Четверг, 19 июня 2025

Мікалай Сцяпанавіч Волчык пра лёсы вёсак Зеляневічы і Доўгае

333

Пра лёсы вёсак Зеляневічы і Доўгае Пружанскага раёна мы даведаліся ад чалавека, глыбока захопленага гісторыяй роднага краю, гісторыка-краязнаўцы Мікалая Сцяпанавіча Волчыка. Знахо-дзячыся пад уражаннем нашай сустрэчы, хочацца расказаць чытачу як мага больш цікавых гісторый, звязаных з маленькімі вёскамі і мястэчкамі, дзе карэнных жыхароў на пальцах пералічыць можна, а ведаюць яны шмат. Гэта і ёсць нашы карані, нашы вытокі, наша маленькая, але такая родная зямля.

У гэты дзень пахмурная раніца хутка змянілася цёплым сонейкам. А ў Зеляневіцкім сельсавеце нас ужо чакалі. Адразу стала зразумела, што да нашай сустрэчы Мікалай Сцяпанавіч падрыхтаваўся грунтоўна. У руках трымаў тоўстую кнігу Святаслава Кажадуба «Славутыя землякі», сааўтарам якой з’яўляецца ён сам, мноства газетных выразак і асабісты нататнік з назіраннямі. Але перад тым, як пачуць аповед пра родныя мясціны краязнаўцы, спачатку хацелася даведацца пра яго самога.

Мікалай Волчык родам з простай сялянскай сям’і. Нарадзіўся праз два гады пасля вайны ў в. Доўгае раней Смалянскага, а цяпер Ліноўскага сельсавета. У 1965 годзе паступіў у Магілёўскі педагагічны інстытут на геаграфічны факультэт. Яшчэ са студэнцкіх гадоў захапіўся гісторыяй і пасля размеркавання на першае месца працы ў Віцебскую вобласць, стаў сур’ёзна рухацца ў гэтым накірунку. Аднак праз паўгода маладога спецыяліста прызвалі ў армію. Служыў сувязістам спачатку пад Ніжнім Ноўгарадам, пазней пад Талінам і толькі пасля службы вярнуўся ў свой родны Пружанскі раён, дзе працягнуў педагагічную дзейнасць ужо ў якасці настаўніка гісторыі Зеляневіцкай школы.

— Мой педагагічны стаж складае 38 гадоў, — з гонарам кажа Мікалай Сцяпанавіч. — З іх 35 у мясцовай школе. Прыйшлося перакваліфікавацца з географа ў гісторыка і ўсё пайшло так, як трэба. У Пружанах пазнаёміўся з будучай жонкай Тамарай Міхайлаўнай, настаўнікам пачатковых класаў. Так разам і працавалі ўсё жыццё ў адной школе.

Пра Зеляневічы як пра другую сваю малую радзіму, краязнаўца расказвае з вялікай любоўю і захопленасцю. Тут вырасла не адно пакаленне яго выпускнікоў, тут пусціў свае карані. У адкрытых крыніцах пра гэты цудоўны куток Беларусі матэрыялаў няшмат, але пра тое, што ўдалося яму даведацца, мужчына расказаў з задавальненнем. Адзначым, што на сённяшні дзень у вёсцы пражывае ўсяго 87 чалавек. Хтосьці скажа — не так ужо і мала, гледзячы з чым параўноўваць, але на самой справе хочацца, каб у такіх прыгожых мясцінах працягвалася жыццё, і прадаўжальнікі сямейных дынастый не спяшаліся ў вялікія гарады.

— Паходжанне гэтай вёскі і першыя згадкі пра яе на карце Ваўкавыскага павета адносяцца да 16 стагоддзя. Яе назву падказала сама прырода: багатыя землі, зялёныя лугі і лясы наваколля. На працягу стагоддзяў на тэрыторыі мястэчка гаспадарыла сям’я Сегеняў, шляхетны заможны род. Жыхары займаліся ў асноўным гандлем, рамяством, ткацтвам. Па аповядах старажылаў у маёнтку рода да 60-х гадоў мінулага стагоддзя знаходзілася статуя Багародзіцы з немаўлём на руках. Пазней яна была перавезена на могілкі ў в.Зельзін і неўзабаве знікла. Пра гісторыю яе знікнення да гэтага часу нікому нічога не вядома, — распавядае краязнаўца.

Гісторык спрабаваў навесці даведкі, размаўляў з мясцовымі жыхарамі, шукаў сведкаў здарэння, але дакапацца да ісціны яму так і не ўдалося. Затое Мікалай Сцяпанавіч адшукаў у Гродзенскім архіве апісанне Зіновіцкага народнага вучылішча за 1912 год. Тут выкладалі рускую мову, матэматыку, Закон Божы, азбуку і чытанне. Даследаваў гэтую тэму і ўсе матэрыялы перадаў у музей-сядзібу «Пружанскі палацык».

