У нядзелю ўсіх аматараў песні ў чарговы раз сабраў на цэнтральнай гарадской плошчы рэгіянальны конкурс вакальна-харавога мастацтва “Пеўчае поле”. Свята, мэта якога — далучэнне пружанцаў да вытокаў нацыянальнай песеннай спадчыны і лепшых узораў сучаснай харавой музыкі, прынесла гараджанам незабыўныя эмоцыі.
На свята запрашалі
У чароўны свет песні гледачоў запрасілі сотні выканаўцаў з 38-мі лепшых дарослых і дзіцячых вакальна-харавых і фальклорных калектываў Пружанскага, Бярозаўскага, Баранавіцкага, Камянецкага і Кобрынскага раёнаў Брэсцкай вобласці, а таксама Свіслацкага, Слонімскага і Ваўкавыскага раёнаў Гродзеншчыны.
Пружанцы віталі артыстаў апладысментамі.
Годны рэпертуар, цудоўныя сцэнічныя касцюмы і, галоўнае, высокае выканаўчае майстэрства — усё гэта заслужыла самай лепшай ацэнкі. Нават нечаканы дождж не змог сапсаваць настрой публікі.
У насычанай праграме прагучалі беларускія народныя песні, сучасныя харавыя кампазіцыі і, канечне, духоўная музыка, паколькі славуты фалькларыст, хормайстар і дырыжор Рыгор Раманавіч Шырма, якому і прысвечаны гэты фестываль, у свой час працаваў рэгентам у саборы.
Таму шчыры дзякуй і артыстам, і арганізатарам “Пеўчага поля” (аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, раённай цэнтралізаванай клубнай сістэме, раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” і гарадскому Палацу культуры) за павагу да спадчыны нашага земляка.
Таксама дзякуй кампетэнтнаму журы пад старшынствам начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама К.І.Панімаша за аб’ектыўную ацэнку музычных нумароў. Перамаглі тыя, хто атрымліваў ад гледачоў самыя гучныя апладысменты.
Ад душы спявалі
У намінацыі “Дзіцячыя харавыя калектывы” першае месца падзялілі паміж сабой дзіцячы хор “Ліхтарыкі” з музычнай школы мастацтваў №2 г.Баранавічы і наш узорны хор “Вітанак” ДШМ імя Р.Р.Шырмы пад кіраўніцтвам Ірыны Буланьковай, які і адкрываў святочную праграму.
Песня “Бацькоўскі край” у выкананні хору, лаўрэата розных міжнародных фестываляў і конкурсаў, выглядала як прамая даніна памяці “дзядзьку Рыгору”, сыну пружанскай зямлі.
Лепшымі харавымі калектывамі з народнай манерай выканання сталі народны хор “Вербніца” Пружанскага і народны хор “Палескія перазвоны” Кобрынскага Палацаў культуры.
У намінацыі “Дзіцячыя фальклорныя калектывы” перамогу святкавала аматарскае аб’яднанне “Тапатушкі” Навасёлкаўскага СДК. Яго юная салістка Сафія Яроцкая літаральна зачаравала гледачоў абрадавымі мясцовымі песнямі і прыпеўкамі і абудзіла ў памяці забытыя карціны з жыцця беларускіх вёсак.
Традыцыйна яркім выглядала выступленне ансамбля Пружанскай ДШМ пад кіраўніцтвам Кацярыны Гуга.
У намінацыі “Дарослыя фальклорныя калектывы” пружанцы саступілі гасцям: лепшымі былі прызнаны народныя фальклорныя гурты са Свіслацкага і Кобрынскага раёнаў.
У намінацыі “Дзіцячыя вакальныя ансамблі”, на жаль, быў заяўлены толькі адзін калектыў — вакальны ансамбль “Ліновачка” (кіраўнік — Наталля Нікітчык), таму журы вырашыла прысудзіць яму трэцяе месца. “Рамонкавае поле” і “Зязюля” Віктара Цоя ў выкананні дзяцей з Ліноўскай ДШМ, упэўнены, запомніліся гледачам.
У чарговы раз замілаваў гледачоў вакальны гурт “Амафор” Навазасімавіцкага СДК пад кіраўніцтвам Наталлі Данцовай, які перамог у намінацыі “Вакальныя калектывы з акадэмічнай манерай выканання”.
Сярод вакальных калектываў з народнай манерай выканання першае месца падзялілі паміж сабой адразу тры гурты, два з іх — з нашага раёна. А гэта народны вакальны ансамбль “Землякі” з Навазасімавіцкага СДК і аматарскае аб’яднанне “Надзея” Слабадскога СДК.
Вельмі годна на “Пеўчым полі” выступіў народны хор ветэранаў “Чырвоны гваздзік”, які атрымаў Гран-пры фестывалю.
І заліхвацкі танцавалі
Некалькі слоў варта сказаць і пра пазаконкурсную канцэртную праграму, якая была незабыўнай. У прыватнасці, народны хор “Крушына” Хідрынскага цэнтра культуры і вольнага часу (Кобрынскі раён) сваё выступленне прысвяціў памяці зорнага музыканта, былога кіраўніка народнага хору “Вербніца” Івана Іванавіча Гвоздзіка…
Але скончыўся канцэрт на пазітыўнай ноце: майстар-клас па беларускіх народных танцах, наладжаны ці не галоўнай завадатаркай фестывалю, фалькларысткай з народнага аматарскага аб’яднання “Смаляначка” Таццянай Харытановіч (Навасёлкаўскі СДК), умомант узняў настрой, як аказалася, вельмі тэмпераментнай пружанскай публікі.
Яркіх фарбаў у агульную палітру “Пеўчага поля” дадалі і пружанскія майстры дэкаратыўна-прыкладной творчасці, якія наладзілі на плошчы выставу сваіх твораў.
Вытанчаная кераміка ад Генадзя Міранюка, незвычайныя лялькі ад Алы Хвядун, вышыўкі Людмілы Паўлючык і Людмілы Яроцкай, саламяныя цуды Святланы Тагіевай, цудоўны роспіс па шкле і дрэве, а таксама модныя экасумкі ад кіраўніка ўзорнай студыі “Шклінка-маляванка” Веры Волчык прывялі ў захапленне жыхароў і гасцей Пружан. І засведчылі, што беларуская народная спадчына, пра якую ў свой час так клапаціўся Рыгор Раманавіч Шырма, у надзейных руках.
Алена ЗЯЛЕВІЧ, Кацярына МАСІК (фота)