Суббота, 12 октября 2024

Міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган павіншаваў з Днём ведаў вучняў Ліноўскай СШ (+ многа фота і відэа)

378

Раніца 1 верасня для ўсіх вучняў беларускіх школ пачалася з урачыстай лінейкі.

Летняя пара праляцела імгненна. Закончыліся самыя доўгія канікулы — і зноў прыйшоў час ісці ў школу. Для першакласнікаў гэты дзень асаблівы, яны становяцца вучнямі, адпраўляюцца ў такую цікавую, разнастайную краіну ведаў. Для будучых выпускнікоў такое ўжо не паўторыцца ніколі.

У Ліноўскай сярэдняй школе 1 верасня панаваў асаблівы настрой. На свята прыехала шмат гасцей, а гэта: міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган, старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, дырэктар Брэсцкага філіяла РУП «Белпошта» Валянціна Пух, намеснік старшыні райвыканкама Святлана Ханавец, начальнік аддзела па адукацыі Ірына Казарэз і іншыя.

Пасля таго, як адгучалі апошнія акорды Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь, словы якога спявалі ўсе прысутныя, вядучая прадаставіла слова Міністру сувязі і інфарматызацыі Канстанціну Шульгану. У сваім звароце да прысутных Канстанцін Канстанцінавіч адзначыў, што вельмі прыемна бачыць сабраўшыхся адзінай сям’ёй. Тыя веды, якія атрымліваюць у школе, трэба прымяніць належным чынам у жыцці, каб не давялося шкадаваць пра дарма праведзеныя гады.

Добрыя словы сказаў Міністр у адрас настаўнікаў, бацькоў. Пажадаў, каб толькі разам прыклалі намаганні для выхавання сапраўдных патрыётаў Радзімы, якая робіць усё, каб нашы дзеці атрымалі патрэбныя веды і выхаванне. Як кіраўнік такой спецыфічнай галіны, як інфарматызацыя, Канстанцін Шульган пажадаў: «Няхай веды, што атрымаеце ў школе, спатрэбяцца ў жыцці для развіцця новых інфармацыйных тэхналогій. Каб наша краіна ганарылася спецыялістамі, прафесіяналізм якіх запатрабаваны далёка за яе межамі».

Канстанцін Канстанцінавіч уручыў своеасаблівы падарунак — карціну з маркамі. Пры навядзенні на іх сканера мабільнага тэлефона яны нібыта ажываюць і расказваюць аб гістарычным мінулым, якому прысвечана марка. Абмовімся, што цуд здараецца толькі тады, калі ўстановіш на тэлефон адпаведную праграму.

Павіншаваў з Днём ведаў усіх прысутных, звярнуўся да вучняў і іх настаўнікаў старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч. Міхаіл Міхайлавіч адзначыў, што гэтае свята адкрывае навучальны год, першым званком вяртае да звыклага рытму школьнага жыцця, далучае да актыўнага вывучэння навакольнага свету. Добрая традыцыя — адзначаць першы дзень новага навучальнага года аб’яднаннем розных пакаленняў, што асабліва запатрабавана ў Год гістарычнай памяці. «Нам, дарослым, гэтае свята напамінае аб школыных і студэнцкіх гадах, старых таварышах, шчаслівай пары дзяцінства, юнацтва. А для вас, дзеці, гэта чарговы крок да вяршыняў ведаў, сустрэчы з сябрамі, любімымі настаўнікамі», — сказаў Міхаіл Грышкевіч. Ён адзначыў, што асаблівая ўвага ва многіх кутках нашай рэспублікі ўдзяляецца яе маленькім жыхарам, якія ўпершыню пераступілі парог школы. Міхаіл Міхайлавіч пажадаў, каб у сценах гэтай школы рэалізоўваліся ўсе добрыя мары, а ўрокі падарылі радасць зносін, здзіўляючых адкрыццяў.

Асаблівую ўвагу ў сваім выступленні кіраўнік раёна ўдзяліў выпускнікам, бо важным і вызначальным у выбары прафесіі будзе гэты навучальны год. Адукацыя, веды і вопыт асабліва запатрабаваны ў сучасным грамадстве. Беларусь ідзе па шляху мадэрнізацыі і інавацыйнага развіцця. Народнай гаспадарцы патрэбны высокакваліфікаваныя спецыялісты, якія ўмеюць мысліць творча, знаходзіць рацыянальныя рашэнні. Таму неабходна рупліва вучыцца, спазнаваць новае, імкнуцца да сваёй мары.

Міхаіл Грышкевіч выказаў таксама словы ўдзячнасці педагогам школы, якія сваім прыкладам фарміруюць у вучнях пачуцці патрыятызму і гонару за Айчыну. Немалая роля ў гэтым належыць і бацькам, якія сваімі намаганнямі павінны выхавацАь сапраўдных грамадзян нашай радзімы. Дарэчы, райвыканкам сёлета выдзеліў грашовыя сродкі на рамонт спартыўнай залы. Школе Міхаіл Міхайлавіч падарыў тэлевізар і спартыўны інвентар.

Былі і ншыя прамоўцы, якія выказвалі мноства пажаданняў. А Паштальён Печкін кожнаму класу прынёс паштоўкі, якія вучні могуць паслаць сваім родным, знаёмым, сябрам.

Прагучаў школьны званок, які з гонарам далі самыя маленькія вучні, — і дзеці разышліся па класах.

А Канстанцін Шульган пабываў у першаклашак, да якіх звярнуўся з добрымі словамі, асобна павіншаваў з пачаткам школьнай пары, якая працягнецца 11 гадоў. Канстанцін Канстанцінавіч уручыў дзецям кнігі «Беларусь — наша Радзіма. Падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі першакласніку», а таксама партфельчыкі са школьнымі прыналежнасцямі.

Пасля лінейкі для старшакласнікаў пачалася трансляцыя адкрытага ўрока «Гістарычная памяць — дарога ў будучыню», які правёў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.

Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік.

Фотаальбомы з лінейкі можна знайсці ў нашых групах: https://vk.com/album-23306785_286192201 і https://ok.ru/budni/album/946332480136