Суббота, 26 апреля 2025

Міліцэйскаму ўчастку ў Ружанах быць?

932

У Ружанах адбылася сустрэча жыхароў пасёлка са старшынёй Пружанскага райвыканкама Юрыем Юр’евічам Бісуном і прадстаўнікамі сілавых структур раёна. А папярэднічаў гэтаму калектыўны зварот, які паступіў дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандру Леўчуку. Пад ім было пакінута каля сямі дзясяткаў подпісаў, таму, згодна з заканадаўствам «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб», разглядацца ён павінен быў з выездам на месца.


Прычынай для правядзення сходу стала просьба жыхароў Ружан аднавіць у гарадскім пасёлку работу аддзялення міліцыі, якое тут было скасавана больш за дзесяць гадоў таму. Сёння замест былога пасялковага аддзялення міліцыі за правапарадак адказваюць участковыя. Аднак вось ужо каторы год частка такіх пасад застаецца вакантнай. Напрыклад, на момант правядзення сходу з чатырох участковых, прапісаных у штаце на Ружаншчыну, службу нёс толькі адзін. У сувязі з кадравай незабяспечанасцю назіраецца і незадаволенасць на рэагаванне на выклікі па нумары «102».

Як зазначыў заяўнік Ігар Чэблыкоў падчас сустрэчы, пытанне аказалася на парадку дня, у першую чаргу, па іншай прычыне — у пасёлку стала неспакойна: паводле яго слоў, негатыўна на крымінагенную абстаноўку ўплываюць прадстаўнікі нацыянальнай меншасці, якія тут пражываюць і маюць непасрэднае дачыненне да многіх «гучных» крымінальных спраў, што на працягу апошніх гадоў рэгістраваліся на тэрыторыі Ружанскага сельсавета.

Варта адзначыць, што кола абмяркоўваемых пытанняў людзі, якія сабраліся ў актавай зале Ружанскага сельвыканкама, значна пашырылі. Праблема дармаедства, працвітанне алкагалізму, адсутнасць рабочых месцаў, навядзенне парадку на могілках, дэфіцыт тавараў у гандлі, нараканні на месцазнаходжанне базарнай плошчы, доўгае чаканне «хуткай» па выкліку, якасць водаправоднай вады…

Забягаючы наперад, адзначу, на многія са шматлікіх пытанняў, якія проста пасыпаліся раённай уладзе, Юрый Юр’евіч Бісун даў адказы адразу. Ды і астатнія не застануцца без увагі: на бліжэйшы час запланавана правядзенне пасялковага сходу, на якім жыхары разам з мясцовай уладай будуць шукаць кансэнсус.


Хаця з многімі заўвагамі, у прыватнасці, кіраўнік мясцовай гаспадаркі ААТ «Ружаны-Агра» Андрэй Бурдук аказаўся нязгодны. «Нельга згадзіцца з тым, што ў Ружанах нічога не зроблена за апошнія гады. Колькі грошай укладзена толькі ў інфраструктуру?! — звярнуўся Андрэй Міхайлавіч да прысутных. — Што тычыцца адсутнасці рабочых месцаў, у нашым таварыстве, напрыклад, заўсёды патрэбны рабочыя рукі. Таму мы бачым цалкам адваротную карціну з працаўладкаваннем: гаспадарка вымушана арганізоўваць дастаўку работнікаў за 45-50 кіламетраў, каб запоўніць вакантныя месцы… Хачу сказаць і з нагоды добраўпарадкавання на Гродзеншчыне, якую тут ставілі ў прыклад па навядзенні парадку на могілках. Дык гэта заслуга насельніцтва, якое падтрымлівае там парадак, а не камунальнай службы…».


Для даведкі, у 2019 годзе падчас падрыхтоўкі г.п.Ружаны да правядзення «Дажынак» на добраўпарадкаванне і правядзенне работ было выдаткавана больш за 4,5 мільёна рублёў. У парадак прыведзена каля 130 розных аб’ектаў. У іх ліку і будынкі, дзе прайшлі капітальныя рамонты, і асфальтаванне дарог на 14 вуліцах і 4 завулках (у выніку сёння ў пасёлку 76,4% ад агульнай працягласці дарог маюць асфальтавае пакрыццё), уладкаванне і рамонт амаль 5000 квадратных метраў тратуараў, і рэканструкцыя больш як 13 кіламетраў паветраных ліній электраперадач, і многае іншае. Акрамя таго, з’явіліся і новыя аб’екты (напрыклад, новая артсвідравіна, узведзена некалькі тысяч квадратных метраў новай жылплошчы, у тым ліку мясцовай гаспадаркай)

Сустрэча атрымалася даволі эмацыянальнай. Жыхары чамусьці былі ўпэўнены ў тым, што іх зварот будзе праігнараваны. А выйшла ўсё наадварот. Напярэдадні правядзення сходу адбылася сустрэча з кіраўніцтвам Брэсцкага ўпраўлення ўнутраных спраў. І яно падтрымала ідэю стварэння ў Ружанах пасялковага ўчастка міліцыі.
«Абвінавачваць раённыя ўлады ў тым, што ім абыякава арганізацыя бяспекі ў пасёлку, не варта, — падагульніў Юрый Юр’евіч. — Але не трэба думаць, што праблема будзе вырашана імгненна». Жыхарам пасёлка паабяцалі ў бліжэйшы час заняцца гэтым пытаннем: трэба вызначыць, дзе размесціцца мясцовы пункт аховы правапарадку, разабрацца з яго ўкамплектаванасцю. Як хутка гэта будзе зроблена — пытанне часу.
Марына Вакульская, Кацярына Масік (фота).