У вёсцы Плябанцы (ды як, уласна кажучы, у любой іншай) усе пра ўсіх ведаюць. Вось і герояў гэтага артыкула падказалі мясцовыя жыхары. “Напішыце, — кажуць, — пра іх: такія яны добрыя”. Сапраўды, Міхаіл Мікалаевіч і Марыя Міхайлаўна Букрабы – цікавыя людзі. Шмат гадоў ідуць па жыцці разам, уяўляючы сабой прыклад непарушнай і моцнай, як алмаз, сям’і.
Ён, да сустрэчы з ёй
Нарадзіўся “пры Польшчы”, у 1928 годзе, у Плябанцах у вялікай сялянскай сям’і вядомага на ўсю акругу майстра-ганчара. Да вайны паспеў скончыць чатыры класы польскай школы, а пасля яе – восем гадоў спасцігаў асновы навук у Пружанскай СШ №1.
Атрымаўшы на дваццацігоддзе пашпарт, адправіўся на тэрміновую службу. Абяцалі, што на Чарнаморскі флот. Але да Крыма маладых салдат не давезлі, павярнулі на Данбас, у шахтах якога і давялося ім працаваць на працягу ўсяго тэрміну разам з нямецкімі ваеннапалоннымі і моладдзю, вывезенай з Кёнігсберга і іншых гарадоў Усходняй Прусіі ў 1944 годзе.
У шахтах Міхаілу давялося перажыць завал, падчас якога ледзь не страціў абедзве нагі. Дадому салдат вярнуўся інвалідам. Але як толькі падлячыўся, адразу падаў заяву ў Гродзенскую школу машыністаў…
Яна, да сустрэчы з ім
Нарадзілася ў 1931 годзе, як тады казалі, за мяжой, у в.Слабодка Ушацкага раёна Віцебскай вобласці БССР. Вайну сустрэла дзесяцігадовай дзяўчынкай, паспеўшы скончыць толькі два класы школы. Перажыла вядомую “ўшацкую блакаду” партызанскай зоны і жахі дзіцячага канцлагера. Спальныя будкі з саломай, як для сабак, цяжкія насілкі з пяском і камянямі на будаўніцтве вузкакалейкі і брушны тыф, з-за якога паляглі ў зямлю сотні дзяцей, успамінаюцца да гэтага часу. Таксама памятае Маша цяпло і клопат літоўскай гаспадыні, якая на станцыі Казлова Руда зняла паўжывых дзяцей з вагона цягніка, што ішоў у Германію.
Пазней з песняй “Широка страна моя родная” ў літоўскае паселішча ўвайшлі савецкія атрады. І пасля працяглых допытаў накшталт: «Ці добра да вас ставіліся гэтыя літоўцы?» — дзяцей адправілі на ўсход, на родную Віцебшчыну, дзе нават чатырнаццацігадовых падлеткаў прымушалі працаваць у калгасах за «палачкі»-працадні.
Ненадоўга Маша затрымалася там — збегла ў Гродзенскую вобласць, дзе ўладкавалася на тарфяны завод. А пазней, нават без усялякіх дакументаў, была прынята ў ФЗВ — фабрычна-заводскае вучылішча. Потым пайшла ў тэхнікум, пасля заканчэння якога камсамолка і актывістка добрасумленна працавала майстрам аддзелачнага ўчастка на абутковай фабрыцы і нават прыняла ўдзел у арганізацыі сельгасарцелі “Камсамолец” у г. Масты, пад Гродна.
Сустрэча на Нёмане
Сустрэліся Міша і Маша на танцах у клубе пры школе машыністаў. «Вунь той святлафор на цябе глядзіць», – жартавалі сяброўкі з высокага юнака, які вачэй не зводзіў з прыгажуні Марыі. Не дзіўна! Яе ясныя блакітныя вочы і прыгожыя валасы – каса ніжэй пояса і буйныя завіткі, што адцянялі твар, – не пакідалі хлопцаў абыякавымі. Але толькі ў Мішы хапіла смеласці запрасіць яе на танец:
– Давайце знаёміцца! Я Міхаіл Мікалаевіч!
– Ах, якая Ваша Вялікасць! – засмяялася Маша і закружылася ў вальсе з маладым чалавекам. Яны танцавалі ўвесь вечар… І толькі праз гады Марыя Міхайлаўна прызнаецца, што яна адразу вылучыла юнака з натоўпу:
– Я была вельмі прадбачлівая. Кругом столькі пустазвонаў, а гэты, адразу відаць было, – надзейны. Вясковы хлопец, працавіты, з такім не прападзеш…
Вяселле
Распісаліся ў 1952 годзе. Яна родам з СССР, ён – з Польшчы. Як жартавалі тады сябры: пажаніліся замежнікі.
