Месячнік па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый сёлета прайшоў надзвычай маштабна. І справа не ў тым, што ў раёне шмат дзе патрэбна было навесці парадак. Прычына маштабнасці ў колькасці нераўнадушных людзей і арганізацый, якія зрабілі вялікі ўклад у агульную справу.
Больш за тры дзясяткі прадпрыемстваў шчыравалі ў розных кутках райцэнтра і сельскіх населеных пунктаў. Прамыславікі, транспартнікі, дарожнікі, будаўнікі, энергетыкі, работнікі розных службаў райвыканкама, прадаўцы і нават навучэнцы са школьнікамі — сотні людзей прыбіралі смецце, высякалі хмызнякі і садзілі маладыя дрэўцы. Каб уявіць аб’ём выкананага, варта пералічыць, што было зроблена.
Як паведамляе начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Аляксандр Бушук, у горадзе пад азеляненне былі адведзены ўчасткі па вуліцах Шашэйнай, Макаранкі, Пушкіна, Е. Полацкай. І гэтыя планы былі здзейснены: па словах начальніка інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вольгі Дрозд, зялёны фонд райцэнтра і шэрагу вёсак Сухопальскага, Шарашэўскага, Пружанскага і Навазасімавіцкага сельсаветаў за месяц папоўніўся 1333 новымі дрэвамі, а таксама амаль тысячай дэкаратыўных насаджэнняў.
У дадатак камунальшчыкі адрамантавалі шэраг лавак у дварах шматкватэрных дамоў, правялі абрэзку старых дрэваў і вывезлі смецце з дваравых пляцовак.
Значную дапамогу ў навядзенні парадку каля пад’ездаў аказалі і жыхары горада, якія самастойна выйшлі на суботнікі. Аднак такі сустрэчны інтарэс выказалі не ўсе і не ўсюды: напрыклад, на ўборку тэрыторыі гаражнай забудовы па вул. Макаранкі і берага гарадскога возера давялося арганізоўваць брыгады з калектываў ДЭУ-25, камбіната бытавога абслугоўвання і аўтапарка №11. Зразумела, што смецце там назбіралася толькі з-за неахайнасці аўтамабілістаў або адпачываючых каля вадаёма.
Трэба прызнаць, што гэтыя ўчасткі перыядычна засмечваюцца і варта арганізаваць належны кантроль за захаваннем парадку. У прыватнасці, такі, які прымяняецца за тымі тэрыторыямі, што належаць самім арганізацыям. Напрыклад, у рамках месячніка па добраўпарадкаванні калектывам кансервавага завода наведзены парадак на сваіх былых землях, а таксама высечаны зараснікі ўздоўж вул. Лазо. Падобныя прыклады бачны і на тэрыторыях, прылеглых да льнозавода, прадпрыемства меліярацыйных сістэм, філіяла «Райпалівазбыт» і шэрагу іншых: калектывы гэтых арганізацый выдатна пашчыравалі.
Увогуле за гэты месяц, падчас якога праводзілася акцыя па добраўпарадкаванні, істотна змяніў аблічча райцэнтр і шэраг вёсак. Папрыгажэлі праваслаўныя гарадскія могілкі, вакол якіх паменшала кустоўя, а таксама каталіцкія, дзе камунальшчыкі паднавілі агароджу. Вельмі прыемны выгляд зараз набылі скверы воінаў-інтэрнацыяналістаў па вул. Тармасава, каля СШ №4 па вул.Р. Шырмы і Гудзімава па вул.Чырвонаармейскай.
І гэта толькі самыя значныя аб’екты, санітарныя работы праводзіліся і на іншых участках, дзе актыўнічалі сельвыканкамы і нераўнадушныя вяскоўцы. Што не дзіўна, бо створанай прыгажосцю будуць карыстацца самі людзі. А ў дадатак будзе не сорамна і гасцей запрашаць.
Алег Сідарэнка. Фота Юліі Янушка