Четверг, 17 апреля 2025

Міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук выступіў перад пружанскімі спартсменамі

3 475

У рамках Адзінага дня інфармавання Пружанскі раён наведаў міністр спорту і турызму Рэспублікі Беларусь. Трэба адзначыць, што гэта не першы рабочы візіт міністра на Пружаншчыну. Апошняя шчырая размова з неабыякавымі да спорту пружанцамі адбылася два гады таму. Падчас яе міністру было зададзена шмат пытанняў, на сённяшні дзень яны часткова вырашаны.


У прыватнасці, Сяргей Міхайлавіч нагадаў, што спартыўны інвентар атрымала ДЮСШ №1, а ў СШ №1 імя ЧБВА ў рамках сацыяльнага праекта «Bonfesto — дзецям» пабудавана міні-футбольная пляцоўка. Як адзначыў міністр, Пружаны – адзіны ў рэспубліцы раёны цэнтр, дзе функцыянуе ажно дзве такія пляцоўкі.


Было ўзнята на сустрэчы і вострае пытанне – аб заработнай плаце супрацоўнікаў спартыўных школ. З 1 студзеня 2021 года ў зарплатах трэнераў 1-й, 2-й і вышэйшай катэгорый існуе адчувальная розніца (і яна будзе павялічвацца), а значыць, кожны трэнер зацікаўлены ў павышэнні кваліфікацыі і добрых выніках сваіх падапечных. Спартсмены пагадзіліся, што падобная дыферэнцыяцыя дае пэўныя стымулы, але ў той жа час заробак адміністрацыйных работнікаў спартыўных школ так і застанецца нязменным.


—Як можна дапамагчы людзям, ад добрай работы якіх таксама залежаць спартыўныя вынікі? — спытаў намеснік старшыні райвыканкама Р.В. Супрыновіч. Але пазіцыя міністра засталася непахіснай:
— Дзяржава дала ўсё неабходнае, а ўсё астатняе ў руках адміністрацыі спартыўных устаноў. Вобразна кажучы, мы далі ў рукі вуду, а ваша задача – здабыць улоў. Павышэнне зарплат магчыма толькі з прыбытку, з уласна заробленых грошай, а не тых, што мы бяром у падаткаплацельшчыкаў.


Дырэктар Брэсцкай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву прафсаюзаў па відах барацьбы П. П. Хацько адрасаваў міністру пытанне пра “добраахвотныя” ўзносы за ўдзел у спаборніцтвах па таэквандо. Пётр Пятровіч адзначыў, што гэта — адзіны від спорту, дзе такое практыкуецца на лакальных спаборніцтвах, а самі ўзносы па кішэні не ўсім бацькам. Адказ міністра быў кароткім, але абнадзейваючым:
— Мы вас пачулі. Нават больш чым проста пачулі.

Сяргей Міхайлавіч падкрэсліў:
— Усе пытанні, што ўздымаюцца на нашых сустрэчах, мы чуем і паступова вырашаем, уводзім і прымяняем. Але не ўсё адразу. Калі вы сёння па нейкіх прычынах не задалі сваё пытанне, то заўсёды можаце задаць яго асабіста мне ў любы дзень.


Падрабязна міністр расказаў аб праекце «Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021-2025 гады», у якім прадугледжаны такі варыянт, як будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчых цэнтраў у маленькіх раёнах за кошт крэдытаў.
— Такія ўстановы павінны з’явіцца ў кожным райцэнтры, — запэўніў ён.


Таксама ў бліжэйшы час павінны быць сфарміраваны абласныя зборныя па кожным відзе спорту. Гэта дасць шанец маладым спартсменам, якія не трапілі ў нацыянальную зборную, удасканальваць сваё майстэрства, а члены зборных будуць ведаць, што змена ім ужо падрыхтавана. Усё разам гэта павінна даць выдатныя спартыўныя вынікі.


Асобна спыніўся Сяргей Міхайлавіч і на тых спартыўных выніках, якія сёння, напярэдадні Алімпійскіх гульняў, паказваюць беларускія спартсмены. Выдзеліў міністр і ТОП-5 самых перспектыўных летніх відаў спорту, на якія ўскладзены асаблівыя надзеі: грэбля, лёгкая атлетыка, скачкі на батуце, сучаснае пяцібор‘е і плаванне.
Шмат часу было аддадзена абмеркаванню таго, як спартыўная галіна адрэагавала на палітычныя падзеі мінулага года. Па меркаванні міністра, многія спартсмены сталі проста інструментам у чужых руках, некаторыя ўжо зразумелі гэта і вярнуліся да трэніровак, якія фінансуе дзяржава.


— Перш чым нешта сказаць, а тым больш, зрабіць – падумайце, прааналізуйце. А калі вам не хапае вопыту і ведаў, запытайце ў таго, хто разбіраецца ў тэме, — падсумаваў міністр спорту і турызму.
Кацярына Пашкевіч, Кацярына Масік (фота).