Суббота, 12 июля 2025

«Мільярд далёка не мяжа». Лукашэнка аб перспектывах супрацоўніцтва з Бранскай вобласцю

78

Дасягненне мільярда долараў тавараабароту паміж Беларуссю і Бранскай вобласцю — гэта далёка не мяжа. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з губернатарам Бранскай вобласці Расіі Аляксандрам Багамазам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы вітаў кіраўніка расійскага рэгіёна ў Мінску, адзначыўшы, што ў ліпені мінулага года ў Александрыі ў іх ужо адбылася кароткая сустрэча на свяце «Купалле». Акрамя таго, Аляксандр Багамаз даволі часта наведвае Гомельскую вобласць. Паводле слоў Прэзідэнта, ён даручыў губернатару гэтай вобласці Івану Крупко больш цесна супрацоўнічаць з Бранскай вобласцю. «Я інфармаваны, што ў вас добрыя ўстанавіліся кантакты. Я гэта вітаю, усяляк буду падтрымліваць», — сказаў беларускі лідар.

Пра даўнія чалавечыя сувязі і добрасуседства

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Браншчына для Беларусі — адзін з самых блізкіх рэгіёнаў Расіі. І калі ў 1990-х гадах быў няпросты час, не хапала сельскагаспадарчай тэхнікі, Беларусь і Бранская вобласць прыходзілі на дапамогу адна адной. «Яшчэ з савецкіх часоў у нас самыя цёплыя і дружалюбныя, добрыя, брацкія адносіны паміж нашымі народамі. Дзякуй богу, што мы не начарцілі граніцу, праз якую трэба праходзіць і ствараць нязручнасці для нашых людзей, як гэта здарылася з Польшчай, краінамі Балтыі, яшчэ горш — з Украінай», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Даўнія гістарычныя і чалавечыя сувязі паміж Беларуссю і Бранскай вобласцю вельмі трывалыя і шматгранныя, канстатаваў Прэзідэнт. «У поўнай меры ўсё гэта датычыцца і іншага нашага бліжэйшага суседа — Чарнігаўскай вобласці Украіны. На граніцы трох рэспублік заўсёды панаваў дух добрасуседства, дружбы і супрацоўніцтва, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Цяпер усё наадварот, на жаль. У гэтай сітуацыі беларусы абсалютна салідарныя з вамі, суперажываюць, гатовы дапамагчы ўсім, чым толькі мы можам».

Пра гандаль на мільярд і прампраекты

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў аснове вырашэння цяперашніх і магчымых будучых праблем ляжыць эканоміка: «Як гаварылі ў савецкія часы: ёсць эканоміка, вытворчасць — і партыйная, і камсамольская, і прафсаюзная работа дабавяцца. Так яно ёсць і цяпер».

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў 2020 годзе ставілася задача ўзняць тавараабарот Беларусі і Бранскай вобласці да аднаго мільярда ў доларавым эквіваленце. «У мінулым годзе мы крыху знізілі (тэмп росту тавараабароту. — Заўвага БЕЛТА) па розных прычынах, дзесьці $800 млн, крыху больш (склаў тавараабарот за 2023 год. — Заўвага БЕЛТА). У гэтым годзе мы поўныя рашучасці аднавіць гэту лічбу», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

«Думаю, нікога не трэба пераконваць, што мільярд далёка не мяжа. І галоўны рэзерв — рэалізацыя буйных кааперацыйных прамысловых праектаў», — прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. У якасці прыкладу такога ўзаемадзеяння ён прывёў супрацоўніцтва з Бранскай вобласцю беларускіх машынабудаўнічых флагманаў — «Амкадора» і «Гомсельмаша», якія арганізавалі ў гэтым расійскім рэгіёне свае вытворчасці.

«Мы гатовы далей развіваць гэты вопыт, у тым ліку стварэнне ў Бранскай вобласці іншых прадпрыемстваў па вырабе тэхнікі, матэрыялаў, абсталявання — усяго, што вам спадабаецца і мы зможам», — адзначыў Прэзідэнт.