Сяброўкі прыгатавалі вядро вінегрэту, а брат маладой прынёс кошык грыбоў. Так сціпла і адсвяткавалі вяселле. Сукенкі белай не было, ружаватым святочным уборам падзялілася сяброўка.
Першапачаткова маладыя жылі ў інтэрнаце. А потым — у новабудоўлі, у фінскім доміку, дзе маладой перспектыўнай сям’і выдзелілі пакой. Але абжыць яго не паспелі: неўзабаве пасля заканчэння школы машыністаў Міхаіла накіроўваюць у Гомель. Марыя звальняецца з любімай працы і едзе ўслед за ім – у невядомасць.
Да Чарнобыльскай «зоркі»
Не адзін дзясятак гадоў Міхаіл Мікалаевіч прапрацаваў у лакаматыўным дэпо г. Гомеля, на пасажырскіх цягніках. Пачынаў з памочніка машыніста, а потым больш за 30 гадоў працаваў галоўным машыністам. Быў абраны нават дэпутатам гарсавета.
– Я быў знаходлівым і лічыўся ўдачлівым, – успамінае былы машыніст. – Можна сказаць, нейкія рэчы «бачыў наскрозь», заўважаў усе нюансы і, як казалі мае кіраўнікі, «прыцягваў» поспех да справы. Таму і пасылалі мяне ўсюды, дзе патрабаваліся рашучыя дзеянні. Рэйс у Хабараўск – я, у Ніжні Ноўгарад – я, у Кіеў – я. Па ўсім Савецкім Саюзе вандраваў па рэйках!
А Марыя Міхайлаўна гадавала двух сыноў і чакала мужа з далёкіх паездак. І ў такіх цяжкіх бытавых умовах, што не можа перадаць словамі:
– Пэўны час жылі ў маленькім пакойчыку, які абаграваўся печкай-«буржуйкай»: рукам цяпло, а ногі мерзнуць. Без вады. Едзе муж у камандзіроўку, а ўся форма ў мазуце – не адмыць! З’язджае, я з галавой накрываюся і плачу: як ён там, на гэтым паравозе? Дапамажы яму, Божа!
Гэта пазней дэпутату выдзелілі малагабарытную кватэру ў «хрушчоўцы», стала лягчэй… Ды выбухнуў Чарнобыль, і сям’я рушыла на малую радзіму Міхаіла.
У Плябанцы Міхаіл Мікалаевіч прыехаў першым, можна сказаць, у разведку. Уладкаваў дом, абзавёўся вялікай гаспадаркай. А Марыя Міхайлаўна яшчэ трохі папрацавала брыгадзірам на трыкатажнай фабрыцы. Толькі пазней далучылася да мужа. Давялося перажыць ёй лёгкія насмешкі аднавяскоўцаў: маўляў, не справіцца гамяльчанцы-гараджанцы з гэтымі каровамі ды агародамі. А яна справілася. Працавала так, што ўсе здзіўляліся: калі яна спіць?!
Раскрытыя сакрэты
Зараз ужо здзіўляюцца іншаму: як Букрабам удалося пражыць побач 65 гадоў, у чым сакрэт іх моцнай сям’і? Пацікавілася і я.
Першы сакрэт сумеснага «доўгажыхарства» аказаўся ў абсалютнай ахвярнасці. Усё сваё жыццё Міхаіл і Марыя Букрабы клапаціліся перш за ўсё пра дзяцей, унукаў і праўнукаў і толькі ў апошнюю чаргу — пра сябе. На жаль, іх малодшы сын да сённяшняга дня не дажыў. Чатыры ўнукі, дзве ўнучкі і два праўнукі жывуць далёка, у Гомелі, але, нягледзячы на адлегласць, адчуваюць любоў і клопат бабулі з дзядулем.
Па жыццёвых абставінах ім даводзілася часта расставацца адзін з адным. Міхаіл ад’язджаў у далёкія камандзіроўкі, Марыя, якая была на працы на вельмі добрым рахунку, атрымлівала пуцёўкі ў санаторыі, была і ў Балгарыі, і ў Чэхаславакіі. Але — гэта другі сакрэт — заўсёды яны захоўвалі вернасць адзін аднаму, пераадольвалі ўсе спакусы, якія з’яўляліся на шляху, і вярталіся дадому. «Сям’я мая – крэпасць мая» – аднадушна заяўляюць сёння плябанцаўскія юбіляры.
І сакрэт трэці — Букрабы ўсе пытанні і праблемы стараліся вырашаць разам. Ніколі не хлусілі адзін аднаму і ўсе адносіны будавалі на даверы і глыбокай павазе. У адзін кашалёк складвалі грошы, ніколі іх не дзялілі.
Але самы галоўны іх сакрэт — нягледзячы ні на якія цяжкасці, заўсёды ўсміхаліся адзін аднаму і лічылі сябе шчаслівымі людзьмі.
Алена ЗЯЛЕВІЧ.