прысвечанаму Дню памяці спаленых вёсак, старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч. Ен адзначыў, што для таго, каб такое больш не паўтарылася, трэба выхоўваць маладое пакаленне патрыётамі сваёй краіны, ніколі не губляць памяць аб гераічным мінулым Беларусі.

Аб прайшоўшым і будучым расследаваннях крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа пад час Вялікай Айчыннай вайны расказаў пракурор Пружанскага раёна Аляксандр Вярбіцкі.

Ад імя маладога пакалення да прысутных звярнулася член савета працуючай моладзі Лізавета Грышкевіч ААТ «Пружанскі малочны камбінат».

Словы Боскага благаслаўлення і пажаданнем міру прысутным даносілі святары: настаяцель храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца г. Пружаны протаіерэй Вячаслаў Левы і ксёндз касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Пружанах Павел Ярашэвіч.

Пасля жалобнай хвіліны маўчання да падножжа помніка спаленым вёскам ляглі вянкі і кветкі ад райвыканкама, райсавета дэпутатаў, прадстаўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў Пружанскага раёна, гараджан.

Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік