
Спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння Мiкалая Чурабы —
мастака ў галiне кнiжнай i станковай графiкi, жывапiсу.
Мікалай Дзмітрыевіч Чураба нарадзіўся ў Мінску 24 снежня 1913 года (6 студзеня 1914 — па новым стылі). Праз сем гадоў разам з сям’ёй пераехаў у Клімавічы Магілёўскай вобласці. Скончыў Віцебскі мастацкі тэхнікум, затым — графічны факультэт Маскоўскага мастацкага інстытута імя В. І. Сурыкава. Творчую дзейнасць мастак пачаў з 1939 года, калі яго творы з’явіліся на выставе падчас вучобы ў Маскве. Маладога спецыялiста накiравалi на працу выкладчыкам у Беласток, які быў далучаны да БССР.
Тут мастака і застала Вялікая Айчынная вайна. Давялося зарабляць на жыццё распілоўкай дроў, афарміцельскімі работамі і іншым. Падтрымліваў сувязь з партызанамі. І спяваў у хоры. Напачатку 1943 года Мікалай з хорам прыехаў выступаць у Пружаны, дзе пазнаёміўся з мясцовай жыхаркай Таццянай Утгаф. Якая стала яго жонкай, сябрам, музай да канца жыцця. Потым займалася захаваннем творчай спадчыны мастака.
У Пружанах Мікалай Чураба некаторы час працаваў настаўнікам малявання ў школе, а з 1946 года жыў у Брэсце. Пры яго ўдзеле тут была створана група прафесійных мастакоў, фiлiял Саюза мастакоў (у 1971 годзе была пераўтворана ў абласную арганізацыю Саюза мастакоў БССР). У 1947 годзе Мікалай Чураба стаў членам Саюза мастакоў СССР. Быў арганізатарам першых мастацкіх выстаў у Брэсце.
Выкладаў на кафедры архітэктуры і малюнка Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута. Працаваў у кніжнай і станковай графіцы, жывапісе, пісаў пейзажы, партрэты, нацюрморты. Маляваў алеем, акварэллю, тэмперай, пастэллю.
Галоўнай тэмай жывапісных работ Мікалая Чурабы пасляваенных гадоў стала гераічная абарона Брэсцкай крэпасці. Асноўныя творы гэтай тэмы: «Цаною жыцця», «У Брэсцкай крэпасці», «Цярэспальскія вароты», «Цішыня ў цытадэлі», трыпціх «На парозе бессмяротнасці», «Смага», «Пад чыстым небам», «Байніцы Брэста», «Ветэраны».
На працягу творчага жыцця каля тысячы твораў мастака выстаўляліся ў Маскве, Мінску, Брэсце і многіх іншых гарадах. Сёння яго творы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Беларускім музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, фондах БСМ, музеі мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой». Ёсць яны і ў нашым горадзе — у музеі-сядзібе «Пружанскі палацык», а таксама спісы ікон у Свята-Аляксандра-Неўскім храме.
Пайшоў з жыцця мастак 29 студзеня 1998 г.
Марына Каўтунюк, галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы «Пружанскі палацык»