Безумоўна, пытанні добраўпарадкавання пастаянна знаходзяцца ў зоне павышанай увагі. А падчас месячнікаў па навядзенні парадку на зямлі — асабліва.

У выкананні намечаных планаў удзельнічаюць і дарожныя службы: іх прэрагатыва — навесці поўны парадак на аўтамабільных дарогах, якія знаходзяцца на іх абслугоўванні. Першачарговыя задачы ў работнікаў філіяла «ДЭУ-25» і ДРБУ-140 усё тыя ж: зрабіць ямачны рамонт асфальтабетоннага пакрыцця, абнавіць разметку, ачысціць ад смецця палосы адводу дарог, пафарбаваць і адрамантаваць аўтобусныя павільёны. Пры неабходнасці праводзяцца замена і рамонт дарожных знакаў і іншыя работы.

Акрамя таго, пэўны фронт работ намечаны калектывамі гэтых дарожных арганізацый і ў рамках рэспубліканскага суботніка. У прыватнасці, сёння перад работнікамі філіяла «ДЭУ-25» стаіць задача навесці парадак у раёне гаражнага масіву па вуліцы Макаранкі.
А работнікам ДРБУ-140 даручылі давесці да ладу тэрыторыю каля новабудоўляў — дамоў №№ 84А і 84Б па вуліцы Кастрычніцкай.

Не толькі дарожнікі працуюць сёння на суботніку. У работах задзейнічаны работнікі літаральна ўсіх прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Напрыклад, за Пружанскім льнозаводам замацаваны ўчастак на перакрыжаванні вуліц Е.Полацкай і Вішнёвай, а таксама Ф.Скарыны, дзе трэба высечы кустоўе і прыбраць смецце.
Заканчваецца месячнік добраўпарадкавання, але не работы па навядзенні парадку. Над тым, каб было чыста, трэба шчыраваць пастаянна, таму і парадак у Пружанах і раёне сёння будуць наводзіць на працягу ўсяго дня.
Марына ВАКУЛЬСКАЯ, Кацярына МАСІК (фота).