
З кожным годам ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны становіцца ўсё менш. Адыходзяць апошнія сведкі той страшнай эпохі — тыя, хто бачыў гэтую вайну з перадавой: на палях бітваў, у атаках, акопах, хто адчуваў яе ледзяное дыханне і гарачы смак Перамогі. Іх успаміны — не па-мастацку прыдуманыя гісторыі, а неацэнныя крупінкі праўды, сапраўдныя сведчанні, расказаныя з першых вуснаў.
Сёння, калі жывых галасоў той вайны амаль не засталося, кожнае сказанае імі слова, кожны эпізод становяцца каштоўнымі. Гэта не сухія даты і лічбы, а жывая памяць — трапяткая, горкая, сапраўдная. У ёй страх і мужнасць, роспач і надзея, боль страт і радасць доўгачаканага міру.
Міхаіл Максімавіч Грышкевіч як і большасць франтавікоў не любіў гаварыць пра вайну. Але менавіта падобныя скупыя апавяданні — самыя важныя. Яны не даюць нам забыць, якой цаной заваявана Перамога. Яны нагадваюць, што вайна — не гераічныя кадры з кінафільма, а жахі, кроў, голад, бясконцы боль і стомленасць. А самае галоўнае, яны перасцерагаюць: падобнае не павінна паўтарыцца!
— У лістападзе 1944 года майго дзядулю прызвалі ў армію. Тады яму толькі-толькі споўнілася 18, — расказвае ўнучка ветэрана, галоўны спецыяліст раённага Савета дэпутатаў Алена Каляда. — Пасля кароткага навучання ў студзені 1945-га ён трапіў на перадавую, у пяхоту — стралком у 1278 полк. Пехацінцы заўсёды ішлі наперадзе і прымалі на сябе асноўны ўдар. Яны праходзілі дзясяткі кіламетраў у дзень з поўнай выкладкай: зброя, патроны, гранаты, рэчмяшок. Бывала, спалі на хаду, падтрымліваючы адзін аднаго, каб не ўпасці. Разам з аднапалчанамі дзед вызваляў Аўстрыю, Чэхаславакію, Венгрыю, Германію. Ён не любіў успамінаць баі, але часам казаў пра тое, як нават у катле вайны ўсе заставаліся людзьмі.
Першае баявое хрышчэнне юны чырвонаармеец атрымаў у Вісла-Одэрскай аперацыі — адной з найбуйнейшых наступальных падчас Вялікай Айчыннай вайны. Яна праводзілася на правым флангу савецка-германскага фронту сіламі 1-га Беларускага і 1-га Украінскага франтоў. Там аказаўся і полк Міхаіла Грышкевіча.
Штогод 9 мая Міхаіл Максімавіч апранаў пінжак з медалямі, моўчкі падымаў чарку і толькі тады з болем у сэрцы распавядаў блізкім, як гэта было.
З успамінаў М.М. Грышкевіча:
«А было настолькі страшна, што сэрца сціскалася ў адзін маленькі камячок і доўга-доўга не адпускала. Баі былі вельмі жорсткімі і бесперапыннымі, з-за інтэнсіўнасці шуму: грукату, стрэлаў, разрываў снарадаў мы -не чулі адзін аднаго, усё было ў дыме і чадзе. Вада ў Одэры стала колеру крыві. Аперацыя была такая імклівая, што мы не разумелі, які час сутак, неба з зямлёй змяшаліся ў адно палатно.
Нашаму батальёну вельмі пашанцавала, што перапраўляліся цераз раку па нейкім цудам уцалелым мосце, таму многія і за-сталіся жывымі. Але гэта былі самыя жахлівыя дні вайны, якія я толькі бачыў…».
Раніцай 22 сакавіка 1945 года іх сабраў камандзір і расказаў аб надыходзячай Перамозе, маўляў, засталося зусім трошкі. Але байцы выдатна разумелі, калі так пачынаецца раніца, значыць, наперадзе чакае жорсткая бітва.
Менавіта ў гэты дзень Міхаіл быў цяжка паранены, некалькі асколкаў снарада трапілі яму ў калена. Каб дагнаць сваіх, юнаку давялося больш за два кіламетры рухацца паўзком. Каля нейкага хутара сілы скончыліся, і ён страціў прытомнасць. Там падабралі нашы салдаты, і ачуняў ён толькі ў шпіталі. Калі ўбачыў, што абедзве нагі ў шынах, вельмі ўзрадаваўся: галоўнае, што яны ёсць.
Але не ўсе асколкі атрымалася выняць, так і пражыў Міхаіл Максімавіч з гэтым «напамінам» аб вайне да 86 гадоў.
Сяржант Грышкевіч выйшаў са шпіталя ў канцы красавіка. Перамогу сустрэў у Берліне, але менавіта 8 мая страціў многіх сваіх баявых таварышаў, з якімі патрапіў пад артылерыйскі абстрэл. Немцы да апошняга не маглі паверыць у сваё паражэнне, таму стральба працягвалася да апошняга патрона.
— Пасля заканчэння вайны ажно да 1950-га года дзед працягваў службу ў пяхоце, быў вадзіцелем, — кажа Алена Каляда. — Затым вярнуўся на радзіму, стварыў сям’ю. Разам з бабуляй выгадавалі чацвярых дзяцей, дачакаліся ўнукаў і праўнукаў. І да самай пенсіі дзед працаваў у калгасе пастухом. Апроч франтавых, у яго вельмі шмат узнагарод як у пераможцы сацспаборніцтваў, якімі ён таксама ганарыўся. Міхаіл Максімавіч быў вельмі актыўным чалавекам — усюды і ўсё паспяваў. У роднай вёсцы Смаляніца ўзначальваў ветэранскую арганізацыю пры Хараўскім сельвыканкаме, 9 мая арганізоўваў мітынгі ля мясцовага мемарыяла воінам-вызваліцелям, прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна. Колькі сябе памятаю, ён заўсёды быў пазітыўным чалавекам: з жартамі, прымаўкамі, заўсёды ў добрым настроі. Нават у шаноўным узросце на сямейных мерапрыемствах танцаваў полечку. А яшчэ дзед быў заўзятым грыбніком і майстрам па пляценні кошыкаў. Некаторыя яго вырабы захаваліся да гэтага часу. Вось тое самае пакаленне, якое ніколі не здаецца і не схіляе галаву перад любымі цяжкасцямі.
Так здарылася, што Міхаіл Максімавіч атрымаў самую дарагую для яго ўзнагароду медаль «За адвагу» праз 50 з лішнім гадоў пасля вайны. Толькі ў 1999 годзе яна знайшла свайго героя. З-за ранення ў 1945 годзе ў архіўных дакументах ён лічыўся без вестак зніклым, паколькі пасля шпіталя перавёўся ў іншую часць і дакументы былі страчаны. Падобных гісторый не пералічыць: вайна ўнесла свае карэктывы ў жыццё кожнага чалавека, зблытала планы і падарвала надзеі. Але не змагла забраць галоўнае — веру ў Перамогу і справядлівасць.
Для воінаў-вызваліцеляў вайна не была подзвігам, а цяжкай працай, якую яны выканалі з гонарам і годнасцю. Пакуль мы захоўваем гэтыя гісторыі, перадаём іх дзецям і ўнукам, памяць аб мужнасці нашых продкаў застанецца жыць у вяках. А значыць, урокі мінулага не будуць забыты.
Ірына Велясевіч.
Фота з архіва рэдакцыі і сямейнага архіва А.В. Каляды
