Четверг, 19 июня 2025

Мемарыяльная дошка Герою Савецкага Саюза Мікалаю Сушанаву з’явілася на адміністрацыйным будынку ААТ «Ружаны-Агра» (+фота)

226

Чым слаўная родная Беларусь? Ды хаця б тым, што ў нашай краіне ніколі не забываюць пра людзей, якія і словам, і справай паказвалі прыклад іншым, як патрэбна жыць і працаваць. Нягледзячы ні на якія цяжкасці, ісці толькі ўперад, бачыць светлую будучыню, верыць у свой народ.

Такім і быў па жыцці Мікалай Цімафеевіч Сушанаў.

18 ліпеня 1944 года, адразу пасля вызвалення Шарашэва ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ён, новапрызначаны намеснік старшыні Шарашэўскага райвыканкама, выступіў з палымяным зваротам перад жыхарамі райцэнтра (пра што і сведчыць гэты архіўны фотаздымак). Да гэтага часу Сушанаў паспеў праявіць свае лепшыя якасці — смеласць, адвагу, знаходлівасць — у баях з гітлераўцамі.

Нарадзіўся Мікалай Сушанаў 15 кастрычніка 1920 года ў вёсцы Тростань (цяпер гэта Навазыбкаўскі раён Бранскай вобласці). У 1940-м быў прызваны на службу ў армію, у пагранічныя войскі, служыў у Забайкаллі. А з лютага 1943 года прымаў непасрэдны ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне, дзе ў поўнай меры праявіліся мужнасць і адвага маладога чалавека.

За свае франтавыя подзвігі меў вялікую колькасць узнагарод, яму таксама прысвоена ганаровае званне Героя Савецкага Саюза за гераізм падчас баёў на тэрыторыі Гомельскай вобласці. У ліку першых ён пераправіўся праз Днепр і адразу стварыў знішчальную групу, павёў яе на знішчэнне варожых дзотаў.

Аднойчы Сушанава палічылі загінулым у баі, накіравалі родным пахаванку. Але малодшы лейтэнант быў толькі паранены, трапіў у фашысцкі палон, адкуль літаральна праз пару дзён здзейсніў пабег. Пасля чаго далучыўся да атрада імя Чарткова партызанскай брыгады імя Дзяржынскага Брэсцкага злучэння, у яго складзе ўдзельнічаў у вызваленні ў тым ліку і Пружанскага раёна.

Пасля вызвалення Пружаншчыны Мікалаю Цімафеевічу прапанавалі заняцца ўзнаўленнем разбуранай вайной сельскай гаспадаркі ў месцах, дзе ён партызаніў. Ён працаваў на розных кіруючых пасадах у тагачасных Шарашоўскім і Ружанскім раёнах (пазней яны ўліліся ў Пружанскі). Што да Ружаншчыны, то аддаў ёй з 1950 па 1962 гады. Займаў пасаду сакратара партыйнай арганізацыі Ружанскай МТС, потым быў старшынёй аднаго з калгасаў, начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі Ружанскага райвыканкама.

Пасля расфарміравання раёна быў пераведзены ў Брэст. Паказаў сябе ўдумлівым кіраўніком, справядлівым чалавекам, які заўсёды быў гатовы выслухаць, падтрымаць у цяжкую мінуту, сапраўдным патрыётам сваёй Радзімы. Памёр 27 студзеня 1997 года і быў пахаваны на Гарнізонных могілках г. Брэста.

Падчас мерапрыемства многа цёплых слоў пра Мікалая Цімафеевіча казала старшыня Ружанскага сельвыканкама Аксана Юркоўская. Яна адзначыла што дата адкрыцця мемарыяльнай дошкі — 12 ліпеня — вельмі сімвалічная, бо менавіта ў гэты дзень Ружаны былі вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пажадала ўсім здароўя і напомніла: кожны грамадзянін павінен ведаць гісторыю сваёй краіны, яе слаўных сыноў, каб на іх раўняцца ў жыцці і працы.

Старшыня савета Брэсцкай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў органаў пагранічнай службы» падпалкоўнік запасу і наш зямляк Пётр Нікалаюк адзначыў, што Мікалай Сушанаў быў чалавекам справы, жыццярадасным, заўсёды ў руху. Няхай гэтая мемарыяльная дошка будзе напамінам, асабліва маладому пакаленню, што жыць трэба заўсёды па сумленні і ў згодзе з людзьмі.

Дзякавалі ўсім за аказаны гонар быць увекавечаным на Ружаншчыне дачка Мікалая Цімафеевіча Наталля Мікалаеўна і яго ўнучка Таццяна.

І вось хвалюючы момант адкрыцця мемарыяльнай дошкі. Ганаровае права гэта зрабіць далі дырэктару ААТ «Ружаны-Агра» Андрэю Босаку і дачцэ Мікалая Сушанава Наталлі Мікалаеўне.

Вельмі добрую справу зрабілі. Далі магчымасць нашчадкам бачыць і помніць: сярод нас жылі сапраўдныя героі, якія не шкадавалі сябе дзеля росквіту роднай старонкі. То, можа, і мы паспрабуем быць падобнымі на іх?

Вадзім Раўнейка.

Фота Кацярыны Масік

Фотаальбомы глядзіце тут: https://vk.com/album-23306785_303386725 і https://ok.ru/budni/album/981063785352