
7 лютага спаўняецца 85 год з дня нараджэння вядомага мастака Рыгора Піліпавіча Печнікава.
Рыгор Піліпавіч нарадзіўся ў 1940 годзе ў Гомелі. Тады ж яго сям’я пераехала ў Пружаны. Цікавасць да малявання ў хлопца з’явілася падчас вучобы ў сярэдняй школе № 2, дзе будучы мастак афармляў школьныя газеты і прымаў удзел у мастацкіх конкурсах. У 1960 годзе паступіў на вячэрняе аддзяленне Мінскага мастацкага вучылішча, працуючы мастаком-афарміцелем на заводзе. Праз тры гады паступіў на аддзяленне «Графіка» Мінскага тэатральна-мастацкага інстытута.
У 1969 годзе Рыгор Піліпавіч вярнуўся ў родны горад. Тут працаваў мастаком на радыёзаводзе, настаўнікам малявання і чарчэння ў школах раёна.
У 1988 годзе ў дзіцячай школе мастацтваў імя Р.Р. Шырмы было адкрыта выяўленчае (мастацкае) аддзяленне. Рыгор Печнікаў стаў яго першым педагогам і вучыў дзяцей малюнку, жывапісу, станковай кампазіцыі. За час працы выкладчыкам у Пружанскай ДШМ Рыгор Піліпавіч падрыхтаваў нямала таленавітых вучняў: Віталія Раманоўскага, Наталлю Грыцко, Эдуарда Валасевіча, Кацярыну Бушук і інш. У апошнія гады жыцця мастак займаўся напісаннем абразоў.
З многімі яго творамі жыхары горада сустракаюцца і сёння. Гэта і інтэр’еры гарадскіх школ, і музей аграрна-тэхнічнага каледжа, і павільёны гарадскога рынку. Па яго праекце былі выкананы царскія вароты Свята-Мікалаеўскай царквы ў Засімавічах, іканастас Свята-Пакроўскай царквы ў Гарадзечне, створаны помнік С.М. Гудзімаву ў скверы горада, які, дарэчы, у свой час заняў першае месца на Усесаюзным конкурсе самадзейных помнікаў.
Пружанскі палацык таксама беражліва захоўвае работы мастака, якія былі ім створаны ў 1960-1970-я гады. Асноўная іх частка — гэта замалёўкі вуліц горада і эскізы людзей.
Марына Каўтунюк, галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы «Пружанскі палацык»
