Четверг, 10 октября 2024

«Містара Пружаны 60+» упершыню выбралі ў райцэнтры. Хто ім стаў ? (+многа фота)

685

Пралятаюць гады, а душа, як раней, маладая! Так можна ахарактарызаваць удзельнікаў шоу-конкурсу «Містар Пружаны 60+», які праводзіўся ў гарадскім Палацы культуры напярэдадні Дня бацькі.

І сапраўды, усіх пецярых нашых паважаных мужчын: Аляксея Іванавіча Радзівончыка, Уладзіміра Аляксандравіча Яцкевіча, Уладзіміра Ільіча Чэкашова, Васіля Мікалаевіча Півеня, Анатолія Мікалаевіча Галяшчыхіна — непасрэдных удзельнікаў конкурсу, якія з’яўляюцца мужамі, бацькамі, дзядулямі, з радасцю сустракалі гледачы шоу.

У зале сабраліся родныя, блізкія, знаёмыя, каб падтрымаць канкурсантаў, пажадаць ім перамогі.

Пра новае «мужчынскае» свята, якое стала добра прыжывацца ў Беларусі, аб ролі бацькі ў фарміраванні сям’і, выхаванні дзяцей гаварыў у сваім звароце да прысутных намеснік старшыні Пружанскага райвыканкама Руслан Супрыновіч.

Ацэньвала выступленні канкурсантаў прадстаўнічае журы, узначальвала якое старшыня раённага аддзялення ГА «Беларускі саюз жанчын» Наталля Чарэшка.

Разумею, наколькі было няпроста ацэньваць выступленні канкурсантаў. Кожны паказаў сябе яскравым, інтэлігентным і элегантным, з добрым пачуццём гумару. Адчувалася ў нашых паважаных мужчынах і добрае выхаванне, і мужнасць, і гатоўнасць прыйсці на дапамогу. Яны са сцэны чыталі вершы свайго сачынення, спявалі, танцавалі, расказвалі пра сваё жыццё, захапленні, дасягненні. І кожны з іх — асоба, якая да гэтага часу ўносіць даволі значны ўклад у жыццё горада, раёна…

Мала таго, што канкурсанты з’яўляюцца творчымі людзьмі, добрымі сем’янінамі, яны яшчэ, як аказалася, могуць і добра гатаваць. Кожны з удзельнікаў конкурсу на суд журы прадставіў арыгінальны кандытарскі выраб. Ніхто ні ў чым не паўтарыўся! Можа, некаму жонкі крыху і дапамагалі ў гатаванні, але душа ў прадстаўленай смакаце была менавіта «мужчынская».

Вынікі шоу-конкурсу абвясціла Наталля Чарэшка. Кожны з удзельнікаў атрымаў свой тытул.

Галоўны ж прыз дастаўся Анатолію Мікалаевічу Галяшчыхіну. Тут ужо супалі думкі не толькі журы, але і гледачоў, якія праводзілі тайнае галасаванне (трэба было напісаць нумар удзельніка на выдадзеным загадзя фаеры). Анатолій Мікалаевіч быў вельмі артыстычны, музычны і запамінальны.

На працягу ўсяго свята гледачоў таксама радавалі артысты ГПК. Дзякуй ім і ўсім удзельнікам за атмасферу цеплыні, прыгажосці і добрага настрою.

Віктар Ільюшчанка. Фота аўтара

Фотаальбомы з конкурсу глядзіце тут: https://vk.com/album-23306785_298461813 і https://ok.ru/budni/album/969792059784