Суббота, 15 марта 2025

Механизатор ОАО «Ружаны-Агро» Василий Омельченко: «Засеянных гектаров не сосчитать»

963

З механізатарам ААТ «Ружаны-Агра» Васілём Аляксеевічам Амельчанкам часцей за ўсё даводзіцца сустракацца вясной і восенню, калі ён на сваім магутным трактары «Фэндт» працуе на сяўбе яравых і азімых збожжавых. Колькі за сваё жыццё засеяў гектараў, ён не лічыў. Гэта, бадай, і не самае галоўнае. Хутка зноў вясна, і Васіль Аляксеевіч рыхтуе свой трактар з пасяўным агрэгатам да выхаду ў поле.


Нарадзіўся Васіль Амельчанка даволі далёка ад Ружан — у вёсцы Паселічы Хойніцкага раёна, што на Гомельшчыне. Ужо з малых гадоў ведаў цану сялянскай працы, паколькі бацька працаваў механізатарам, а маці — паляводам. А якое шчасце было Васілю праехацца на трактары разам з бацькам па вясковай вуліцы!
Яшчэ падчас вучобы ў школе Васіль цвёрда вырашыў, што, як і бацька, таксама будзе працаваць на зямлі. Мара хлопца збылася пасля заканчэння сельскага прафесійна-тэхнічнага вучылішча ў Рудакове, калі атрымаў пасведчанне механізатара. Але пашчыраваць на трактары ў мясцовым калгасе «Рассвет» маладому чалавеку давялося нядоўга.
У 1986 годзе здарылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС, і родная вёска Паселічы трапіла ў зону адсялення.
— Многія мае землякі пакінулі малую радзіму і раз’ехаліся па ўсёй Беларусі, — гаворыць Васіль Аляксеевіч. — Дзве сястры жывуць цяпер у Гомелі, і толькі малодшы брат Мікалай застаўся ў бацькоўскім доме.
Лёс закінуў сям’ю Амельчанкаў у Ружаны. Так у 1990 годзе Васіль Аляксеевіч стаў механізатарам тагачаснага саўгаса «Ружанскі», якім кіраваў С.С.Рэчыц.
Сям’я перасяленцаў з Чарнобыльскай зоны атрымала дом у Ружанах. Васіль Аляксеевіч пачаў працаваць на пагрузчыку, а потым перасеў на трактар.
— Хоць і прайшло амаль трыццаць гадоў, як пакінуў родную вёску, але ўсё роўна цягне туды, — гаворыць Васіль Аляксеевіч. — Штогод наведваем малую радзіму.
У сям’і Амельчанкаў вырасла трое дзяцей. Старэйшая дачка жыве ў Мінску, а малодшая — у Слоніме. А вось сын Васіль застаўся ў Ружанах і працуе вадзіцелем у ААТ «Ружаны-Агра».
Васіля Аляксеевіча і Святлану Мікалаеўну радуюць дзве ўнучкі і ўнук. Трымаюць Амельчанкі невялікую падсобную гаспадарку: курэй і свіней.
За сваю працу механізатар неаднойчы заахвочваўся кіраўніцтвам гаспадаркі. Амаль штогод ён у лідарах сярод механізатараў раёна, якія заняты на сяўбе і працуюць на трактарах замежнай вытворчасці.
Цяпер Васіль Амельчанка знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але працягвае дапамагаць гаспадарцы. Ужо зусім блізка вясна, якая ў чарговы раз пакліча яго ў поле.
Бліц-апытанне
— Якія мары дзяцінства Вы ўвасобілі ў жыццё?
— У дзяцінстве, як і мой бацька, марыў стаць механізатарам. Мая мара збылася, таму лічу, што я шчаслівы чалавек.
— Што для Вас галоўнае ў жыцці?
— Здароўе дзяцей, унукаў і блізкіх, дабрабыт сям’і.
— Ці верыце Вы ў канец свету?
— Не веру.
— Які мультфільм падабаўся больш за ўсё ў дзяцінстве?
— «Ну, пачакай!».
— Хто Вы па знаку Задыяка?
— Цялец.
— Чым любіце займацца ў вольны час?
— Працаваць на ўласнай гаспадарцы.
— Якая музыка падабаецца?
— Люблю ўсякую, але больш падабаецца спакойная.
— Любімая мясціна на зямлі, дзе яна знаходзіцца?
— Гэта вёска Паселічы Хойніцкага раёна.
— Любімая сельгаскультура?
— Трыцікале.
— Што больш падабаецца: зіма ці восень?
— Зіма.
— Зялёны колер або чырвоны?
— Зялёны.
— Якая гістарычная асоба найбольш цікавая для Вас?
— А.В.Сувораў.
— Кніга ці кіно?
— Кіно.
— Адзінота або кампанія?
— Кампанія.
— Дарыць ці атрымліваць падарункі?
— Атрымліваць.
— Задавальненне ад працы ці памер зарплаты?
— 50 на 50.
— На што не шкада патраціць грошы?
— На дзяцей і ўнукаў.
— Калі б усё давялося пачаць спачатку?
— Напэўна, паўтарыў бы свой жыццёвы шлях.
Мікола Архуцік, фота аўтара.