Кожную вясну і восень беларусы наводзяць парадак. Гэтай добрай традыцыі ўжо шмат гадоў, і сваю актуальнасць яна, мабыць, не страціць ніколі. Ды і хто, калі не мы самі, зробім свой раён чыстым і прыгожым?

Якраз з мэтай падтрымання тэрыторый населеных пунктаў у чысціні ў Пружанскім раёне па 14 лістапада праводзіцца месячнік па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку. Сёлета ён праходзіць пад дэвізам «Зробім наш раён яшчэ лепшым разам!»
Як далучыцца да месячніка? Усё проста: пачаць з малога, навесці парадак каля свайго дома, на сваёй вуліцы, на сваім прысядзібным участку.

Работнікі арганізацый і прадпрыемстваў таксама не застаюцца ўбаку і ладзяць адпаведныя акцыі і суботнікі. Як ніхто іншы ведаюць усё пра навядзенне парадку работнікі КУВП «Камунальнік», якія таксама далучыліся да месячніка. У рамках акцыі «Чысты чацвер» яны разам з работнікамі інспекцыі па падатках і зборах МПЗ Беларусі высадзілі дрэўцы ў гарадскім парку.
Таксама дзякуючы месячніку маладыя дрэвы з’явіліся на тэрыторыі былога стадыёна ў г.п. Шарашэва. Высадзілі іх работнікі Шарашэўскага сельвыканкама і Пружанскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Прынялі ўдзел у месячніку па добраўпарадкаванні работнікі Пружанскага райвыканкама. «Чысты чацвер» зладзілі таксама калектывы Ружанскай СШ імя К. Марача і многіх іншых арганізацый раёна.
Час прыняць удзел у месячніку яшчэ ёсць! Далучайцеся і памятайце: каб стварыць прыгажосць вакол сябе, не варта чакаць пэўных акцый.
Уладзіслаў Шпарла
Фота Кацярыны Масік і Ружанскай СШ
