4 жніўня ў Белавежскай пушчы ля помніка “Падаючыя крыжы” адбыўся ўрачыста-жалобны мітынг.
Шмат гадоў запар на гэтым месцы збіраюцца родныя загінулых і проста неабыякавыя людзі. У першыя жнівеньскія дні 1941 года нямецка-фашысцкія захопнікі расстралялі тут 130 жыхароў навакольных беларускіх і польскіх вёсак. Доўгія гады месца трагедыі было невядома, яго выпадкова знайшлі ў 1952 годзе. А вось імёны многіх ахвяраў не названы і сёння: да гэтага часу ўстаноўлена толькі 85 асоб.
Помнік, які нагадвае падаючыя крыжы, быў устаноўлены ў 1990-х гадах, а ў 1998 годзе гэтае месца наведаў Прэзідэнт Беларусі А.Р. Лукашэнка.
У гэтую нядзелю аддаць абавязак памяці прыехала шмат людзей. Жадаючыя маглі скарыстацца ўласным транспартам або спецыяльна выдзеленымі аўтобусамі, якія ехалі з Пружан і Шарашэва. Намеснік старшыні райвыканкама Р.В. Супрыновіч выказаў словы падзякі кожнаму, хто знайшоў час і прыйшоў пакланіцца ахвярам жудаснай расправы.
Ад польскай дэлегацыі ля помніка выступіла старшыня Савета дэпутатаў г. Гайнаўка Валянціна Петрачук, а слова ад імя жыхароў Сухопальскага сельсавета ўзяла Ларыса Клімец. З прамовай выступіў і настаяцель праваслаўнага прыхода храма іконы Божай маці “Неспадзяваная радасць” айцец Сергій. Пасля гэтага загучалі спевы вакальнага ансамбля “Амафор”, а ўсе прысутныя мелі магчымасць памаліцца за бязвінна забітых.
Духавы аркестр Палаца культуры выканаў гімны дзвюх краін, а пад мелодыю песні “Дзень Перамогі” да помніка былі ўскладзены вянкі і кветкі, а таксама запалены лампадкі.
Кацярына Пашкевіч. Фота аўтара.