Пятница, 23 мая 2025

Марыя Ільінічна Шкадава адзначыла свой 100-гадовы юбілей

375

За два дні да Новага года адзначыла свой 100-гадовы юбілей ветэран працы, вязніца фашызму ў гады Вялікай Айчыннай вайны Марыя Ільінічна Шкадава.

Яна пражыла не проста доўгае, але і вельмі цяжкае жыццё. Нарадзілася ў вёсцы Брады. Бацька служыў лесніком, маці выхоўвала дзяцей, вяла гаспадарку. У 18 гадоў Марыя выйшла замуж за свайго аднавяскоўца і аднагодка Уладзіміра. Неўзабаве пачалася вайна. Марыю разам з мужам вывезлі ў Германію на прымусовыя работы. Яна працавала на гаспадароў у паляводстве, муж — на разборцы завалаў, там ён і загінуў.

У 1945 годзе дзяўчына вярнулася ў родную вёску, бацькі ўжо не стала, давялося дапамагаць сям’і. Зноў стварыла сям’ю, з мужам выхавалі чацвёра дзяцей. Працавала Марыя Ільінічна паляводам у калгасе імя Ленінскага камсамола. Цяпер пражывае з дачкой у Пружанах. Не забываюць бабулю восем унукаў і 12 праўнукаў.

Але ў юбілейны дзень з падарункамі да яе прыйшлі не толькі родныя: павіншаваць Марыю Ільінічну сабраліся старшыня Пружанскага раённага савета ветэранаў Уладзімір Яцкевіч, старшыня раённага аддзялення вязняў Валянціна Засядацель, старшыня Шчарчоўскага сельвыканкама Віктар Ванека. Імянінніцы ўручылі падарункі і кветкі прадстаўнікі Пружанскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, ААТ «Пружанскае».

Таццяна КАПІЦА. Фота Кацярыны МАСІК