Мішкі, каты, машынкі, самалёцікі і, канечне ж, цукеркі — нямнога трэба дзеткам для радасці… Але галоўным паказальнікам сапраўды шчаслівага дзіцяці з’яўляецца цеплыня, любоў і ўвага бацькоў. У гэтым сэнсе малыя з сям’і Нежаўцоў забяспечаны поўнасцю!

Аляксандр і Лірына Нежавец засяліліся ў дзіцячы дом сямейнага тыпу, што па вуліцы Рыгора Шырмы ў Пружанах, чатыры гады таму. На той момант яны выхоўвалі восем дзяцей. На сённяшні дзень пад крылом маладых бацькоў знаходзяцца 15 хлопчыкаў і дзяўчынак. Старэйшаму хутка споўніцца 18 год, а самай маленькай дзяўчынцы — пяць месяцаў. Цікава, што ўсе дзеці нібы падобныя паміж сабой.
Калі я толькі пераступіла парог гэтага дома, падалося, што трапіла ў пэўны вэрхал, але паназірала за ўсім — і маё меркаванне змянілася. Дом падаўся жывым арганізмам, а кранальная мітусня ахінула ўтульнасцю. Насамрэч усе былі чымсьці заняты: адзін шукаў заколкі для валос, іншыя калыхалі немаўлят, пераапраналі шкарпэткі, цешыліся з сабакам, прасавалі кашулі… Мама, дапамагаючы дзяўчынкам апранаць святочныя сукенкі, вельмі дакладна кіравала ўсімі памочнікамі, і справы ішлі хутка і ладна.

— Наш сакрэт і моц ва ўзаемавыручцы. У нас сапраўдная сям’я, таму мы ўсе ўзаемазамяняльныя. Ды і дзеткі, дзякуй Богу, паслухмяныя, — пракаментавала маю першую рэакцыю Лірына Нежавец.
Таксама жанчына падзялілася, што марыць аб сумеснай фотасесіі, але для яе правядзення спатрэбіцца грунтоўная падрыхтоўка, таму пакуль ідэя застаецца на паўзе.

Вялікім калектывам былі падрыхтаваны ажно чатыры ёлкі, з густам упрыгожаны ўвесь дом. Удзел у стварэнні святочнай атмасферы прымала ўся сям’я.
А 30 снежня Нежаўцоў у суправаджэнні Дзеда Мароза і Снягуркі наведалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец, начальнік дарожна-эксплуатацыйнага ўпраўлення № 25 Уладзімір Пунько, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Іван Сачэўка.
Снягурка правяла з дзеткамі навагоднія гульні, пасля чаго ўсе голасна паклікалі Дзеда Мароза. Добры чараўнік не прымусіў сябе доўга чакаць, загадаў дзецям зімовыя загадкі, павадзіў карагоды і павесяліў усіх сваім надзвычайным гумарам.

Дзеці пары Нежаўцоў, як і выхаванцы Ірыны Карачун, прынялі ўдзел у акцыі «Дары дабро — стань Дзедам Марозам»: намалявалі свае мары для ёлкі жаданняў. Таксама спонсарамі жаданых падарункаў выступілі ДЭУ-25 і прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі.
Мікалай Кудравец ад імя кіраўніцтва раёна звярнуўся да вялікай сям’і са словамі віншаванняў, пасля чаго гаспадары запрасілі ўсіх гасцей да святочнага стала. А на развітанне дзеткі ўпэўнена заявілі: «Мары здяйсняюцца!».
Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік