Юрыю Слінка — 29 гадоў. Нарадзіўся ён у Івацэвіцкім раёне, але цяпер жыве ў Ружанах. Не толькі ў гарадскім пасёлку, санаторыі «Ружанскі», дзе працуе, але і ва ўсім раёне Юрыя ведаюць як таленавітага самадзейнага спевака.
З дзяцінства Юрый меў праблемы са зрокам. Таму вучыўся ў Жабінкаўскай школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннем зроку.
— Пра школу ў мяне самыя цёплыя ўспаміны. Я скончыў 11 класаў, хоць спачатку меркаваў пайсці пасля дзявятага, — узгадвае Юрый. — Жыццё ўдалечыні ад дому не было сумным: я рана захапіўся музыкай і часта ўдзельнічаў у розных мерапрыемствах і конкурсах, дзе займаў першыя месцы. Мы ездзілі па розных гарадах, у тым ліку і за мяжу. Адначасова скончыў музычную школу па класе баяна. Але калі ў старэйшых класах паўстала пытанне аб паступленні, мы з бацькамі прыйшлі да адзінай думкі, што паступаць варта ў Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі каледж на спецыяльнасць масажыста. Музыка ж застанецца для сябе як хобі. Так і выйшла. Па выніках уступных выпрабаванняў я стаў навучэнцам каледжа, дзе з поспехам асвоіў выбраную спецыяльнасць.
Пасля заканчэння навучальнай установы маладому спецыялісту прапанавалі працу ў санаторыі «Ружанскі».
— Раней я часта праязджаў праз Ружаны, але, шчыра кажучы, пахадзіць па яго вуліцах мяне ніколі не цягнула. Не думаў, што сваё жыццё звяжу менавіта з гэтым гарадскім пасёлкам. Ужо праз гады магу сказаць, што гэта было правільнае рашэнне, аб якім я ні кроплі не шкадую. Калектыў у нас добры, заўжды гатовы прыйсці на дапамогу. Ды і ў цэлым праца мая мне па душы, — распавядае Юрый. — Мы ўсе як адзіная сям’я, дапамагаем адзін аднаму. Я знайшоў тут нямала сяброў, з якімі пастаянна падтрымліваю зносіны. Людзі цудоўныя не толькі ў санаторыі, але і наогул на Ружаншчыне. І менавіта сваім сябрам я абавязаны ўдзелам у праграме «Песні ад усей душы».
Юрый Слінка прызнаецца, што і сам да канца не ведае, якім чынам адбыўся сапраўдны цуд, збылася яго даўняя мара. У санаторыі «Ружанскі» адпачывала жанчына, якая мае дачыненне да праграмы. Сябры арганізавалі сустрэчу з ёй маладога спевака.
— Мы паразмаўлялі, яна дала свой нумар тэлефона і папрасіла пераслаць неабходную інфармацыю. Не прайшло і дзвюх гадзін пасля адпраўкі маіх запісаў, як прыйшоў адказ: «Я бяру вас у работу». Ведаеце, эмоцыі былі неверагодныя! Я раней дасылаў па пошце сваю анкету разам з запісамі, але адказу не атрымаў. А зараз склалася адчуванне, што сам Бог прывёў гэтую жанчыну на адпачынак у наш санаторый і даў мне сустрэцца з ёю. Я быў на сёмым небе ад шчасця, — дзеліцца ўспамінамі спявак.
Перад паездкай на шоу творчая група праграмы наведала Ружаны, каб запісаць відэа пра штодзённае жыццё Юрыя, якое потым паказалі падчас праграмы.
— Было вельмі цяжка вытрымаць 12-гадзінныя здымкі. Я стаміўся і недзе нават злаваўся, бо даводзілася зноў і зноў паўтараць адны і тыя ж дзеянні. Але ж аператар нагадаў: маўляў, гэта ж твая мара. І, напэўна, толькі тады я асэнсаваў, што гэта сапраўды так, і гатовы быў здымацца яшчэ 12 гадзін, — з усмешкай расказвае малады чалавек.
Напрыканцы верасня Юрый упершыню апынуўся ў Маскве. Разам з ім здзяйсняць яго мару прыехала і матуля, самы галоўны чалавек у жыцці.
— Я вельмі люблю сваіх бацькоў. Яны заўсёды мне дапамагаюць, без іх я не змог бы існаваць на гэтым свеце. Дзякуй Богу, што яны ў мяне ёсць. Бацька ў мяне больш хатні чалавек. У паездках са мной заўсёды мая мама. Ды і мне так спакайней, калі яна побач, — адзначыў удзельнік шоу «Песні ад усёй душы».
Нядзіўна, што песня, якую выканаў Юрый Слінка на праграме, так і называлася: «Мама». А перад песняй зачытаў уласны верш, які таксама быў прысвечаны самаму галоўнаму чалавеку ў яго жыцці. Гэты верш і песня расчулілі не толькі маму Марыю Васільеўну, але і ўсіх, хто знаходзіўся ў студыі. Нават праглядаючы запіс у эфіры па тэлебачанні, можна было прасякнуцца, наколькі душэўным было выступленне жыхара Ружан.
— Вельмі моцна хваляваўся перад выступленнем, але, калі выйшаў у студыю, усё хваляванне засталося дзесьці ззаду, я адчуў сябе, як дома. Мне сапраўды было камфортна і ўтульна, шкада, што ўсё так хутка скончылася. Для мяне ўдзел у шоу праляцеў, як імгненне. Не паспелі прыехаць у Маскву, як ужо давялося адтуль ад‘язджаць. Але спадзяюся гэта не апошняе мае выступленне на тэлебачанні, — кажа Юрый.
Мы таксама спадзяёмся, што гэта не апошняя сустрэча таленавітага і мэтанакіраванага спевака з тэлегледачамі і чытачамі нашай газеты. А паглядзець запіс шоу Андрэя Малахава «Песні ад усёй душы» на тэлеканале «РТР-Беларусь» можна і на нашым Telegram-канале: https://t.me/budniby/15809.
Руслан Басак. Фота з асабістага архіву Юрыя Слінка