Понедельник, 28 апреля 2025

Мінпрыроды: Савет Еўропы ігнаруе заклікі Беларусі спыніць будаўніцтва агароджы ў Белавежскай пушчы

127

Савет Еўропы ігнаруе заклікі Беларусі спыніць узвядзенне агароджы ў Белавежскай пушчы. Аб гэтым расказала на пасяджэнні круглага стала ў прэс-цэнтры БЕЛТА намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення экалагічнай палітыкі, міжнароднага супрацоўніцтва і навукі — начальнік аддзела міжнароднага супрацоўніцтва Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ларыса Лукіна.

Намеснік начальніка расказала, што ў снежні мінулага года прадстаўнікі ведамства прынялі ўдзел у 41-м пасяджэнні Пастаяннага камітэта Бернскай канвенцыі, на якім паведамілі ўдзельнікам міжнароднага дагавора аб сітуацыі з будаўніцтвам Літвой і Польшчай інжынерных збудаванняў уздоўж дзяржаўных граніц з Беларуссю. Праз два месяцы ў Сакратарыят Бернскай канвенцыі Мінпрыроды накіравала скаргу наконт будаўніцтва агароджы ў Белавежскай пушчы.

У сакавіку 2022 года ў адрас генеральнага дырэктара Савета Еўропы па пытаннях дэмакратыі Сняжаны Самарджыч-Маркавіч было адпраўлена пісьмо з подпісам міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэя Худыка з просьбай ініцыяваць перад Саветам Еўропы разгляд пытанняў аб правядзенні аператыўнага маніторынгу гэтай сітуацыі, а таксама даць прававую ацэнку дзеянням Польшчы ў частцы выканання патрабаванняў, выкладзеных у Бернскай канвенцыі.

6-7 красавіка адбылося пасяджэнне бюро канвенцыі, дзе прымаліся адміністрацыйныя і арганізацыйныя рашэнні адносна рэалізацыі міжнароднага дагавора дзяржавамі-ўдзельніцамі. Аднак пасля ўсіх намаганняў ведамства на гэтым пасяджэнні пытанне аб будаўніцтве агароджы на тэрыторыі аб’екта сусветнай спадчыны не было ўключана ў парадак дня. «Гэта выклікае асаблівае недаўменне з улікам таго, што рабочы орган міжнароднага дагавора ў сваім дакладзе, прынятым па выніках пасяджэння ў лютым, указаў, што пагроза, якую ўяўляе сабой агароджа, выходзіць далёка за межы Белавежскай пушчы, і звярнуўся да бюро Пастаяннага камітэта з просьбай ацаніць магчымае негатыўнае ўздзеянне агароджы ўздоўж усёй беларуска-польскай граніцы, — адзначыла Ларыса Лукіна. — Таксама ў адрас Цэнтра Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА накіравалі пісьмо з просьбай звярнуць увагу польскага боку на неабходнасць выканання ўзятых міжнародных абавязацельстваў і заклікаць Польшчу спыніць узвядзенне загараджальнага збудавання».

Ужо на больш высокім узроўні гэта пытанне ўзняў Андрэй Худык у час Пятай асамблеі Праграмы ААН па навакольным асяроддзі, а таксама спецыяльнай сесіі асамблеі. У сваім відэазвароце ён прыцягнуў увагу ўдзельнікаў да сітуацыі з будаўніцтвам агароджы ў Белавежскай пушчы.

Канвенцыя ЮНЕСКА аб ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны і Канвенцыя Савета Еўропы аб ахове дзікай фаўны і флоры і прыроднага асяроддзя ў Еўропе (Бернская канвенцыя) прадугледжваюць абавязак дзяржаў-удзельніц не прымаць якіх-небудзь наўмысных дзеянняў, якія маглі б нанесці непасрэдна або ўскосна ўрон клуьтурнай і прыроднай спадчыне, размешчанай на тэрыторыі іншых дзяржаў — бакоў, а таксама ўлічваць патрэбнасці захавання раёнаў, якія знаходзяцца пад абаронай, каб пазбегнуць любой дэградацыі такіх раёнаў або, наколькі гэта магчыма, звесці яе да мінімуму.

БелТА

Фота Кацярыны Масік