Суббота, 13 апреля 2024

Механік, спартсменка, прыгажуня: выпускніца пружанскага каледжа Наталля Канавега расказала, як сумяшчае работу на трактары, гіравы спорт і TikTok

676

Навучэнцы Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа, які мае сваю багатую гісторыю і традыцыі, штогод дабіваюцца дастойных вынікаў у розных конкурсах і алімпіядах. Закладзены ў каледжы падмурак дазваляе раскрыць свае таленты і спраўдзіцца ў прафесійнай дзейнасці. Такім прыкладам паспяховай рэалізацыі смела можна назваць выпускніцу спецыяльнасці «Тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці» Наталлю Канавегу.

Нават падчас вучобы было відавочна: Наталля — чалавек унікальны. У 2020 годзе пра дзяўчыну пісалі як пра пераможцу конкурсу «Лепшая навучэнка сярэдняй спецыяльнай адукацыі-2019». У каледжы побач з Наташай на аграномаў і электрыкаў вучыліся дзяўчаты, але сярод механікаў яна была адна. Дасягненне дзяўчыны і ў тым, што яна стала самай юнай пераможцай конкурсу прафмайстэрства ў адным з вядучых сельгаспрадпрыемстваў Брэстчыны — ААТ «Жураўлінае». Выключнае і хобі Наталлі — гіравы спорт: за дзесяць мінут дзяўчына можа 216 разоў падняць 12-кілаграмовую гіру!

Сёння Наташа працуе на трактары ў гродзенскай будаўнічай фірме і адзначае, што ёй вельмі падабаецца цяперашняя прафесія. З цікавага: падчас паездкі дзяўчына знаходзіцца ў кабіне адна. Кампанію ёй складаюць толькі музыка і верны плюшавы «штурман» Вася. «Мой працоўны графік я лічу ідэальным, — кажа Наталля. — Прачынаюся ў 5 раніцы, а засынаю каля 22 гадзін. Заўсёды стараюся спаць мінімум 7 гадзін».

Трэба сказаць, дзяўчына актыўна наведвае спартыўную залу, падтрымлівае форму. У асабістым акаўнце ў TikTok, дзе ў яе ўжо 54 тысячы падпісчыкаў, Наталля расказвае пра сваю дзейнасць. Самыя папулярныя ролікі на старонцы набіраюць больш за мільён (!) праглядаў.

Наталля Канавега не толькі прафесіянал у сваёй сферы, але і сапраўдная прыгажуня. «Стараюся заўсёды прысвячаць час і сваёй знешнасці: гэта вельмі важна», — зазначае дзяўчына, якая спакойна рамантуе трактар з манікюрам і рэдка прыходзіць на працу без макіяжу!

Наталля вельмі ўдзячная родным Пружанам і каледжу. Падчас гутаркі дзяўчына адзначыла, што, акрамя падрыхтоўкі як добрага спецыяліста, каледж падарыў ёй любоў да спорту, якая і па гэты дзень з ёй. «Я ўдзельнічала ў розных мерапрыемствах, спрабавала сябе ў розных гуртках, — распавяла Наталля. — Усё гэта дапамагло зразумець, што мне падабаецца, чым я хачу займацца ў будучыні. Дзякуючы вучобе я раскрыла свае таленты і моцныя бакі. Гэта былі выдатныя чатыры гады навучання, якія ўспамінаю з цеплынёй».

Наташа Канавега сваім прыкладам даказвае, што дзяўчыны могуць працаваць у любых прафесіях, а вучоба ў Пружанскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы дае ўнікальныя магчымасці для росту і дасягнення мэт, з’яўляецца выдатнай кропкай для пачатку паспяховай кар’еры і шчаслівага жыцця.

Паліна Чарнак. Фота прадастаўлена аўтарам і з архіву рэдакцыі


Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж працягвае набор абітурыентаў пасля 11 класаў.

Па заканчэнні навучання прысвойваецца кваліфікацыя тэхнік-электрык. Вучні атрымліваюць правы катэгорыі «В». Усім прадастаўляецца інтэрнат.

Прыём дакументаў ажыццяўляецца да 18.00 гадзін 12 жніўня 2023 года.