Четверг, 25 апреля 2024

Меркаваннямі наконт Паслання Прэзідэнта падзяліліся педагогі Параслянскай школы

330

Працягваем абмеркаванне Паслання Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі беларускаму народу і парламенту. Зразумела, што розным катэгорыям насельніцтва больш блізкія розныя аспекты. Напрыклад, педагогі ДУА «Параслянская сярэдняя школа» звярталі ўвагу на пытанні, якія датычацца выхавання маладога пакалення, работы са шматдзетнымі сем‘ямі, захавання традыцыйных каштоўнасцяў.

Вольга Мікалаеўна Матвіенка, дырэктар:

– Калі мы збіраліся падчас акцыі РППС – Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці ў Камянецкім раёне, казалі пра многія балючыя моманты. І вынікі таксама і нашай працы я пачула ў Пасланні Прэзідэнта. Яны тычацца аказання сацыяльнай дапамогі шматдзетным сем‘ям, неабходнасці разабрацца, як і на што выдаткоўваецца гэтая дапамога. Глядзіце, вось такі аспект: сям‘я атрымала кватэру як шматдзетная, але бацькі вядуць нядобранадзейны лад жыцця, і дзяцей у іх забіраюць. Яны не збіраюцца мяняць сябе, але працягваюць пражываць у атрыманай кватэры. Справядліва гэта? Не.

Вераніка Іванаўна Соц, намеснік дырэктара па навучальнай рабоце:

– Вельмі добры аспект разглядаўся – па рабоце з няўдалымі сем‘ямі. Грошы, якія выплачваюцца на дзяцей у такіх сем‘ях, часам ідуць міма дзяцей, прагульваюцца бацькамі. І вельмі хочацца, каб больш было нераўнадушных людзей: суседзяў, навакольных, якія маглі б паведаміць пра падобныя выпадкі ў школу. Педагогі не заўсёды могуць своечасова заўважыць, а праблему патрэбна вырашаць толькі разам.

Падрыхтавала Ірына Сядова