Пятница, 23 мая 2025

Мары здзяйсняюцца! Вучаніца СШ №5 Валерыя Цабрук стала адной з пераможцаў рэспубліканскага конкурсу ідэй “Першыя”

1 754

Мінулым летам гэтая дзяўчынка прачытала кнігу Алана Піза “Адказ” пра тое, што ўсе мэты ў жыцці дасягальныя. Але для гэтага іх трэба проста запісваць ад рукі, а яшчэ надзейней — пад Новы год.

— Прызнацца, я спачатку сумнявалася, што простая запіска можа так змяніць маё жыццё. Але вырашыла паспрабаваць. Яшчэ перад Новым годам я запісала ўсё, пра што марыла і што планавала ажыццявіць у 2021 годзе. Адным з пунктаў было выступіць на канферэнцыі TEDx і даць інтэрв’ю журналістам, апошняе я зараз і раблю, — усміхаецца вучаніца СШ №5 Валерыя Цабрук, якая нядаўна стала адной з пераможцаў рэспубліканскага конкурсу ідэй “Першыя”.
Але аб усім па парадку.

TED (Technology, Education, Design — техналогіі, адукацыя, дызайн) – сусветнавядомая некамерцыйная арганізацыя, якая штогод праводзіць канферэнцыю, на якой выступаюць славутыя людзі планеты, у прыватнасці нобелеўскія лаўрэаты, з мэтай змяніць навакольны свет да лепшага.
Канферэнцыі TEDx — гэта дадатковы праект, які дазваляе асобным людзям у розных краінах, гарадах, універсітэтах арганізоўваць падобныя ліцэнзаваныя канферэнцыі.
Гісторыя TEDx у Беларусі пачалася ў 2009 годзе, за гэтыя гады было праведзена мноства лакальных мерапрыемстваў у Мінску, Гродна, Магілёве з беларускімі дакладчыкамі, выдэа-выступленні якіх паглядзела мноства чалавек.


На працягу апошніх гадоў Лера сачыла за дзейнасцю TEDх, потым даведалася, што ў Беларусі ёсць іх прадстаўніцтва. І ёсць некалькі ўстаноў, якія супрацоўнічаюць з арганізацыяй, у прыватнасці, мабільны аператар А1. Менавіта ён і абвясціў у сацыяльнай сетцы Інстаграм самы маштабны ў Беларусі конкурс маладзёжных ідэй. Прыняць удзел у ім маглі вучні 9 — 11-х класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з усёй краіны. На працягу праекта ўдзельнікі на выбар працавалі па пяці накiрунках: экалогiя, тэхналогіі, культура, урбанiстыка і iнклюзія.


У апошнім і заявіла пра сябе пружанская дзяўчынка, якая ўжо год як з‘яўляецца валанцёрам Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа і UNICEF (Дзіцячага фонду Арганізацыі Аб’яднаных Нацый) і клапоціцца ў тым ліку пра дзяцей з абмежаванымі здольнасцямі, далучае іх да актыўнага грамадскага жыцця.


— На конкурсе ад мяне патрабавалася запоўніць анкету на беларускай мове, прадставіць сваю ідэю і зняць відэа па яе рэалізацыі. Саму ідэю падказала мне мая мама-псіхолаг. Яна заключаецца ў выкарыстанні ў рабоце з асаблівымі дзецьмі нейраграфікі — асаблівага метаду малявання лініямі, пры якім развіваецца дробная маторыка, а галоўнае — здымаецца стрэс і напружанне.
Лера правяла занятак з дзецьмі, якія займаюцца ў цэнтры карэкцыйнага развіцця. І заўважыла, што малюнкі “асаблівых мастакоў” атрымаліся нашмат прыгажэйшымі, чым у звычайных людзей.


— У метадзе нейраграфікі, якую вынайшаў маскоўскі спецыяліст Павел Піскароў, ёсць вялікая колькасць тэхнік, але мы выкарыстоўвалі базавую: адна лінія — адна думка. Нам патрэбны былі толькі ліст паперы і фламастары. Алгарытм дзеянняў быў просты: неабходна было ўявіць стрэсавую сітуацыю і адлюстраваць яе на паперы адной лініяй, пакуль не стоміцца рука, можна было заплюшчыць вочы. Далей усе вострыя вуглы акругляліся, а атрыманыя формы і фігуры зафарбоўваліся. У выніку ў кожнага дзіцяці атрымалася ўнікальная выява — прадукт фантазіі, эмоцый і падсвядомасці. Увогуле нейраграфіка дазваляе развіваць эмацыйны інтэлект і эфектыўнае творчае мысленне чалавека, а гэта вельмі важна ў рабоце з асаблівымі дзецьмі, — тлумачыць Валерыя.

Чатыры месяцы – люты, сакавік, красавік і май — яна працавала над сваёй ідэяй, і вось ён, доўгачаканы вынік. Дзяўчынка, адна з Брэсцкай вобласці, увайшла ў дзясятку фіналістаў праекта і стане спікерам маштабнай маладзёжнай канферэнцыі TEDxYouth@Minsk, якая адбудзецца ў верасні ў беларускай сталіцы.

Менавіта на галоўным мерапрыемстве дзесяць фіналістаў прэзентуюць шырокай аўдыторыі сваю ідэю, здольную змяніць свет. Кожны з іх атрымае iPhone 12 (коштам у 1000 долараў).
А пакуль Леру Цабрук чакаюць майстар-класы ад ментараў, якія ўсё лета будуць рыхтаваць яе да выступлення: ставіць мову і развіваць аратарскае мастацтва. Як-ніяк за яе выступленнем будзе сачыць шмат людзей з усяго свету (толькі ў афіцыйнага ютуб-канала TEDх — больш за 30 млн. падпісчыкаў).

Калі пашчасціць, то, як пазалетась, арганізатары конкурсу дадаткова выберуць тройку галоўных фіналістаў і падораць ім паездку ў адну з краін свету. Адкрыем сакрэт, пра гэта Лера таксама запісала ў той, пераднавагодняй, запісцы, а значыць, яе мара цалкам дасягальная.


Да ведама чытачоў, праект “Першыя” не спыняецца на дасягнутым! Арганізатары абяцаюць у хуткім часе вярнуцца ў пошуках новых ідэй і праектаў. Сачыце за навінамі ў сацыяльных сетках.
Магчыма, вы — наступны пераможца!
Алена Зялевіч, фота Кацярыны Масік.