Вторник, 22 апреля 2025

Машина Победы — легендарный танк «Т-34»

1 067

Па ўсёй Беларусі ўстаноўлены помнікі з бранятэхнікай — усяго 43 танкі і 6 самаходак. Стаіць Т‑34 і ў Ружанах, на скрыжаванні дарог Зеляневічы-Паперня. Увайшлі ў гісторыю гэтыя машыны, але не ўсе ведаюць гісторыю стварэння машын-«франтавікоў», якія стаяць на пастаментах. 

Кароткая гісторыя

«Танк» — слова англійскае. Першыя ў свеце танкі выйшлі на поле бітвы 15 верасня 1916 года падчас Першай сусветнай вайны, калі англійскія войскі атакавалі нямецкія пазіцыі на рацэ Соме. Рыхтуючыся да наступлення, англічане стараліся захаваць да пэўнага часу тайну сваёй новай зброі і, каб падмануць варожых лазутчыкаў, далі першай баявой машыне зашыфраваную назву «танк», што ў перакладзе азначае цалкам мірнае «бак», «кацёл». У сваіх тэлеграмах, данясеннях яны так і паведамлялі: «Высылаем столькі бакаў (танкаў)» або «Цягнік з катламі (танкамі) прыбыў да месца назначэння». Паспрабуй, вораг, здагадайся, што хутка гэтыя «бакі» папаўзуць па палях баёў. З тых часоў і пайшло: танкі ды танкі, хаця цяпер усе ведаюць, што гэта грозныя баявыя машыны.

Першы савецкі танк быў сабраны рабочымі Сормаўскага завода, калі ішла грамадзянская вайна.

Танк Т‑34, прызнаны шэдэўрам сусветнага танкабудавання, быў створаны ў канцы 1930-х гадоў.

19 снежня 1939 года танк з таўшчынёй брані 45 мм і пушкай 76,2 мм быў прыняты на ўзбраенне Чырвонай Арміі пад пазначэннем Т‑34. Новы танк важыў 26,3 тоны. Экіпаж складаўся з 4 чалавек: механіка-вадзіцеля і стралка, а таксама зараджальнага і камандзіра, які адначасова выконваў абавязкі стралка-наводчыка.

31 сакавіка 1940 года Камітэт абароны прыняў пастанову аб серыйнай вытворчасці Т‑34.

На пачатак вайны на ўзбраенні Чырвонай Арміі знаходілася звыш тысячы Т‑34.

Людзі памятаюць тыя баі

У ваколіцах Ружан у 1941 і 1944 гадах ішлі жорсткія баі з ворагам. Пасёлак быў заняты 47-м нямецкім механізаваным корпусам арміі Гудэрыяна 23 чэрвеня.

Пра першыя дні вайны расказана ў кнізе ўспамінаў «Перажытае» генерал-палкоўнікам Л. М. Сандалавым, які ў той час быў начальнікам штаба 4-й арміі. Ён піша, што, пачынаючы з 24 чэрвеня 1941 года, у раёне Ружан вяла баі 22‑я танкавая дывізія. Да пачатку вайны гэтае воінскае злучэнне дыслацыравалася на поўдзень ад Брэста, за 3–4 кіламетры ад граніцы.

Адначасова з боку Беластока адступалі часці 10-й арміі, яны адыходзілі на ўсход. І 22‑я танкавая дывізія з-пад Брэста, і часці 10-й арміі з боку Беластока прабіваліся да фронту, каб злучыцца з іншымі часцямі. Да іх далучыліся часці 3-й арміі, якія адыходзілі ад Гродна на ўсход.

Шлях адступлення воінскіх злучэнняў быў нялёгкім. Прыгранічныя раёны — Ружаны, Слонім — ужо былі заняты немцамі. Разрозненыя воінскія часці змяшаліся па берагах р. Зяльвянкі. Вось што расказвалі пра першы дзень вайны відавочцы — жыхары размешчаных побач вёсак Славацічы і Заполле.

