Асабіста я ў гэтыя святочныя дні канчаткова пераканалася ў тым, пра што ведала з дзяцінства, – мары збываюцца. Для гэтага толькі трэба верыць у цуд і… не баяцца гаварыць пра свае жаданні. А яшчэ зноў упэўнілася, што свет поўны добрымі і шчырымі людзьмі.
Прызнаюся: і калі мы пачалі наш невялічкі праект — папрасілі пацыентаў Сухопальскай бальніцы сястрынскага догляду напісаць лісты Дзеду Марозу, — і пасля, калі атрымалі іх, было трывожна: а раптам не атрымаецца, раптам “не пацягнем”, не знойдзем аднадумцаў?
Але цуды пачалі адбывацца пасля выхаду артыкула. Работнікі Мокраўскага сельвыканкама адразу выканалі пажаданне былой выхавальніцы дзіцячага садка Ганны Гаўрылаўны Заўражнай — купілі ёй пуховую хустку, а таксама сабралі грошы на неабходныя для камфортнага пражывання ў бальніцы рэчы. Дарэчы, пазналі і ўспомнілі Ганну Гаўрылаўну і іншыя людзі, якія перадалі падарункі менавіта ёй. І не дзіўна! У свае 86 гадоў яна застаецца вялікай аптымісткай і цікавай суразмоўцай. Калі гэтая жанчына пакінула след і ў вашай душы, не пашкадуйце часу і наведайце яе. Няхай у жыцці гэтага чалавека будзе яшчэ шмат прыемных момантаў, каб больш не лічыла, нібыта «гэтая сустрэча з Дзедам Марозам так і застанецца найярчэйшым успамінам».
Перш чым працягваць аповед, я хачу сказаць вялікі дзякуй маме і маім сябрам, якія падхапілі ідэю ў самым пачатку, запэўнілі, што ўсё атрымаецца, а потым аказалі і значную матэрыяльную падтрымку. Асобны дзякуй калегам па рабоце, якія не толькі падказвалі, як увасобіць ідэю ў жыццё, але і сабралі пэўную колькасць падарункаў.
Безумоўна, свята не атрымалася б такім адначасова вясёлым і шчымлівым без работнікаў Сухопальскага СДК. Яны на чале з дырэктарам Ірынай Бушко напісалі сцэнарый і правялі мерапрыемства. Думаецца, у іх атрымалася так цудоўна яшчэ і таму, што гэтыя людзі — частыя госці бальніцы, асабіста знаёмы з яе пастаяннымі пацыентамі. Менавіта яны не толькі ў святочныя дні разнастаяць жыццё пажылых людзей, многім з якіх сям’ю замяняюць чулыя супрацоўнікі бальніцы сястрынскага догляду.
Дзякуй загадчыцы бальніцы Ірыне Фурсе яшчэ і за тое, што не пабаялася патурбаваць сваіх падапечных і дапамагла ім напісаць лісты.
Вельмі хвалявалася, што не зразумеюць яе пачуццё гумару Ніна Данілаўна Гарустовіч (калі вы памятаеце, яна папрасіла ў Дзеда Мароза спадарожніка жыцця і норкавае футра). Ніна Данілаўна, мы ўсё зразумелі! На жаль, пакуль жаданне не поўнасцю выканана, але не трэба губляць надзею. Ваша сіла духу дала нам усім выдатны ўрок. Так трымаць і далей!
Калі лісты жанчын былі крышачку летуценнымі, то майстар на ўсе рукі Віктар Кунцэвіч пажадаў без залішніх сантыментаў проста машынку для стрыжкі. Яго мару выканала прадпрымальніца Марына Лазурэнка, якая перадала яе ў рэдакцыю са словамі: “Мары павінны збывацца!”. Віктар Леанідавіч адразу ж праверыў падарунак і нават прапанаваў нашаму Дзеду Марозу падраўняць бараду.
Сумуе па хатняй утульнасці Анатоль Васільевіч Янюк. Як маглі, паспрабавалі выканаць і яго жаданне. Спадзяемся, што святочны стол з “бонусам” прыйшоўся яму даспадобы. Верыцца, што споўнілася жаданне і былога повара Вольгі Антонаўны Пекун, якая пажадала святочнага настрою для ўсяго калектыву.
Чытаць – не перачытаць кніг цяпер Ніне Васільеўне Швед, якая сціпла папрасіла іх у Дзеда Мароза. Кніжак сабралася невялічкая бібліятэчка і нават навучэнцы каледжа Дзмітрый Зелянкевіч і Андрэй Герасям‘юк прынеслі новыя раманы «для бабулі, якая хацела пачытаць». Вельмі прыемна, што вакол нас сабралася так многа выдатных людзей. Мяркуем, што праект па стварэнні падобных бібліятэчак можна працягваць і ў наступным годзе.
Думаю, больш за ўсё пашанцавала мне і фотакарэспандэнту Сяргею Талашкевічу: мы ўвачавідкі ўбачылі твары людзей, якія паверылі ў цуд. Спадзяюся, што частку таго, у што пераўтварыліся ваша дабрыня і шчодрасць, вы ўбачыце на гэтых здымках.
P.S. Алена Фёдараўна і Глеб, Святлана К., Рома, Надзея Уладзіміраўна, Андрэй і Дзмітрый, Карына і ТАА “Вітрум”, Марына Алегаўна, Святлана Лібакова і кампанія «Фаберлік», усе тыя людзі, хто займаўся зборам падарункаў, а таксама дапамагаў распаўсюджваць інфармацыю ў сацыяльных сетках, ведайце: дабрыня абавязкова адгукнецца ў вашым жыцці.
Кацярына Пашкевіч, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).
Добрай традыцыяй стала наведванне прадстаўнікамі раённай улады не толькі выхаванцаў адукацыйных устаноў і дзіцячых дамоў, але і віншаванне з навагоднімі і каляднымі святамі пажылых людзей.
Гэты год не стаў выключэннем: старшыня райвыканкама М.М.Крэйдзіч разам са старшынёй раённай арганізацыі ГА «Беларускі фонд міру» М.П.Кудраўцом наведалі адзінокіх людзей, якія сталі пацыентамі Сухопальскай бальніцы сястрынскага догляду (на здымках). Такіх тут сёння 27 чалавек. Тых, хто не можа самастойна рухацца, наведалі і павіншавалі ў палатах.
Акрамя таго, не засталіся без увагі і падарункаў і пацыенты Шарашоўскай бальніцы, якія займаюць сацыяльныя ложкі. Бадзёрасць духу і добры настрой — вось асноўныя пажаданні гэтым людзям.
Марына ВАКУЛЬСКАЯ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).