9 чэрвеня з рабочай паездкай Пружаны наведаў міністр па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь Сяргей Налівайка. Мэтай паездкі было правядзенне прыёму грамадзян і юрыдычных асоб, а таксама сустрэча з калектывам Пружанскай інспекцыі па падатках і зборах.
Перад пачаткам прыёму міністр адказаў на некалькі пытанняў.

— Сяргей Эдуардавіч, раскажыце пра самыя значныя заканадаўчыя акты, якія былі прыняты апошнім часам.
— Не памылюся, калі скажу, што самым значным было ўвядзенне новага інстытута плацельшчыкаў, механізма падаткаабкладання — падатак на прафесійны прыбытак. Ён дае магчымасць фізічным асобам выконваць свае падатковыя абавязацельствы, выкарыстоўваючы лічбавую платформу. Амаль 60 тысяч фізічных асоб ужо скарысталіся гэтай магчымасцю, ажыццяўляюць падатковыя плацяжы, вядуць падатковы ўлік. Я ўпэўнены, што такая паслуга будзе і далей запатрабавана.
— Калі прыязджаеце ў рэгіёны, ведзяце прыёмы, з якімі пытаннямі часцей за ўсё да Вас звяртаюцца?
— Як правіла, на прыём звяртаюцца тыя, хто не згодны з вынікамі праверак, падвяргае сумненню правільнасць налічэння маёмасных падаткаў. Але, прызнаюся, што ў апошнія часы ўсё менш узнікае падобных непаразуменняў. Расце падатковая культура ў людзей, больш зразумелай становіцца працэдура налічэння падаткаў, улічваючы тое, што зараз усё аўтаматызавана.
— Сяргей Эдуардавіч, ці можа Пружанскі раён лічыцца прыкладам выплаты падаткаў, ці ёсць тут свае нюансы?
— Не, нюансаў ніякіх няма. Заканадаўства для ўсіх адзінае. А з пункту гледжання наогул арганізацыі работы інспекцыі па Пружанскім раёне, ды і ўсёй падатковай службы Брэсцкай вобласці, то ўсё тут наладжана на высокім узроўні.
Гутарыў Віктар Ільюшчанка. Фота аўтара