Ужо хутка настане гарачы летні сезон і на берагах вадаёмаў будуць збірацца адпачываючыя. Раённае таварыства выратавання на водах актыўна рыхтуецца да гэтага перыяду. Зараз асаблівая ўвага надаецца атэстацыі матросаў-выратавальнікаў, якія ўжо прыступілі да дзяжурстваў на васьмі ведамасных і двух належачых ТВВАД пастах.
Так, на мінулым тыдні на базе выратавальнай станцыі на гарадскім возеры прайшоў семінар-навучанне з матросамі. Як расказаў старшыня раённай арганізацыі ТВВАД Юрый Амельянчук, былі правераны веды і ўменні па выкарыстанні ратавальных прылад, па кіраванні лодкай. Таксама атэстацыю работнікаў паста правялі і медыкі з аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі райбальніцы.
Не менш увагі падчас семінара надавалася і дзеянням матросаў пры ўзнікненні канфліктных сітуацый. Не сакрэт, што некаторыя грамадзяне прыходзяць на бераг вадаёмаў для распіцця спіртных напояў або ўжо ў нецвярозым стане. Работнікі пастоў павінны выяўляць такія выпадкі і накіроўваць падобныя кампаніі далей ад азёр, а пры ўзнікненні спрэчак звяртацца па дапамогу да праваахоўнікаў. Пра гэта нагадалі супрацоўнікі райаддзела міліцыі, якія прынялі ўдзел у семінары.
Як падкрэсліў Юрый Міхайлавіч, штогод у нашым раёне на працягу купальнага сезона рэгіструюцца трагічныя выпадкі, але толькі там, дзе забаронена купацца. Дзякуючы аператыўным дзеянням матросаў аказваецца дапамога дзясяткам пацярпелых, за што работнікі пастоў атрымліваюць каштоўныя ўзнагароды ад таварыства выратавання на водах. Са свайго боку, старшыня заклікаў грамадзян не псаваць настрой ні сабе, ні матросам і рабіць так, каб адпачынак ля вады пакідаў толькі прыемныя ўражанні.
Алег Сідарэнка. Фота аўтара