Вторник, 8 октября 2024

Мілы сэрцу куток — Кабылаўка. Як аграгарадок свята адзначыў (+фота)

578

«Жыццё раскідвае нас у розныя куткі зямлі. Але дзе б мы ні апынуліся, наш родны пасёлак заўсёды будзе для нас тым светлым агеньчыкам, які сваім яркім святлом кліча на малую радзіму», — такімі словамі віталі тых, хто сабраўся на свята аграгарадка Кабылаўка «Мілы сэрцу куток», вядучыя Галіна Блеянюк і Таццяна Харытановіч.

Сімвалічна, што ў аграгарадку традыцыйна адзначаюць дзень нараджэння якраз напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Сапраўды, мы шчаслівыя, калі квітнее наша маленькая радзіма, але шчаслівыя ўдвая, калі мір і згода, стабільнасць і ўпэўненасць у заўтрашнім дні пануюць у роднай краіне. Пра гэта казала падчас віншавання старшыня Хараўскога сельвыканкама Алёна Пстыга.

Алёна Рыгораўна ўручыла падарункі шматдзетным сем‘ям Марыі і Вадзіма Чарапенька, якія выхоўваюць пяцёра дзяцей (Марыя Вячаславаўна ў 2019 годзе была ўзнагаро-джана ордэнам Маці), а таксама Марыны і Андрэя Гардзіеўскіх і Вікторыі і Сяргея Юхнікаў, дзе па трое дзетак.

Менавіта дзеці — і будучыня маладога аграгарадка, і яго сённяшні дзень. Так, населены пункт з добра развітай інфра-структурай, дзе пражывае амаль 500 жыхароў, бадай, самы юны ў раёне: усяго 37 гадоў таму на месцы звычайнага хутара з некалькімі хатамі пачалося будаўніцтва новых дамоў і вытворчых аб‘ектаў. Сюды з‘ехаліся навасёлы з іншых куткоў раёна і з-за яго межаў, якія вырашылі: гісторыю мяняць не трэба, так што назву былога хутара пакінулі без змяненняў.

А для тых, хто абжываў тутэйшыя мясціны, хто нарадзіўся тут і нарадзіў сваіх дзяцей, Кабылаўка стала самай роднай, самай прыгожай і ўтульнай. Пра гэта казала і намеснік дырэктара па вытворчасці філіяла «Айчына» ААТ «Белавежскі» Таццяна Вараб‘ёва, якая віншавала жыхароў, асноўная частка якіх працуе ў гаспадарцы. Кіраўніцтва філіяла, дарэчы, стала і асноўным спонсарам свята.

Традыцыйна падарункі ўручалі старэйшым жыхарам пасёлка. А самы шаноўны ўзрост мае Яўдакія Мікітаўна Клімашэвіч, якой сёлета споўніўся 101 год. Яна шмат гадоў працавала на дабрабыт роднай зямлі, а цяпер праслаўляюць сваім талентам родны край яе дачка Марыя Кулецкая і ўнучка Ірына Мамановіч, абедзве — народныя майстры Беларусі.

«Усяго» 85 гадоў яшчэ адной жыхарцы Кабылаўкі — Ніне Паўлаўне Клімашэвіч. Гэта цудоўны чалавек з добрай душой, які здзіўляе сваёй жыццёвай энергіяй і аптымізмам.

Павіншавалі ўсіх, хто сёлета адзначае юбілейныя даты сямейнага жыцця: сям‘ю Івана і Вольгі Гайковых — з рубінавым, Пятра і Алены Шыпукоў і Сяргея і Ніны Барадоўскіх — з каралавым, Сяргея і Людмілы Леўчукоў — з жамчужным, Мікалая і Людмілы Літвінчукоў — з сярэбраным вяселлем. Россыпам каштоўных камянёў гучалі галасы спевакоў, якія славілі юбіляраў.

Тых, хто адзначыў уласны юбілей, аказалася вельмі шмат. Назвалі і павіншавалі ўсіх — ад пенсіянераў да зусім юных. А самай-самай новай зорачкай, якая запалілася ў сузор‘і жыхароў Кабылаўкі, на сённяшні дзень з‘яўляецца Іван Песцераў.

Дарэчы, пра юных зорачак. Побач з сельскім Домам культуры размясціліся атракцыёны, дзе сабралася, напэўна, уся мясцовая дзятва. І дзяўчынкам, якія ўдзельнічалі ў канцэрце, напэўна, таксама хацелася пакатацца на горцы, пакідаць кольцы, пабавіцца разам са сваімі равеснікамі. Але Аляксандра Сакірка і Вераніка Базылевіч адчувалі груз адказнасці і прыгожа спявалі для сваіх землякоў.

Варта сказаць, што падчас свята не абмінулі ўвагай ніводную арганізацыю, ніводную службу аграгарадка. Цудоўныя словы і песні ў выкананні Кацярыны Радкевіч, Ларысы Скарбетавай, Людмілы Паўлючык, Людмілы Кукса, Анатолія Харытановіча гучалі ў адрас медыкаў і педагогаў, работнікаў сувязі і гандлю, камунальшчыкаў і пажарных. І, зразумела, тых, чые рукі вырошчваюць хлеб, гадуюць жывёлу, хто дабіваецца высокіх ураджаяў і добрых прываг і надояў. Пра-цвітання жадалі філіялу «Айчына», бо калі добра ідуць справы ў гаспадарцы — будзе дастатак у людзей і дабрабыт у пасёлку.

Чакаў жыхароў Кабылаўкі і сюрпрыз: у праграме было заяўлена выступленне гурта «Адрэналін» з Калядзіцкага СДК, але яго ўдзельніцы прыехалі не адны, а ў суправаджэнні тэатра моды «Таямніца», які прадэманстраваў дэфіле з кветкамі ружы.

Завяршылася мерапрыемства дыскатэкай.

Ірына Сядова. Фота аўтара

Фотаальбом: https://ok.ru/budni/album/964105721736