Штогод у памятныя даты ў нашай краіне ладзяцца гістарычныя рэканструкцыі баявых дзеянняў. Усё гэта для таго, каб сучаснае пакаленне магло ўбачыць, якім цяжкім быў шлях да Перамогі, ведала, што насамрэч адбывалася ў гады ваенных ліхалеццяў на цяпер ужо мірнай тэрыторыі Беларусі.
У Брэсцкай вобласці адным з самых вядомых месцаў, дзе ў значныя даты аднаўляюць ход ваенных падзей, з’яўляецца мемарыяльны комплекс партызанскай славы «Хаваншчына» ў Івацэвіцкім раёне.
Нядаўна тут адбылося адкрытае мерапрыемства, прысвечанае дню памяці героя партызанскага руху івацэвіцкай зямлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны Аляксея Пятровіча Чарткова.
Для гасцей мемарыяла ўдзельнікі ваенна-гістарычных клубаў Беларусі прадставілі рэканструкцыю бою народных мсціўцаў з нямецкімі акупантамі.
Рэгулярна ўдзельнічае ў падобных рэканструкцыях член ваенна-гістарычнага клуба «Заходні рубеж» г. Бяроза, метадыст Пружанскага гарадскога Палаца культуры Вячаслаў Краўчук. Пра маладога чалавека мы расказвалі на старонках газеты летась. Стаў удзельнікам мерапрыемства ў Хаваншчыне ён і на гэты раз.
Як адзначыў Вячаслаў, дзякуючы рэканструктарам з розных куткоў Беларусі, ён змог убачыць на свае вочы падзеі 80-гадовай даўніны, аднавіць свае веды па гісторыі, даведацца, як абаранялі Івацэвіцкі край у гады Вялікай Айчыннай.
Уладзіслаў Шпарла. Фота з асабістага архіву Вячаслава Краўчука