С. С. Крэчка: «У першы дзень вайны ў нашу вёску Славацічы з боку Ружан прыехаў нямецкі бронетранспарцёр, наблізіўся да магазіна, які тады называўся кааператывам. Немцы спыніліся, пакапаліся ў маторы і паехалі назад. Зрабілі акопы на гары. Праз некаторы час з боку Зэльвы паказаўся савецкі бензавоз, які ішоў у накірунку да Ружан. Мужчыны, якія стаялі каля кааператыва, спынілі машыну і папярэдзілі вадзіцеля, што далей ехаць нельга: на гары немцы. Бензавоз развярнуўся і паехаў у бок вёскі Паўлавічы. Немцы пачалі страляць з бронетранспарцёра. Бензавоз загарэўся і ўзарваўся. У канцы вёскі пачаўся пажар. Людзі ўзяліся выносіць з дамоў рэчы.

Праз некаторы час на Ружаны ішла новая машына, а за ёй — мноства тэхнікі. Пачалося масавае адступленне ад Зэльвы на Ружаны.

Старыя людзі расказвалі, што ў Славацічах пры гэтым горкім адступленні перад байцамі ўзяла слова раненая жанчына, якая заклікала ісці на прарыў. Яе падтрымалі камандзіры. З адным з іх была маленькая дачка, маці якой загінула. Камандзір пасадзіў дзяўчынку пад дрэвам і папрасіў, каб людзі далі ёй прытулак, а сам паабяцаў, што, калі застанецца жывы, абавязкова вернецца па дачку. Сям’я Гойка ўзяла дзяўчынку, якую назвалі Верай. На жаль, яе бацька так і не вярнуўся.

Потым, пасля бою пад Ружанамі, некаторыя армейцы вярталіся і, не знаходзячы для сябе выйсця, губілі ўласныя жыцці: каб не здавацца, кідаліся ў калодзежы. Быў выпадак, калі, седзячы ў крэсле, застрэліўся афіцэр».

Я. І. Гардзей: «Пасля цяжкіх трохдзённых баёў вёска Заполле ператварылася ў руіны, была «закатавана» танкамі, машынамі. Усюды былі бачныя варонкі ад бомбаў і артылерыйскіх снарадаў. З 59 хат засталося 3. У вёсцы, у лесе, на дарогах была разбітая тэхніка: і савецкая, і нямецкая».

Л. М. Дурэйка і А. М. Рошчанка (відавочцы, якія ў той час знаходзіліся ў пасёлку) расказвалі: «25 чэрвеня 1941 года нашы войскі накіраваліся ў Ружаны, і немцы былі выгнаны з пасёлка. Яны паспешліва адступалі. Праціўнік панёс страты, таму вымушаны быў спыніць атакі. Адразу за горадам яны размясціліся на ўзвышшах». Там былі ўстаноўлены гучнагаварыцелі, і над ружанскай зямлёй раздавалася мелодыя песні «Раскинулось море широко». «Напрасно старушка ждёт сына домой» — гэтая фраза паўтаралася некалькі разоў. Дайграе песня — і кулямётная чарга. Зноў тыя ж песенныя словы — і зноў стральба.

Пранікалі ў пасёлак і нямецкія лістоўкі-пропускі з такім зместам: «Таварышы чырвонаармейцы! Вы акружаны з усіх бакоў! Ваша становішча безнадзейнае! Любое супраціўленне бессэнсоўнае». У цэнтры лістоўкі — карта, на якой абазначана наша мясцовасць і адлюстравана схематычная выява акружаных войскаў, і далей тэкст: «Навошта вам праліваць вашу кроў? Няпраўда, што немцы мучаць ці нават забіваюць палонных! Гэта нахабная хлусня! Нямецкія салдаты добра ставяцца да палонных!»

На адваротным баку — тэкст пропуска: «Прад’яўнік гэтага, не жадаючы бессэнсоўнага кровапраліцця, добраахвотна пакідае Чырвоную Армію і пераходзіць да немцаў у цвёрдай упэўненасці, што яго чакае добрае абыходжанне».

25 чэрвеня чырвонаармейскія войскі яшчэ прарываліся з акружэння да пінскіх балот. І нямала фашыстаў знайшло сабе магілы на ружанскай зямлі.

Ворагу не хапала сіл

Раней у СШ № 1 г. Пружаны быў змястоўны музей баявой славы. Там захоўваўся фотаздымак ваеннага часу, дасланы настаўніку гісторыі М. А. Шульману маршалам К. К. Ракасоўскім. На тым здымку адлюстраваны могілкі салдат і афіцэраў вермахта, якія загінулі ў Ружанах у першыя дні вайны: вялікая колькасць крыжоў на ўзбочыне дарогі на Слонім, каля ружанскага касцёла. Усцілаючы сваімі трупамі пасёлак, праціўнік цвёрда стрымліваў напор чырвонаармейцаў.

