Воскресенье, 9 ноября 2025

Шэсць кароў, яшчэ і свінні! Чаму медработнікі Янушкевічы з Аранчыц асабістую гаспадарку трымаюць і як на ўсё хапае часу

738

Людзей, якія працуюць на зямлі, цяпер модна называюць — фермер. У свеце даўно ўсё змянілася, ды і сам свет таксама, таму і сялянская праца ўспрымаецца па-іншаму. Дык што ж гэта на самай справе: вымушаны крок або жыццёвае задавальненне? Па адказ на гэтае пытанне мы накіраваліся ў в. Аранчыцы, дзе жыве і працуе сямейная пара Ігар і Марына Янушкевічы.

Адразу ўспамінаюцца радкі вядомай песні: «Прайду па Абрыкосавай, звярну на Вінаградную і на Зялёнай вуліцы я пастаю ў цені…»

Апынуліся мы якраз на Зяленай у самую спёку, на тэрмометры за трыццаць, і толькі пад цяністай вішняй у двары гаспадароў адчулі лёгкую прахалоду. Гаспадыня дома была занята і пакуль мы яе чакалі, акунуліся ў атмасферу побыту сям’і Янушкевічаў. Дагледжаны двор, дзе ўсё акуратна расстаўлена, летнія арэлі, вялікая альтанка, дзе ўсе збіраюцца, калі прыязджаюць старэйшыя дзеці, і мора кветак вакол дома ствараюць уражанне абсалютнага камфорту і ўтульнасці. І адразу прыходзіць думка: калі яны ўсё паспяваюць, я так, напэўна, не змагла б.

— Нам часам здаецца, калі ў сутках было б больш часу, мы іх таксама трацілі б з карысцю, — гаворыць Марына. — Працы, вядома, шмат, але мы ўсё робім з задавальненнем. Раней дапамагалі старэйшыя сыны, у нас іх трое. Самы старэйшы ўжо жанаты, сярэдні вучыцца ў Мінску, а з намі застаўся Мішка, яму ўжо дванаццаць. Прычым працаваць на падворку нікога не прымушалі, ва ўсіх была школа, сябры, гурткі, мы ўсё разумелі, але яны самі дапамагалі. А зараз удвох з мужам спраўляемся, а малодшы ўжо на падхваце.

Па цяперашніх мерках, калі ў вёсках практычна ні ў кога не засталося ў гаспадарцы кароў, у сям’і Янушкевічаў іх шэсць, прычым дзве дойныя, адна цялушачка і тры цяляты. Малако атрымоўваюць высокай якасці. Марына, як чалавек вясковы, з дзяцінства прывыкла да хатніх сыроў, тваражкоў, смятаны, таму і зараз гатуе малочную прадукцыю з вялікім задавальненнем.

— Мне дзеці кажуць: раней была адна карова і малака не хапала, а цяпер дзве — і ўсё роўна мала, — смяецца гаспадыня. — Калі вырашалі, купляць трэцюю карміцельку ці ўсё ж такі пакінуць гэтую задумку, мне на Viber выпадкова прыйшло фота ад гаспадыні, у якой мы куплялі другую карову. Я адразу падумала: мабыць, так трэба. І мы адразу паехалі, паглядзелі і вырашылі: яна будзе нашай. Тады з грашыма было не вельмі, таму прыйшлося ўзяць крэдыт. Так наша гаспадарка стала паступова пашырацца.

Марына разам з мужам Ігарам укладвае ўсю душу ў любімую справу. Яна прыносіць не толькі карысць і задавальненне, але і пэўны даход. Працы заўсёды хапае — выдаіць, выпасці, напаіць і так кожны дзень па крузе. І ўсе хатнія справы трэба паспяваць зрабіць пасля асноўнай работы. Гаспадыня працуе медсястрой у Ліноўскай амбулаторыі, а яе муж вадзіцелем хуткай дапамогі ў Пружанах. Аднак людзі, захопленыя адной ідэяй, заўсёды знаходзяць час і для асноўнай працы, і на сваім падворку, умела дапаўняючы адзін аднаго. Марына спрытна ездзіць на мотаблоку, і каб развесці каровам траву, ёй не трэба чакаць мужа з работы, з гэтым яна спраўляецца сама.

— Сілы заўсёды знойдуцца, было б жаданне, — падкрэслівае гаспадыня. — Адзінае, чаго не хапае, — гэта вялікай пашы, каб пераганяць кароў з аднаго месца на другое, пакуль падрасце трава, таму кожны дзень даводзіцца касіць у розных месцах і падвозіць прама на поле. Яшчэ садзім шмат буракоў, каб потым жывёлу падкормліваць. Для добрага надою аднаго сена недастаткова.

А яшчэ нам расказалі, што ў хатніх жывёл свой асаблівы нораў. Пры змене гаспадароў і новай абстаноўкі яны могуць плакаць, брыкацца пры дойцы або наогул не падпускаць да сябе. Так было ў гаспадароў і з трэцяй каровай. Марына некаторы час не магла з ёй справіцца, яна падпускала толькі мужа. Вядома, сучасныя даільныя апараты істотна палягчаюць працэс дойкі, але не ўсе каровы адразу гатовы гэта прыняць, таму часцяком паказваюць свой нораў. Тут усім патрэбны час — і гаспадарам, і жывёлам, але заўсёды перамагае давер і любоў.

— Мы раней не думалі, што ў нас будзе такая вялікая гаспадарка, яшчэ і свіней трымаем, — усміхаюцца гаспадары. — Але неяк паступова ўцягнуліся ў гэтую працу, і ўсё пайшло гладка. Калі бачыш вынік сваіх намаганняў, ды і людзі задаволены нашай прадукцыяй, хочацца рабіць яшчэ больш і яшчэ лепш.

Вядома, і мы не засталіся ў баку ад дэгустацыі хатняга сыру, якая прайшла «на ўра». Зараз сапраўды ведаем, што ў краме такога не купіш. А яшчэ гаспадыня валодае сакрэтамі кулінарнага майстэрства і пячэ цудоўныя торты, кажа, што гэта проста аддушына. Паглядзеўшы яе старонку ў сацсетках, адразу становіцца зразумела — у працавітых руках любая справа спорыцца і душа радуецца.

Ірына Велясевіч.

Фота Кацярыны Масік