Цікава, што некалі Зеляневічы і Зіновічы лічыліся адным населеным пунктам, ды і зараз іх падзяляе толькі масток праз рэчку Зяльвянка. Геаграфічна яны ўяўляюць адно цэлае, проста з рознымі назвамі.

Што тычыцца сваёй сапраўднай малой радзімы — вёскі Доўгае — Мікалай Сцяпанавіч можа расказваць пра яе бясконца. Усё ж гэта вёска, дзе прайшлі дзяцінства і юнацтва. Да гэтага часу там засталася маленькая бацькоўская хатка, куды Мікалай Сцяпанавіч прыязджае ў выхадныя: пакасіць траву, прыбраць смецце і проста пахадзіць па знаёмых мясцінах. Гэта сапраўды месца сілы, куды хочацца вяртацца зноў і зноў, каб задумацца і проста памаўчаць.

— Кожны раз, калі адчыняю дзверы, адчуваю сябе неад’емнай часткай вялікага роду Волчыкаў. Успамінаю бацькоў, іх аповеды. Бацька мой Сцяпан Якаўлевіч у 1941 годзе ўдзельнічаў у бітве за Маскву, трапіў у палон, адкуль удалося ўцячы. Па вяртанні дадому апынуўся ў партызанскім атрадзе, перамогу сустрэў ужо дома. У пасляваенны час працаваў на кіруючых пасадах, пазней узначаліў калгас імя Жданава. Маці Кацярына Мікалаеўна ўвесну 1944-га трапіла ў лагер у Лейпцыгу, цудам засталася жывая і пасля вызвалення вярнулася дадому. Так што маім бацькам наканавана было выжыць, каб сустрэцца пасля вайны.

Вёска Доўгае некалі размяшчалася ў балоцістай мясцовасці пасярэдзіне якой было доўгае ўзвышша — «груд». Адсюль і пайшла яе назва. Першыя згадкі пра вёску таксама датаваны пачаткам 16 стагоддзя.

— Вядомай стала вёска дзякуючы роду Крашэўскіх, — падкрэслівае гісторык. — А праславіў яе знакаміты ў той час пісьменнік, публіцыст, драматург Юзаф Ігнацы Крашэўскі. Яго гістарычныя і сацыяльныя раманы сталі вядомыя ўсяму свету. Ён выступаў у розных жанрах: крытыка, філасофія, гісторыя, археалогія, фальклор… усяго і не пералічыш. Яшчэ быў цудоўным мастаком: на яго рахунку, удумайцеся толькі, 1800 карцін, напісаных маслам. Я ганаруся тым, што з’яўляюся земляком генія.

У наш час ад радавога маёнтка нічога не засталося, на яго месцы густыя зараснікі хмызнякоў. Сам маёнтак быў спалены яшчэ падчас першай сусветнай вайны, у 1915 годзе, адступаючымі расійскімі войскамі. Тады і жыхароў у вёсцы амаль не засталося, толькі гадоў праз шэсць многія вярнуліся з бежанства. Сярод іх былі і дзядуля з бабуляй Мікалая Волчыка, якія пасля вымушанага перасялення жылі ў Тамбоўскай губерні.

Цяпер пры выездзе з Пружан па дарозе на Малеч, прама за паваротам на в. Круглае ўсталяваны мемарыяльны знак у памяць аб знакамітым земляку. Носіць імя Юзафа Крашэўскага адна з новых вуліц райцэнтра.

Праязджаючы малыя вёсачкі, заўсёды хочацца спыніцца, выйсці і падыхаць паветрам нейкай неверагоднай самабытнасці і чысціні. Удалечыні ад гарадской мітусні адчуваеш сябе адзіным цэлым з навакольным светам, дзе нічога не трывожыць. Баліць толькі сэрца, калі бачыш уздоўж вуліцы закінутыя дамы і зарослыя пустазеллем падворкі, дзе некалі жылі вялікімі сем’ямі і ў кожнай была свая гісторыя. Сёння ў Доўгім пражывае ўсяго шэсць чалавек. Некаторыя ўчасткі заняты дачнікамі і хаця б маюць належны выгляд. Астатнія чакаюць сваёй гадзіны —сысці назаўжды ў забыццё, або дачакацца вяртання гаспадароў. Пытанне застаецца адкрытым…

Больш бы такіх краязнаўцаў-аматараў, як Мікалай Сцяпанавіч Волчык. Ён не толькі ведае і памятае свае карані, сваю маленькую радзіму, але і заўсёды прыязджае ў дарагія сэрцу месцы, падтрымлівае парадак радавога гнязда і дакладна ведае — пакуль жывая памяць, заўсёды будуць жыць тыя, каго даўно няма з намі і абавязкова будзе працяг маленькай гісторыі, якую мы пішам самі, сваім стаўленнем да жыцця і сваімі ўчынкамі…

Ірына Велясевіч. Фота Кацярыны Масік