Вядома, што на трэці дзень вайны Гітлеру паведамілі пра два захопленыя танкі — КВ і Т‑34. Ён быў у вялікім здзіўленні: ніхто ў ваенным кіраўніцтве рэйха не ведаў пра іх існаванне. І фюрар заявіў сваім генералам: «Калі б мне было вядома пра такія танкі ў рускіх, магчыма, я не пачаў бы гэтую вайну».

26 чэрвеня 1941 года баі насілі ачаговы характар. 27 чэрвеня танкі Гудэрыяна пасля значных страт занялі пасёлак. У гэты дзень Гудэрыян звязваўся са штабам 4-ай арміі і паведамляў пра недапушчальную сітуацыю і недахоп сіл.

29 чэрвеня Гудэрыян у тэлефоннай размове зноў настойліва патрабаваў неадкладна ўмацаваць сілы 29-й мотадывізіяй, 5‑м кулямётным батальёнам і часцямі 10-й танкавай дывізіі. Закончыў ён сваё патрабаванне словамі: «Гэта павінна абавязкова адбыцца сёння».

У гэты ж дзень 29‑я мотадывізія атрымала заданне блакіраваць спробы праціўніка прарвацца на ўчастку Слонім-Зэльва-Ружаны.

29–30 чэрвеня — менавіта ў гэтыя дні нашы салдаты прынялі на сябе жахлівы ўдар браніраванай варожай арміі. Пра асуджанасць гэтых баёў лаканічна гаворыць даведка з «Гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Савецкага Саюза 1941–1945»: «За першыя чатыры дні ваенных дзеянняў боепрыпасы, якія былі ў войскаў, гаручае і большая частка харчу былі расходаваны».

На бяду, і тут у танках закончылася гаручае, не хапала снарадаў…

30 чэрвеня блакітнае неба несла смерць. Нямецкія «Юнкеры» выходзілі з боку сонца і на брыючым палёце расстрэльвалі з кулямётаў чырвонаармейцаў. Агню і страт было шмат. Гудзела і калацілася зямля.

Напора не сдержали наши танки,

Был сокрушён наш броневой оплот.

От танков — только жалкие останки

Чадили среди зельвенских болот…

Па ўспамінах відавочцаў, калі баі скончыліся — а яны былі асабліва жорсткія на ўскраіне Ружан каля Паперні, — паўсюль ляжалі целы байцоў, месцамі яны былі раздушаны гусеніцамі танкаў. Бачылі людзі і абвугленага байца ў абгарэлым танку, яго рукі і ногі былі на рычагах і педалях: ён змагаўся да апошняга. Ён ішоў наперад. Чаму? Проста ведаў: без танкіста не будзе перамогі.

Людзі не бачылі, каб нехта з салдат узнімаў рукі перад гітлераўцамі. Тыя, хто застаўся жывым, апынуліся ў палоне па злой волі — у бездапаможным стане, пусціўшы ў ворага апошні патрон або страціўшы прытомнасць пасля ранення… У «Ваенным дзённіку» (29 чэрвеня 1941 г.) генерал-палкоўніка Франца Гальдэра, начальніка штаба сухапутных войскаў Германіі, ёсць таму сведчанне: «Рускія ўсюды змагаюцца да апошняга чалавека…, змагаюцца, пакуль іх не заб’юць; іншыя бягуць, скідваючы з сябе форменнае абмундзіраванне, і спрабуюць выйсці з акружэння пад выглядам сялян».

Так было і на Ружаншчыне.

Ёсць што даследаваць і шанаваць

Стаіць на месцы самых жорсткіх баёў Курган Славы. Спачатку тут быў пастаўлены драўляны абеліск. Пасля ў кастрычніку 1966 года ўся Ружаншчына насыпала курган і абкладвала яго дзёрнам, а ў 1967 годзе курган стаў такім, які ён цяпер.

У гэтай брацкай магіле ў 60-я гады былі перапахаваны 56 чырвонаармейцаў, у тым ліку 3 жанчыны — работнікі ваенна-медыцынскай службы. 

