7 чэрвеня Пружанскі лясгас з рабочым візітам наведаў міністр лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Кулік. Таксама ўдзел у паездцы прыняў генеральны дырэктар Брэсцкага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Анатоль Леванюк.
Першым месцам іх наведвання сталі дрэваапрацоўчы цэх і пелетны завод у вёсцы Слабудка. Кіраўнік лясной галіны азнаёміўся з вытворчасцю.
На пелетным заводзе, які аднавіў работу сёлета, Аляксандр Кулік ацаніў якасць паліўных гранул.
Не засталіся па-за ўвагай міністра і людзі, якія працуюць на вытворчасці. Аляксандр Антонавіч задаў некалькі пытанняў, на якія пачуў адказ, што заробак у лясгасе годны і графік працы зручны.
Падвядзенне вынікаў паездкі адбылося на сустрэчы з працоўным калектывам Пружанскага лясгаса. На ім аб дзейнасці лясгаса і яго паказчыках усіх прысутных азнаёміў дырэктар установы Віктар Карніенка. Галоўным на сустрэчы стала пытанне аб стабілізацыі фінансавага становішча лясгаса. У абмеркаванні прынялі ўдзел Аляксандр Кулік, Анатоль Леванюк, ляснічыя розных падраздзяленняў Пружанскага лясгаса, галоўныя спецыялісты. Размова атрымалася працяглай, сярод шэрага прапаноў знайшліся варыянты, з якімі пагадзіліся ўсе. Міністр заклікаў калектыў лясгаса павялічыць долю рэалізацыі лесаматэрыялаў на ўнутраным рынку, а таксама даручыў лясгасу вывучыць вопыт калег па вырабе дамакамплектаў і стаць яшчэ адной установай, якая будзе займацца гэтай дзейнасцю. Абумоўлена гэта тым, што попыт на дамакамплекты ўнутры краіны значна вырас. І гэта выдатная магчымасць зарабіць самім і задаволіць попыт грамадзян.
— Сёння па шэрагу паказчыкаў вы адступілі нават да мінулага года. Але ж гэты калектыў дамагаўся зусім іншых паказчыкаў у працы. Я бачу выхад з сітуацыі, якая склалася, — патэнцыял у Пружанскага лясгаса ёсць. І за кожным вынікам стаіць камандная работа, — сказаў Аляксандр Антонавіч.
Таксама міністр акцэнтаваў увагу на вырошчванні пасадачнага матэрыялу. Заклікаў кіраўніцтва лясгаса больш дэталёва працаваць над гэтым пытаннем. Міністр прапанаваў адразу пасля сустрэчы з працоўным калектывам праехаць у суседні Кобрынскі доследны лясгас на гадавальнік, каб пераняць неабходны вопыт у калег, якія не першы год паказваюць цудоўныя рэзультаты ў гэтай справе. З гэтай прапановай пагадзіліся і дырэктар, і галоўны ляснічы нашай лесагаспадарчай установы.
Сустрэча з калектывам Пружанскага лясгаса скончылася на аптымістычнай ноце. Прысутныя ўбачылі выхад з сітуацыі, якая склалася, цяпер усё запланаванае трэба ажыццявіць на практыцы.
Руслан Басак.
Фота аўтара