Воскресенье, 13 июля 2025

«Мая Беларусь»

381

Выстава «Мая Беларусь» стала сапраўдным святам культуры і гісторыі, якое прыцягвае ўвагу наведвальнікаў з усіх куткоў нашай краіны і за яе межамі. Яна дае ўнікальную магчымасць пагрузіцца ў багатую спадчыну беларускага народа, пазнаёміцца з яго традыцыямі, мастацтвам і дасягненнямі. На выставе прадстаўлены разнастайныя экспанаты, якія адлюстроўваюць эвалюцыю і культурныя набыткі нашай нацыі. Кожная дэталь, няхай гэта будзе вышыўка, карціна ці старажытны прадмет побыту, расказвае сваю гісторыю, ствараючы яркую і незабыўную мазаіку беларускага жыцця. Гэтая выстава не толькі абуджае пачуцці гонару і павагі да нашых продкаў, але і садзейнічае выхаванню патрыятызму ў будучых пакаленняў. Не пакінулі без увагі гэтую падзею працоўныя калектывы розных арганізацый Пружанскага раёна. У сувязі з гэтым мы вырашылі паразмаўляць з некаторымі ўдзельнікамі мерапрыемства, каб даведацца, якія засталіся ў іх уражанні ад наведвання выставы, і што запомнілася больш за ўсё.

Намеснік дырэктара ААТ «Агра-Калядзічы» па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Гук сумесна з работнікамі арганізацыі таксама пабываў на гэтым мерапрыемстве.
— Мяне ўразіла атмасфера свята і радасці, якая панавала ў гэтым месцы. Усё было ярка і маляўніча, а настрой наведвальнікаў быў выключна прыўзняты. Разам з калегамі мы з задавальненнем прайшлі па ўсіх экспазіцыях. Нашы работнікі актыўна ўдзельнічалі ў розных конкурсах і квэстах, што дадало паездцы яшчэ больш цікавасці і весялосці. Галоўнае ўражанне ад выставы — магчымасць не толькі ўбачыць дасягненні нашай краіны, але і апрабаваць іх на практыцы. Гэтыя невымоўныя адчуванні пакінулі яркі след у нашых сэрцах. Мерапрыемства дало поўнае ўяўленне аб развіцці Беларусі, паказаўшы, што краіна не стаіць на месцы, а актыўна развіваецца і ідзе наперад. Арганізатары падзеі прарабілі вялікую работу, іх намаганні заслугоўваюць асаблівай падзякі.

Не застаўся ў баку і прафсаюз работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму, у складзе якога дадзеную падзею наведала галоўны спецыяліст аддзела культуры райвыканкама Таццяна Пура.

— На мерапрыемстве асаблівая ўвага была нададзена нашым традыцыям і важнасці захавання гістарычнай памяці. Выразна прасочвалася сувязь мінулага, сучаснасці і будучыні, што стварала адпаведную атмасферу. Зразумела, нас вельмі зацікавілі пляцоўкі, якія прадставілі культурную спадчыну сваіх рэгіёнаў. Кожная вобласць выдзялялася сваімі адметнасцямі: Віцебск — панарамай «Славянскага базару», Гродна — Мірскім замкам, а Брэст — карцінамі Напалеона Орды, ліхтарамі і белавежскім зубром. Уразілі і лакацыі, прысвечаныя тэматыцы «Прыгожая краіна». Гэтыя экспазіцыі паказалі, наколькі мы клапоцімся аб захаванні прыроды і ўстойлівым экалагічным развіцці. Тэхналогіі лятальных апаратаў пакінулі незабыўнае ўражанне, а лакацыя, дзе можна было адчуць і пачуць розныя пахі і гукі, дадала гэтай падзеі ўнікальнасці.

Намеснік кіраўніка арганізацыі па ідэалагічнай рабоце Пружанскага лясгаса Ірына Раманюк сумесна са сваімі калегамі стала ўдзельніцай гэтай маштабнай падзеі.

— Выстава «Мая Беларусь» зрабіла моцнае ўражанне і пакінула пачуццё гонару за нашу краіну. За непрацяглы перыяд суверэннасці, Беларусь дасягнула значных поспехаў у розных галінах. Асабліва спадабаліся экспанаты, выстаўленыя ад лясной гаспадаркі. Новая шматаперацыйная тэхніка, пра якую пару дзясяткаў гадоў назад мы не маглі і марыць, зараз працуе ў розных рэгіёнах нашай краіны. Гэтыя інавацыі дэманструюць, які вялікі крок зрабіла наша галіна. Акрамя гэтага, экспанаты дамакамплектаў выклікалі захапленне ў шматлікіх наведвальнікаў экспазіцыі. Асаблівая падзяка арганізатарам выставы за высокі прафесіяналізм і якасную падрыхтоўку мерапрыемства, якое прайшло на вышэйшым узроўні, і пакінула толькі станоўчыя эмоцыі, — адзначыла Ірына Васільеўна.

Сваім меркаваннем аб выставе падзяліўся і намеснік дырэктара па камерцыйных пытаннях РУП «Брэстэнерга»Пружанскія электрычныя сеткі Юрый Русецкі

— На выставе мяне асабліва ўразілі медыцынскія экспанаты. Апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх, якія зараз ёсць у кожным раёне, стэнды з імплантамі і сучаснае стаматалагічнае крэсла спадабаліся больш за ўсё. Не менш цікавай аказалася і касмічная тэматыка, дзе макеты розных спадарожнікаў прыцягнулі ўвагу многіх наведвальнікаў мерапрыемства. Са спартыўнага кутка вылучаецца трэнажор для лыжнікаў, які дазваляе трэніравацца без снега і нават у хатніх умовах. Ён выклікаў цікавасць у людзей розных узростаў, ад дзяцей да пенсіянераў. Таксама запомнілася распрацоўка Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта — рука, здольная пераносіць розныя прадметы. Гэтая тэхналогія знаходзіць ужыванне ў харчовай прамысловасці. І, вядома, уразіла розніца паміж першым нашым тэлевізарам і сучаснымі мадэлямі. Гэта сапраўды, неба і зямля, — падкрэсліў Юрый Тадэвушавіч.

Выстава «Мая Беларусь» стала яскравым прыкладам таго, як наша краіна шануе свае традыцыі, і пры гэтым імкнецца да прагрэсу. Яна прадэманстравала дасягненні Беларусі ў розных галінах, падкрэсліўшы важнасць захавання каранёў і сувязі пакаленняў.

Руслан Басак. Фота прадастаўлена ўдзельнікамі падзеі