
Традыцыйна ў чацвёртую нядзелю сакавіка сваё прафесійнае свята адзначылі работнікі бытавога абслугоўвання і жыллёва-камунальнай гаспадаркі. З гэтай нагоды КУВП «Камунальнік» было арганізавана ўрачыстае мерапрыемства, якое адбылося напрыканцы мінулага тыдня ў гарадскім Палацы культуры.

Прадпрыемства, якое аказвае жыллёва-камунальныя паслугі насельніцтву, з’яўляецца адным са старэйшых у нашым раёне. Яно пачало сваю дзейнасць літаральна ў першыя дні пасля вызвалення Пружан ад фашысцкай акупацыі. Работнікі камунальнай арганізацыі прынялі значны ўдзел у аднаўленні райцэнтра і пружанскіх вёсак. І ўжо 80 гадоў працягваюць ствараць і падтрымліваць парадак. Пры гэтым, як паведаміў дырэктар КУВП «Камунальнік» Сяргей Бабрук, наперадзе чакаюць яшчэ больш значныя задачы, таму неабходна знайсці сілы і энергію для іх выканання.

Сёння «Камунальнік» — гэта зладжаная каманда з сотняў людзей, якія разам працуюць і, зразумела, святкуюць, што і пацвердзіла арганізаваная ўрачыстасць. На свята былі запрошаны госці — старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук, якія прынялі ўдзел у цырымоніі ўзнагароджання лепшых работнікаў жыллёва-камунальнай сферы.

— Ваша работа заўсёды бачная, і зазначу, што яна вядзецца на належным узроўні, — падкрэсліў Міхаіл Міхайлавіч падчас віншавальнага выступлення.

Высокія госці ўручылі ганаровыя граматы і пісьмы падзякі, а таксама пажадалі станоўчых вынікаў ад плённай працы, здароўя ветэранам сферы ЖКГ і ўсім — мірнага неба.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік