Вторник, 14 января 2025

Марыя Кунда сёлета адзіная ў раёне набрала 100 балаў на ЦТ. Цяпер студэнтка Гродзенскага дзяржаўнага медуніверсітэта падзялілася з выпускнікамі сакрэтамі поспеху

1 929

Першы месяц новага навучальнага года амаль завершаны. І калі хтосьці чакае кастрычнік таму, што ў канцы яго будуць канікулы, то для выпускнікоў гэта месяц, калі стартуе першы этап рэпетыцыйнага тэсціравання. А значыць, прыйшоў час правяраць свае веды, выпраўляць памылкі і больш адказна рыхтавацца да паступлення.

Год таму такімі ж клопатамі жыла і Марыя Кунда, сёння студэнтка лячэбнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага медуніверсітэта. Дапамаглі дзяўчыне ў паступленні… 100 балаў, якія яна набрала на ЦТ па біялогіі.

Часам нясмелая, але мэтанакіраваная і цвёрдая ў сваіх рашэннях – так Маша апісвае саму сябе. Адно з такіх рашэнняў – больш глыбока вывучаць біялогію – яна прыняла яшчэ ў шостым класе, калі вучылася ў Старавольскім ВПК. Тады навучальная ўстанова насіла статус дзіцячага сада-базавай школы. Цікавасць да прадмета вучаніцы заўважыла настаўніца Ірына Мікалаеўна Астапчук. Разам з ёй Марыя і пачала рыхтавацца да алімпіяд па біялогіі. Работа такога тандэма дала вынік ужо праз два гады: у восьмым класе Марыя заняла першае месца на раённай алімпіядзе. Дыпломы раённага ўзроўню былі і далей, як і паездкі на абласную алімпіяду па вучэбным прадмеце.

Калі ж Маша скончыла базавую школу, стала зразумела: далей трэба працягваць навучанне там, дзе ёсць хіміка-біялагічны профіль. Такі аказаўся ў СШ №1 імя ЧБВА, дзе дзяўчыну «пад крыло» ўзяла настаўніца біялогіі Ала Анатольеўна Чайкоўская. Акрамя таго, з дзясятага класа Марыя пачала займацца з вядомым у раёне педагогам Марыяй Міхайлаўнай Шышко. Разам з ёй і рыхтаваліся да тэсціравання:

Многае залежыць ад настаўнікаў. І мне з імі сапраўды пашанцавала. І Ірына Мікалаеўна, і Ала Анатольеўна, І Марыя Міхайлаўна літаральна падзяліліся са мной часцінкай сваёй душы. Але ж, нягледзячы на любоў да прадмета, падрыхтоўка да ЦТ і алімпіяд не была лёгкай. У гэтай справе вельмі важная сістэмнасць: ты павінен не толькі назапашваць новы матэрыял, але і рэгулярна паўтараць ужо вывучанае, — дзеліцца вопытам Марыя.

На сваё першае РТ яна пайшла таксама ў дзясятым класе. Не ўтойвае, што тады набрала «ўсяго» 63 балы. Канечне, вынікам была незадаволена, але разумела, што на гэтым спыняцца не збіраецца. Так яно і атрымалася: у наступныя разы было 78, 86 і 94 балы. Было б і 100, прызнаецца Маша, калі б не памылка ў афармленні…

Цікава, што зубрылка-«завучка», як сама сябе называе дзяўчына, знаходзіла час і на спорт. З пятага класа Марыя прафесійна займаецца пешаходным турызмам. Кажа, што аднойчы трапіла на заняткі да Сяргея Валер’евіча Зелянеева, і турызм назаўсёды стаў яе захапленнем. Тут яна таксама ўдзельнічала і перамагала ў спаборніцтвах рознага ўзроўню, выканала нарматывы кандыдата ў майстры спорту, нават уваходзіла ў зборную вобласці і краіны.

Любы чалавек, акрамя вучобы ці работы, проста павінен знаходзіць час на хобі. Гэта як своеасаблівыя лекі, якія дапамагаюць пазбавіцца ад вялікай колькасці думак і зняць напружанне. Для мяне такім хобі і стаў турызм. Плюс да ўсяго, гэта спорт, які дапамагае трымаць сябе ў добрай форме, — расказвае Маша.

Яшчэ адна парада, якую дае дзяўчына, – планаванне свайго часу. Дзякуючы яму, яна знаходзіла час не толькі на дамашнія заданні, дадатковыя заняткі па біялогіі, спорт, але і зносіны з роднымі і сябрамі.

Неўзабаве надышоў час ЦТ. На іспыт дзяўчына ішла ўпэўнена. Прызнаецца, што заданні аказаліся даволі знаёмымі, таму асаблівых сумненняў не ўзнікала. Пра тое, што вынік вядомы, даведалася дзякуючы сяброўцы, якая спытала: «А колькі ў цябе?». Тады Марыя і зайшла ў асабісты кабінет, дзе насупраць няправільных адказаў убачыла пустую графу, а ў радку «сума балаў» – запаветную сотню.

З такім вынікам дзяўчыну віншавалі, у першую чаргу, родныя і сябры. Вядома, ганарацца вучаніцай, якая сёлета адзіная ў раёне дасягнула такога поспеху, і настаўнікі. Але гэта яшчэ не ўсё! Літаральна крышачку не хапіла Марыі да другой сотні балаў – па беларускай мове. На ЦТ па гэтым прадмеце яна набрала 98 балаў, што таксама з‘яўляецца вынікам карпатлівай работы і стараннай падрыхтоўкі.

Залаты медаль і сярэдні бал 9,7 у атэстаце дазвалялі Марыі нават без ЦТ паступіць на педагагічную спецыяльнасць. Але дзяўчына абрала медыцыну. Хочацца верыць, што такія добрыя вынікі – толькі пачатак вялікага шляху, напоўненага поспехамі і (чаму б і не?) адкрыццямі ў галіне біялогіі сусветнага маштабу!

Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік