Среда, 6 ноября 2024

«Месца працы павінна быць камфортным, а ўмовы – бяспечнымі». Пружанскі раён наведала рэйдавая група тэхнічнай інспекцыі працы ФПБ

854


Як расказаў галоўны тэхнічны інспектар працы Брэсцкага абкама прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў С.М.Рыжкоўскі, у вобласці дзейнічае дзве рэйдавыя групы. Праверкі і маніторынгі яны праводзяць штомесяц, пры гэтым ахопліваюцца розныя сферы дзейнасці ва ўсіх раёнах вобласці. Асаблівая ўвага – арганізацыям, дзе рэгістраваліся выпадкі вытворчага траўматызму.


На гэты раз рэйдавая група абласнога аб’яднання прафсаюзаў наведала 13 прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Вынікі маніторынгу агучылі падчас пасяджэння ў райвыканкаме.


Высока была ацэнена работа па ахове працы ў ДУ «Цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Пружанскага раёна» і ў Пружанскім філіяле Брэсцкага агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры. Рэкамендацыі па прадухіленні выяўленых парушэнняў атрымаюць такія арганізацыі, як Пружанскае райспажыўтаварыства, ПМК-22, Аранчыцкія птушкафабрыка і хлебапрыёмнае прадпрыемства.


У ААТ «Жураўлінае», нягледзячы на выдатны санітарны стан памяшканняў і душавых, ёсць недахопы ў інструкцыях па відах работ. А вось КУВП «Камунальнік» – прыклад таго, як трэба будаваць работу грамадскіх інспектараў. На прадпрыемстве арганізавана матэрыяльнае стымуляванне такіх супрацоўнікаў. Па словах У.Р.Ланеца, які праводзіў маніторынг арганізацыі, гэта ў значнай ступені ўплывае на якасць работы інспектараў. Менавіта інспектар КУВП «Камунальнік» С.Я.Куцэнка прызнаны па выніках 2020 года лепшым не толькі ў абласным, а нават у рэспубліканскім камітэце галіновага прафсаюза.


Стараецца не адставаць філіял РУП «Брэстэнерга» «Пружанскія электрасеткі». Умовы працы на Шарашэўскім участку, які наведалі інспектары, прызнаны ўзорнымі, а прафсаюзная пярвічка электрасетак летась заняла другое месца ў абласным аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю грамадскага кантролю па ахове працы.

Не было асаблівых нараканняў у рэйдавай групы на работу ААТ «Рамбуд». Зараз работнікі прадпрыемства працуюць на будаўніцтве 40-кватэрнага жылога дома па вул.Майскай. Падчас маніторынгу ўсе яны былі ў касках, мелі сродкі індывідуальнай аховы. Тым часам, Пружанскі раён газазабеспячэння РУП «Кобрынгаз» вядзе маштабную рэканструкцыю сваіх аб’ектаў. Яе ходам і арганізацыяй працы ў цэлым група засталася задаволенай.


Па словах старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Т.Ю.Гаманчук, хутка рэйдавая група падрыхтуе і накіруе рэкамендацыі па кожнай з арганізацый, якія наведалі падчас маніторынгу. Агульныя рэкамендацыі будуць адпраўлены на адрас райвыканкама. Іх разгледзяць падчас пасяджэння раённай камісіі па ахове працы.
На здымках: падчас пасяджэння ў райвыканкаме.
Уладзіслаў ШПАРЛА, Кацярына МАСІК (фота).