У матэрыялах раённага савета ветэранаў «Да мінулага — з павагай, да будучага — з надзеяй» (2005 г., ст. 13) чытаем: «Сёлета на Пружаншчыне было знойдзена два месцы гібелі чырвонаармейцаў: шэсць чалавек пад Ружанамі…»

У тым жа 2005 годзе газета «Заря» паведамляла, што ў ваколіцах Ружан вяліся раскопкі і былі выяўлены астанкі трох чалавек. Таксама былі знойдзены фрагменты адзення часоў вайны. Аднак засталося невядомым, чые гэта салдаты. Для правядзення экспертызы з Германіі прыехаў спецыяліст службы перапахавання Х. Вінтэрфельд, які разам з нашымі экспертамі вызначыў, што загінулыя — чырвонаармейцы.

Пошукі і даследаванні працягваюцца. 21 красавіка 2018 г. «Раённыя будні» паведамілі чытачам, што з Мінска прыехала група даследчыкаў музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, якая будзе працягваць пошукавыя работы на тэрыторыі Ружаншчыны да канца года.

Нямала лёсаў загубіла вайна. Сціплыя звесткі пра загінулых данёс да нас час.

Побач з Курганам Славы на п’едэстале стаіць танк Т‑34, які патануў у Зяльвянцы ў 1941 годзе. Тут жа былі знойдзены астанкі чатырох абаронцаў родных межаў. Разам з імі — танкавы кулямёт, дзве дзесяцізарадкі, адна трохлінейная вінтоўка старога ўзору, афіцэрскі рэмень, компас.

Хто яны, гэтыя байцы, што загінулі ля скрыжавання дарог? Знойдзена было два жэтоны, аднак адзін з іх быў пусты. Па другім удалося высветліць, што яго ўладальнік — Мікалай Ільіч Дзьякаў, сяржант, ураджэнец Сталінградскай вобласці.

Т‑34 выцягнулі на бераг, адрамантавалі, браню пафарбавалі ў традыцыйны зялёны колер. Танк замацавалі на пастаменце, зрабіўшы помнікам воінам-танкістам, якія тут змагаліся.

Большасць танкаў, якія стаяць на месцах бітваў, выпушчана ў пасляваенныя гады. Ружанскі танк — з баявой гісторыяй, ён — сапраўдны франтавік, ён — рэдкасць.

Танкі «трыццацічацвёркі», распрацаваныя Міхаілам Кошкіным, прайшлі праз агонь да Берліна, ваявалі пад Масквой і Ленінградам, яны праявілі сябе пад Прохараўкай, на палях паміж Белгарадам і Арлом, у баі за Днепр…

Ва ўпартым пераможным баі за вызваленне Ружан таксама ўдзельнічалі Т‑34. Ружаны былі вызвалены 12 ліпеня 1944 года часцямі 69-й, 15-й, 37-й стралковых дывізій, якія ўваходзілі ў склад 18-ага стралковага корпуса 65-й Арміі (камандаваў войскамі Арміі П. І. Батаў). Асабліва вызначылася стралковая рота лейтэнанта Абрамава.

У 1945 годзе, падводзячы вынікі Другой сусветнай вайны, прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Уінстан Чэрчыль на пытанне пра самую лепшую зброю адказаў так: «Тры. Англійская пушка, нямецкі самалёт «Месершміт», рускі танк Т‑34. Аднак калі ў першых двух выпадках мне зразумела, як гэта было зроблена, то я зусім не разумею, як з’явіўся такі танк…»

Танк Т‑34 стаў самым масавым танкам у свеце, ён стаяў на ўзбраенні ў 46 дзяржавах і паспяхова прымяняўся ўсюды — ад Запаляр’я да Паўднёвай Афрыкі. Нават зараз у першым радку топ-рэйтынгаў лепшай баявой тэхнікі ўсіх часоў і народаў застаецца легендарны Т‑34.

…Ружанскі танк горда стаіць на пастаменце, нагадваючы пра адвагу воінаў брацтва народаў у ваеннае ліхалецце. Бязмежная ўдзячнасць вядзе да гэтага святога месца людзей, якія нясуць сюды кветкі. Хлопчыкі, калі бываюць тут, спрабуюць праз шчыліны разгледзець, што ў танка ўнутры. Хтосьці на памяць тут фатаграфуецца. Сюды прыходзяць, каб натхніцца прыкладам годных учынкаў. Сюды прыходзяць, каб пакланіцца героям.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *