Пятница, 23 мая 2025

Меломаны, вам в Шени!

1 256

Неяк у электрычцы міжволі падслухала жвавую гамонку дзвюх сябровак. Адна дзялілася з другой незабыўнымі ўражаннямі ад канцэрта папулярных выканаўцаў у Мінску.
Але… з размовы мне стала зразумела, што канцэрт, які выклікаў столькі эмоцый у фанатаў, ішоў пад «плюсавую» фанаграму.
У кожнага свае музычныя перавагі. А паколькі мае можна пазначыць словамі «жывая музыка», то параіла б за канцэрты гуртоў, якія спяваюць пад фанаграму, плаціць абгорткамі ад цукерак. У лепшым выпадку на такія прадстаўленні не ездзіць зусім… Ці, як я, завітаць у Шаняўскі сельскі клуб, дзе кожную нядзелю апоўдні “ўжывую” іграюць музыканты новага кавер-бэнда “Знаходка”.
Як прызналася загадчыца клуба, а па сумяшчальніцтве яшчэ і салістка гурта, Таццяна Фёдараўна Кабрынец, сваю назву музыкі апраўдваюць спаўна: клавішнік, ударнік і гітарыст – кожны з іх на рэпетыцыях з такім зайздросным імпэтам адточвае сваю партыю, што ў хуткім часе, без перабольшвання, яны знойдуць сваіх прыхільнікаў далёка за межамі раёна.
Мне хапіла некалькі мінут на праслухоўванне кавер-версій вядомых музычных кампазіцый, каб надоўга захапіцца пазітыўным настроем і стваральнай энергіяй. “Жывая” музыка ў выкананні “Знаходкі” растапіла маё сэрца.


– Ну, як па-вашаму, далі імпэту старыя? – выціраючы пот з ілба, пытаецца журналіста барабаншчык Аркадзій Капаровіч, які, як даведалася пазней, музычнай адукацыі не мае, працуе інжынерам у пружанскіх электрасетках, а кожныя выхадныя спяшаецца ў Шані.
Спытаеце, чаму “старыя”? Справа ў тым, што шмат гадоў таму кожны з шаняўскіх музыкантаў іграў у складзе іншых гуртоў на вяселлях, на танцпляцоўках… Бывала, што перасякаліся адзін з адным на гарадскіх канцэртах.
— Калі на змену “жывой” музыцы прыйшлі “электронныя” дыскатэкі і апусцелыя старыя танцпляцоўкі былі дэманціраваны, — тлумачыць кіраўнік гурта, жыхар вёскі Шані Анатоль Гароднік, — з музыкай, здавалася, было пакончана назаўжды… Але ў сёлетнім студзені выпадкова сустрэліся з Аркадзіем Капаровічам і вырашылі згуртавацца. Паклікалі іншых… Быццам бы атрымліваецца.

Яшчэ як атрымліваецца! Анатоль на сінтэзатары такія пасажы выдае, што яго можна смела ставіць у адзін шэраг з лепшымі беларускімі клавішнікамі. Пры гэтым свае музычныя здольнасці кіраўнік гурта, за плячыма якога ўсяго непрацяглая вучоба ў музычнай школе па класе акардэона, лічыць даволі сціплымі.
– Мы адыгралі канцэрты ў Шанях, Мураве, Стараволі, Шчарчове, Гарадзечне… Але да гарадской сцэны яшчэ далекавата.
— А я не згаджаюся, – з азартнай усмешкай пярэчыць кіраўніку ўдарнік Капаровіч. – Аўра старога парку нам, ох, як патрэбна! Як было добра раней, калі былыя вакальна-інструментальныя ансамблі, той жа “Стымул”, у горадзе ігралі… Сёння людзі заціснуліся ў сваіх чатырох сценах. Трэба іх ўзбадзёрыць! Кожны чалавек тым ці іншым спосабам непарыўна звязаны з музыкай, і каб узняць яму настрой, дастаткова уключыць “жывы” інструмент. Шкада, што ў Пружанах вельмі шмат самадзейных артыстаў, якія музіцыраваць больш не жадаюць. Гэта ж такое годнае хобі! Я мару калі-небудзь выступіць на тэрасе палацыка. Упэўнены: разварушу цішыню парку сваімі барабанамі – адразу моладзь падцягнецца!
— Марыць не шкодна! – далучаецца да размовы гітарыст Мікалай Шалёнкін. Ён таксама, як і Аркадзь Капаровіч, жыве ў Пружанах, іграе ў народным эстрадным аркестры гарадскога Палаца культуры пад кіраўніцтвам Сяргея Більшэвіча, але па нядзелях спяшаецца на рэпетыцыі “Знаходкі”.
— Трэба шмат працаваць. Сапраўдныя музыканты заўсёды працавалі па поўнай! – з веданнем справы заяўляе Мікалай: з 1969 года ён іграў на гарадской танцпляцоўцы поплеч з Аляксандрам Сакаловым з першага састава пружанскага “Стымула”. У свой час Шалёнкіну пашчасціла іграць нават з барабаншчыкамі з першага састава “Сяброў”, якіх сабраў заснавальнік гурта Валянцін Бадзьяраў. Шмат гадоў Мікалай сябруе і з вядомым выканаўцам і кампазітарам Фёдарам Жыляком са славутага баранавіцкага гурта “Явар”, а таксама з Віктарам Скуравым, вядомым спеваком Гомельскай філармоніі, з якім нейкі час ігралі на вяселлях.
– Шчасціла мне з калегамі. А сёння як некаторыя “музыкі” працуюць? Запісалі фанаграмы, уключылі і сядзяць. Не, “Знаходка” так не жадае. Моладзі трэба паказваць годныя арыенціры: ствараць новыя мелодыі, працаваць над рэпертуарам, знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку. У мяне ёсць шмат вершаў ад сяброў, да якіх яшчэ належыць самому напісаць музыку. Няма такога кампазітара, які напіша партыю, якую я змагу вольна сыграць, паколькі кожны раз іграю па-рознаму, так бы мовіць, фантазірую. Шмат чаго ў мелодыі залежыць ад настрою, падзеі з мінулага адгукаюцца ў маёй музыцы… У нас тут у кожнага больш за 40 гадоў музычнага стажу!
— Умомант апрацоўваем акорды і іх камбінацыі, – падтрымлівае сябра кіраўнік гурта. – Наш рэпертуар разнастайны: пачулі кампазіцыю, спадабалася – адразу іграем. Рок, шансон, народныя песні і эстрадныя кампазіцыі – розныя стылі апрабуем, розныя жанры. Бывае, што і спрачаемся, аднак апошняе слова заўсёды за Міколам, які добра ведае сальфеджыа. Дзякуючы яму, мы смела мяняем музычныя напрамкі, стыль ігры, вось толькі творчая апантанасць і імкненне павышаць прафесійны ўзровень застаецца для ўсіх нязменнымі. Тое ж тычыцца і нашых спевакоў. Сёння рознымі “караоке” забілі ўвесь эфір, а ўжывую спяваць развучыліся. Іншая справа – нашы салісты!
Па запрашэнні Анатоля Гародніка спевакі “Знаходкі” падымаюцца на сцэну, каб прадэманстраваць сваё майстэрства. Чысты, лёгкі тэнар Сяргея Чывікава замілоўвае з першай ноты.
— Наш Сяргей – прыроджаны тэатрал! – канстатуе загадчыца клуба Таццяна Кабрынец. – Ён працуе ў аўтапарку, а як толькі з’яўляецца вольны час, спяшаецца да нас у клуб. Пры знаёмстве са “Знаходкай” сказаў: не трэба мне ні грошай, ні славы, вазьміце толькі ў сваю кампанію. Вядома, узялі і не пашкадавалі. Такі салавей!

Аднак на гэтым сюрпрызы не заканчваюцца: услед за Сяргеем выступае і сама загадчыца. У дуэце з Ірынай Бяляевай, якая працуе настаўніцай пачатковых класаў у мясцовай школе і кіруе музычным гуртком, Таццяна вельмі ладна выконвае шэраг цудоўных песень. “Жаночае сяброўства”, “Лодачкі”, “Вёсачка мая”, “Дзень добры, родныя мясціны”, “Зязюля” і іншыя кампазіцыі ў выкананні прыгожых жанчын гучаць неяк асабліва шчыра і пранікнёна.
— Мой сын,– распавядае Ірына Бяляева, — студэнт Слонімскага медыцынскага каледжа, гледзячы на мяне, таксама пачаў выступаць. Быў запрошаны да супрацоўніцтва кіраўніцтвам цэнтра творчасці і культуры і спявае на розных пляцоўках Слоніма. Ужо некалькі газет пра яго напісалі, і я ім вельмі ганаруся.
— А зараз у твайго сына з’явіцца нагода для гонару: пасля публікацыі ў нашай “раёнцы” прачнешся знакамітай, – па-добраму жартуе Аркадзь Капаровіч. – Усе песні нашых салістаў – гэта сапраўдны рэлакс. Яны ў мяне на флэшцы запісаны, і я, калі еду ў машыне, заўсёды толькі іх слухаю. Прычым на ўсю гучнасць!

Для паўнаты апавядання трэба ўзгадаць яшчэ пра салістку “Знаходкі” Алену Вашчук, настаўніцу рускай мовы і літаратуры Шаняўской СШ, і вядучую канцэртных праграм з удзелам гурта Святлану Жук, якая працуе фельчарам. На жаль, у той дзень мне не давялося пазнаёміцца з гэтымі занятымі жанчынамі асабіста, аднак калегі кампенсавалі іх адсутнасць хвалебнымі водгукамі.
— У нас тут цэлае сузор’е талентаў і сяброў! Праўда, ёсць яшчэ адзін, непрыкметны сябар калектыву! – інтрыгуе журналіста загадчыца клуба. – Гэта наша мясцовая гаспадарка “Шані-аграпрадукт”, якая нас заўсёды падтрымлівае ва ўсіх пачынаннях. Узмацняльнік гуку нам купілі, транспарт на выязныя канцэрты даюць, любыя пытанні, з якімі мы звяртаемся, імкнуцца вырашаць аператыўна.
І гэта выдатна, паколькі на адным альтруізме, зга-дзіцеся, справу не зробіш. І так галоўную апаратуру: сінтэзатар, ударную ўстаноўку, гітары, розныя там шнуры-струны – музыканты купілі за ўласныя сродкі.
— Можа, хто, гледзячы на нас з боку, і пасмейваецца, маўляў, няма чым заняцца. А мы па-іншаму не можам. Што кепскага ў тым, што людзі збіраюцца разам, каб паіграць, пагутарыць, а заадно падзяліцца хвалюючымі перажываннямі і сумесна вырашыць надзённыя пытанні? На сённяшні дзень адно з іх – адсутнасць бас-гітарыста. Можа, хто з гітарыстаў прачытае артыкул пра “Знаходку” і завітае да нас у нядзелю на рэпетыцыю? – з непрыхаванай надзеяй кажуць на развітанне шаняўскія музыкі.

Спадзяюся, будзе ў вас гітарыст. І аднойчы гарадская моладзь, шпацыруючы летнім вечарам у старым парку, стане падцягвацца да тэрасы палацыка на “жывыя” гукі знаёмых мелодый.
Алена Зялевіч, фота аўтара