17 верасня вучні гарадскіх школ сабраліся каля брацкай магілы на гарадскіх могілках, каб ушанаваць памяць воінаў, якія аддалі жыццё за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы.
Удзельнікі мітынгу «Памяць» узгадвалі не толькі землякоў, якія не вярнуліся з франтоў Вялікай Айчыннай вайны, загінулі падчас партызанскай барацьбы, але і мірных жыхароў нашай пружанскай зямлі — расстраляных, спаленых, закатаваных.
На мерапрыемстве прысутнічалі начальнік аддзела культуры райвыканкама Канстанцін Панімаш, прадстаўнікі грамадскіх аб‘яднанняў. Старшыня раённага аб’яднання ветэранаў Уладзімір Яцкевіч распавёў школьнікам і пра землякоў, якія вялі барацьбу з польскім урадам у міжваенныя гады, падкрэсліў значнасць аб’яднання Заходняй Беларусі з БССР.
— Прыйшла фашысцкая навала — і савецкі народ здолеў атрымаць перамогу над гітлераўцамі толькі таму, што быў адзіны, — працягваў Уладзімір Аляксандравіч. — Людзі ўключыліся ў барацьбу з агульным ворагам. Яны не дзялілі сябе па веравызнанні, нацыянальнасці і, дзякуючы гэтаму, перамаглі… Так што любіце сваю радзіму, любіце Беларусь! Будзьце вышэй за ўсе спрэчкі і рознагалоссі, бо наша сіла — у адзінстве!
Ад прадстаўнікоў маладога пакалення да прысутных звярнулася Юлія Карасёва, вучаніца 11 класа гімназіі.
— Патрыятызм і высокі ўзровень грамадзянскай адказнасці, адкрытасць і ўзаемавыручка, павага да людзей і традыцый увесь час былі візітнай карткай беларусаў. Вельмі важна супольна берагчы і множыць здабыткі нашай любімай Беларусі дзеля дабрабыту будучых пакаленняў, — сказала яна.
Напрыканцы мерапрыемства прысутныя ўшанавалі мінутай маўчання памяць людзей, якія пахаваны ў брацкай магіле, і ўсклалі кветкі ў гонар герояў.
Юлія Янушка. Фота аўтара