Пра сумесныя перспектывы ў аграрнай сферы

Размова ішла таксама пра супрацоўніцтва ў сферы сельскай гаспадаркі, і тут, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, бакам ёсць чаму павучыцца адзін у аднаго. Тым больш што землі і кліматычныя ўмовы падобныя.

«Мы ведаем, што Браншчына лідзіруе (у Расіі. — Заўвага БЕЛТА) у выпуску асобных відаў сельгаспрадукцыі і ставіць рэкорды па ўраджайнасці бульбы, збожжавых (жыта, трыцікале, у прыватнасці). На добры ўзровень у вас выйшла жывёлагадоўля. Для нас гэта таксама адзін з прыярытэтаў і шырокае поле для сумеснай дзейнасці», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што ў планах расійскай дэлегацыі на чале з Аляксандрам Багамазам наведванне Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі — унікальнага вытворчага комплексу, дзе вырабляюцца якасныя кармы для жывёл, а ў перспектыве пачнецца выпуск ветэрынарных прэпаратаў і абсталявання для жывёлагадоўлі.

«Гатовы пашыраць пастаўкі прадуктаў харчавання і іншых тавараў, абсалютна не перашкаджаючы вашым вытворцам і не канкурыруючы з вамі. Трэба аб’яднаць нашы магчымасці на неабсяжным беларуска-расійскім рынку», — прапанаваў кіраўнік дзяржавы.

Вялікія перспектывы, паводле яго слоў, мае таксама і навуковае супрацоўніцтва ў аграпрамысловай сферы. «Насенняводства, выпрабаванні сартоў раслін, селекцыйная работа — гэта тое, што ўжо робяць нашы вучоныя ў рамках узаемадзеяння з Бранскай вобласцю. Хацелася б, каб гэтыя сумесныя праекты павялічваліся, але з максімальнай арыентацыяй на практыку», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пра супрацоўніцтва ў будаўніцтве

Перспектыўным бачыцца таксама супрацоўніцтва ў будаўнічай сферы, тым больш такі вопыт ужо ёсць. «Вы добра ведаеце, як працуюць беларускія будаўнікі. У мінулым годзе рэалізаваны інвестпраект па будаўніцтве 16-павярховага жылога дома ў Бранску. Калі вас задавальняюць нашы будаўнікі, мы будзем з вамі ў гэтым плане і далей супрацоўнічаць. Ведаю па перагаворах з Прэзідэнтам Расіі — велізарныя задачы стаяць у будаўніцтве. Ад дарог да будаўніцтва культурных, прамысловых аб’ектаў, у тым ліку і перш за ўсё жылля», — сказаў Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу, што Беларусь гатова падключыцца да рэалізацыі праектаў у будаўніцтве, тым больш што гэта выгадна і ўжо ёсць вопыт такога супрацоўніцтва з іншымі расійскімі рэгіёнамі.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь гатова прапанаваць паслугі ў капітальным рамонце жылля і будынкаў, будаўніцтве дарог, праектаванні і правядзенні інжынерных пошукаў. Акрамя таго, ёсць кваліфікаваныя спецыялісты, высакаякасная тэхніка і абсталяванне для сфер водазабеспячэння, водаачысткі, ацяплення, перапрацоўкі смецця.

Пра адраджэнне чарнобыльскіх тэрыторый

У ліку перспектыўных сфер узаемадзеяння Аляксандр Лукашэнка назваў пераадоленне наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, ад якой Браншчына пацярпела гэтак жа, як і Беларусь.

«Мы займаемся адраджэннем гэтых тэрыторый (вы ведаеце нашы праграмы), стварэннем нармальных умоў для жыцця людзей. Ёсць унікальныя методыкі, распрацоўкі. Калі яны для вас цікавыя, мы гатовы супрацоўнічаць», — сказаў Прэзідэнт.

«Гатовы выслухаць усе вашы прапановы і пры неабходнасці прыняць адпаведныя рашэнні», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

БЕЛТА