Дата 15 лютага, калі на ўсёй постсавецкай прасторы ўшаноўваецца памяць воінаў-інтэрнацыяналістаў, выдзелена чорнай рамкай у календары Соф’і Антонаўны Чарнак. Яна – маці аднаго з пружанскіх герояў, якія не вярнуліся з той страшнай вайны.
Каб маральна падтрымаць жанчыну і ў чарговы раз выказаць спачуванне, у знакавы дзень яе наведалі намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч і старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Валерый Гарахавіцкі. Падчас кароткай размовы відавочна было, што жанчыне вельмі цяжка і маральна, і фізічна: гады (як-ніяк ёй ужо 85!) бяруць сваё. Але яна з усіх сіл трымаецца.
— Такі ў мяне жыццёвы крыж! Сына амаль 38 гадоў таму пахавала, нядаўна не стала і майго брата. А сама ўсё жыву… Балазе, старэйшы сын і суседзі дапамагаюць, і ў магазін, і ў аптэку, калі трэба, сходзяць. Вось толькі рану на сэрцы яны «зашыць» не змогуць…
Нагадаем, Уладзімір Чарнак быў накіраваны ў Афганістан з Туркестанскай ваеннай акругі ў маі 1983 года. Яго родным пра гэта тады ніхто не паведаміў. «Мяне адправілі «ў загранку», — толькі намякаў у сваіх лістах салдат-санінструктар. Аднойчы Валодзя даслаў і фатаграфію, дзе ён стаяў каля верталёта, апрануты ў адпаведную палявую форму з круглай панамай. Так бацькі зразумелі, дзе служыць іх сын.
Прайшло восем трывожных месяцаў… У лістападзе ў сваім чарговым пісьме, якое аказалася апошнім, Валодзя павіншаваў бацькоў з угодкамі вяселля, пажадаў моцнага здароўя і многіх гадоў жыцця. А якраз на праваслаўныя Каляды, 7 студзеня 1984 года, з ваенкамата прынеслі паведамленне аб яго смерці… Напярэдадні, 22 снежня, санітары адвозілі параненых і хворых салдатаў у шпіталь і на зваротным шляху трапілі ў засаду. На гэтым усё…
Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік