Четверг, 19 июня 2025

Марыя Мажынская наведала Пружанскі раён

596

Намеснік міністра эканомікі краіны Марыя Мажынская на мінулым тыдні з рабочым візітам наведала Пружанскі раён.

Мэтай прыезду Марыі Мажынскай была сустрэча з калектывам Пружанскага завода радыёдэталей, дзе меркавалася расказаць пра работу Усебеларускага народнага сходу, яго канцэпцыю, далейшую дзейнасць, а таксама азнаёміць работнікаў ПЗР з вынікамі работы эканомікі за чатыры месяцы.

Таксама было запланавана наведаць ААТ «Пружанскі малочны камбінат», пабываць на ААТ «Пружанскі льнозавод».

У рабоце інфармацыйнай групы прынялі ўдзел старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, намеснік начальніка ўпраўлення прамысловасці і інавацыйнай дзейнасці камітэта эканомікі Брэсцкага аблвыканкама Андрэй Барычэўскі, намеснік старшыні Пружанскага райвыканкама Святлана Ханавец.

Падчас сустрэчы з работнікамі завода радыёдэталей Марыя Аляксандраўна адзначыла, што асноўнае для паспяховай вытворчасці любога прадпрыемства — гэта якасць выпускаемай прадукцыі, а значыць, запатрабаванасць на рынку і максімальная загрузка магутнасцей. Гэта дазволіць забяспечыць стабільную работу, добрую зарплату працуючых.

Завод спецыялізуецца на вытворчасці кампанентаў для аўтамабілебудаўніцтва, выпуску бытавой тэхнікі.

— Для далейшага развіцця прадпрыемству неабходна ўбудоўвацца ў кааперацыйныя ланцужкі, наладжваць выпуск імпартазамяшчальнай інавацыйнай прадукцыі для айчынных прадпрыемстваў і актыўна асвойваць новыя рынкі. Дасягнуць гэтага магчыма, калі кожны на сваім месцы будзе працаваць добрасумленна і з поўнай аддачай, — зазначыла Марыя Мажынская.

Яна адказала на пытанні супрацоўнікаў завода. Адказваў таксама на пытанні і старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч. Калі прысутныя цікавіліся ў намесніка міністра эканомікі аб праектах, рэалізуемых на Брэстчыне ў цэлым, то ў Міхаіла Міхайлавіча — канкрэтна на Пружаншчыне.

На Пружанскім малочным камбінаце намеснік міністра эканомікі азнаёмілася з ходам рэалізацыі інвестыцыйнага праекта па арганізацыі вытворчасці малочнай прадукцыі ў рамках ініцыятывы «Адзін раён — адзін праект». Па словах Марыі Аляксандраўны, бізнес-ідэі, заснаваныя на паглыбленай перапрацоўцы мясцовай сыравіны, садзейнічаюць стварэнню новых рабочых месцаў, дапамагаюць павялічыць і лакалізаваць ланцужкі дабаўленага кошту ў рэгіёне, дазваляюць пашырыць асартымент выпускаемай прадукцыі і геаграфію экспартных паставак.

Сустракаючыся з дырэктарам і інжынерна-тэхнічнымі работнікамі льнозавода, Марыя Мажынская адзначыла:

— Зладжаная і прадукцыйная работа ўсяго калектыву дапамагла прадпрыемству увайсці ў лік 11-ці лепшых арганізацый прамысловасці, якія ўдастоены занясення на рэспубліканскую Дошку гонару па выніках работы за 2023 год. Упэўнена, што ганаровы статус пераможцы стане стымулам да далейшага развіцця прадпрыемства і дасягнення яшчэ больш высокіх рэзультатаў у будучым.

Марыя Аляксандраўна ўручыла падзяку міністра эканомікі дырэктару льнозавода Мікалаю Жогалу.

Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік