Тэмп набірае чарговая ўборка збожжавых і зернебабовых культур. Акрамя таго, што трэба якасна ўбраць усе палеткі да апошняга зярнятка, не на апошнім месцы знаходзіцца і давядзенне сабранага ўраджаю да патрэбнай кандыцыі, а іменна яго прасушка, пасля чаго вільготнасць павінна складаць 14%. Для гэтага кругласутачна працуюць зернесушыльныя комплексы ў гаспадарках раёна. Працоўныя перамогі нават у гэтых маленькіх калектывах таксама прынята адзначаць.
Напрыклад, у ААТ «Жураўлінае» сваю першую тысячу тон прасушылі на ЗСК-37. Вось вам і нагода завітаць у гаспадарку, каб павіншаваць машыністаў, адрасаваць цёплыя словы падзякі за працу. Так і зрабілі ў чацвер дырэктар ААТ «Жураўлінае» Аляксандр Пішч, яго намеснік па ідэалагічнай рабоце Зінаіда Усік, старшыня Пружанскай раённай прафарганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Вольга Зубкова і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі сельгаставарыства Вікторыя Пракурат. Віноўнікі ўрачыстасці Яўгеній Цімашэнскі, Аляксей Канько, Мікалай Калешка і Іван Сасна ад Вольгі Васільеўны атрымалі прыгожыя майкі і кепкі з лагатыпам АПК, а таксама памятныя прэзенты. Кіраўніцтва сельгаставарыства таксама паднесла сваім пераможцам каштоўныя падарункі. Усе засталіся задаволенымі: гаспадарка – працавітымі работнікамі, а апошнія – увагай да сябе.
Чаго пажадалі машыністам зернесушыльнага комплексу? Простага чалавечага шчасця, узаемаразумення падчас работы, жадання дасягаць новых вяршынь у працоўнай дзейнасці. Наогул, заставацца людзьмі пры любых абставінах, якія б перашкоды не ўзнікалі на жыццёвым шляху.
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік