Упершыню за апошнія амаль дваццаць гадоў у Белавежскай пушчы былі заўважаны сляды бурага мядзведзя.

Адбіткі лапаў драпежніка заўважылі напрыканцы мая паміж вёскамі Брады і Шчарбы — на дарозе, што непадалёк ад рэчкі Левая Лясная. На падобныя сляды была звернута ўвага яшчэ ў некалькіх месцах. Апошні раз мясцовыя жыхары бачылі іх літаральна ўчора, пра што паведамілі ў рэдакцыю.
Хіба ў нашай мясцовасці ёсць мядзведзі? Мядзведзяў не стала ў Белавежскай пушчы яшчэ напрыканцы XIX стагоддзя. У тым ліку «дзякуючы» паляванню. Як сведчаць гістарычныя звесткі, апошні мядзведзь тут загінуў яшчэ ў 1878 годзе — ён быў застрэлены падчас царскага палявання. Праз некаторы час польскія ўлады спрабавалі аднавіць папуляцыю, але вопыт перасялення мядзведзяў з заапарка пацярпеў фіяска, ды і вайна не дала давесці справу да канца.
Знаўца і фатограф дзікай прыроды Аляксандр Пекач, які рэгулярна ўдзельнічае ў незвычайным даследаванні навакольнага асяроддзя (напрыклад, у праекце па назіранні за ваўкамі, які рэалізоўваўся ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» сумесна з НП «Белавежская пушча» і Франкфурцкай заалагічнай супольнасцю), пацвердзіў гэтыя звесткі: ён таксама на свае вочы бачыў сляды.
— Асноўная папуляцыя бурага мядзведзя ў Беларусі знаходзіцца ў паўночнай частцы краіны: Бярэзінскім запаведніку і Гарадоцкім раёне. Зараз у мядзведзяў пачынаецца гон, і маладыя жывёлы адпраўляюцца на пошукі самкі, — расказвае спецыяліст. — Мяркуючы па пакінутых слядах, гэта як раз маладая асобіна. Як Белавежская, так і Ружанская пушчы маглі б стаць прыдатнымі месцамі для жыхарства жывёлы. Але хутчэй за ўсё, паколькі мядзведзі схільныя да міграцыі, мішка ў нашай мясцовасці «транзітам». Мяркую так зыходзячы з высноў, якія некалькі гадоў зрабілі польскія калегі: з дапамогай GPS-прыстасаванняў яны адсочвалі шлях драпежніка. Мядзведзь прайшоў каля паўтары тысячы кіламетраў і «асеў» у Венгрыі.
Як вядома, на Беларусі бурыя мядзведзі — даволі рэдкая з’ява. Часцей за іншых іх заўважаюць на Альманскіх балотах і ў Налібоцкай пушчы, дзе яны перыядычна трапляюць у аб’ектывы фотапастак. На Пружаншчыне апошні раз жывёла вось так жа знянацку аб’явілася ў 2003 годзе. Тады мядзведзь на некалькі месяцаў пасяліўся на мяжы балота Дзікое, непадалёк ад вёсак Залессе, Котра і Клепачы. Буйная дарослая жывёла ростам да двух метраў рэгулярна наведвалася на палі з аўсом і ячменем.
Да слова, буры мядзведзь занесены ў Чырвоныя кнігі Беларусі, Польшчы, Літвы, Латвіі. У Еўропе ён з’яўляецца самым буйным прадстаўніком атраду драпежнікаў.