Вторник, 8 октября 2024

Зіма скончылася!

351

Аб гэтым было «афіцыйна» абвешчана ў мінулую нядзелю на гарадской плошчы, дзе прайшло святкаванне Масленіцы, якая першая вітае вясну. І хаця надвор’е пакуль складана назваць веснавым, вясёлы настрой усё-такі ўдалося стварыць для тых, хто прыйшоў на традыцыйнае святкаванне ў гэты дзень.

Заслуга ў гэтым належыць артыстам пружанскай самадзейнасці, сіламі якіх быў падрыхтаваны цудоўны канцэрт. З запальваючымі нумарамі перад гледачамі выступілі творчыя калектывы — «Бабіна лета», «Весялінка», «Шчырым сэрцам», «Гармонік», «Сузор’е», «Землякі», а таксама салісты — Ірына Лапаценка, Аксана Вахновіч, Віталій Спіжавы, Міраслава Баландзіна, Мілана Мелеш і Вольга Сазонава.

Прыцягальным стаў і «Цешчын падворак», на якім жадаючыя маглі на практыцы паспытаць усё «хараство сямейнага жыцця», напрыклад, папілаваць дровы з цешчай, прыгатаваць ежу з жонкай, пабіцца падушкамі з цесцем… З задавальненнем уцягваліся ў гэтыя справы не толькі дзеці, але і дарослыя. Не менш прыцягальнай была інтэрактыўная пляцоўка выратавальнікаў, дзе ў цэнтры ўвагі дзятвы апынуўся спецаўтамабіль з пажарным аснашчэннем.

Побач раскінуліся рамесніцкія рады, дзе можна было набыць уласна ручна зробленыя сувеніры і хатнія прылады, якія ўжо шмат стагоддзяў прыносяць карысць гаспадарам і гаспадыням. А стомленыя выбарам пакупак ды святочнымі забавамі маглі адпачыць у адкрытым «кафетэрыі», які арганізаваў філіял райспажыўтаварыства «Колас». І не проста пасядзець, а яшчэ паласавацца прысмакамі, асабліва галоўнай для гэтага дня стравай — толькі што спечанымі блінамі. Як расказала «адказная за печку» Алена Арцішэвіч (на здымку), чарга паспытаць смачны сімвал веснавога сонца практычна не змяншалася на працягу ўсяго святкавання. Тым больш што выбар прапанаваўся даволі разнастайны — блінцы з мёдам, смятанай, згушчонкай, клубнічным або абрыкосавым варэннем.

Пагрэцца на Масленіцы можна было падчас спартыўных мерапрыемстваў. У прыватнасці, быў праведзены хуткі турнір па армрэстлінгу, у якім прынялі ўдзел усе жадаючыя. А пераможцы нават атрымалі каштоўныя падарункі.

Аднак больш за ўсё жадаючых паказаць сваю моц, а таксама паглядзець на гэта шоу, сабраў масленічны слуп. Летась яго вельмі хутка пераадолелі асілкі, а вось сёлета ён «вырашыў» не скарыцца. Першыя восем спроб былі няўдалымі, і для адзіночак, і для тых, каго падсаджвала каманда. Толькі 9-ы і 10-ы падыход прынеслі плён, хаця атрыманую перамогу наўрад ці можна назваць «спартыўнай», бо абодвух хлопцаў на самы верх масленічнага слупа каманда падтрымкі зацягнула за страхавую вяроўку. Тым не менш, прызы яны атрымалі. Да слова, сёлета было вырашана стварыць сюрпрыз, і, замест саміх падарункаў, на версе пераможцаў чакалі драўляныя таблічкі з нумарамі, па якіх на сцэне пераможцам уручалі падарункавыя пакеты. Будзем спадзявацца, што ўзнагароджаныя падзяліліся з тымі, хто ім дапамагаў пераадолець атракцыён «выцягвання на верх слупа».

На гэтым святочныя мерапрыемствы скончыліся, хаця яшчэ некалькі гадзін масленічны настрой панаваў на гарадской плошчы. З музычным фонам, з прысмакамі і памятнымі пакупкамі. Хочацца спадзявацца, што расчараваных наведвальнікаў у гэты дзень тут не было.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік