У мінулую суботу Пружаны прымалі маштабны аўтапрабег «Наша сіла ў адзінстве» з некалькіх дзясяткаў аўтамабіляў, арганізаваны ўпраўленнем Дзяржкамітэта судэкспертыз па Брэсцкай вобласці.
Як паведаміў начальнік абласнога ўпраўлення судовых экспертыз Андрэй Дзяшкевіч, у гэты значны для Дзяржкамітэта год, калі будзе адзначацца 10-годдзе стварэння структуры, запланаваны шэраг мерапрыемстваў. І, безумоўна, некаторыя з іх маюць гістарычную накіраванасць. Справа ў тым, што судэксперты прымаюць актыўны ўдзел у расследаванні крымінальнай справы па генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
— Грамадскасць зараз знаёміцца з папярэднімі вынікамі праводзімых экспертыз пры эксгумацыі пахаванняў, аднак інфармацыя даецца ў выглядзе лічбаў, пераліку фактаў, — расказвае Андрэй Часлававіч. — Усе знойдзеныя на раскопках аб’екты дастаўляюцца нам на экспертызу. І мы літаральна аднаўляем «карцінку», як адбываліся зверствы фашыстаў. Словам, «бачым» на свае вочы кожныя пакуты, кожную смерць, кожны жах. І, паверце, інакш як зверствамі тое, што рабілі карнікі, нельга назваць. Таму трэба захоўваць памяць аб людзях, што загінулі ў гады акупацыі. У першую чаргу, каб той жах не паўтарыўся.

Па словах кіраўніка дэлегацыі, яны, складаючы маршрут аўтапрабегу, не маглі не заехаць у Пружаны, дзе ёсць помнік спаленым вёскам. Сустрэў гасцей начальнік аддзела ідэалагічнай работы і пас справах моладзі райвыканкама Аляксандр Момлік, які зрабіў гістарычны экскурс у часы акупацыі Пружаншчыны, распавёў пра вынікі фашысцкіх зверстваў і пра тое, як з’явіўся помнік спаленым вёскам. Пасля мінуты маўчання ўдзельнікі аўтапрабегу ўсклалі вянкі і кветкі.

Начальнік упраўлення ДКСЭ па Брэсцкай вобласці Андрэй Дзяшкевіч падзякаваў гаспадарам за тую работу, што вядзецца па захаванні памяці пра генацыд беларускага народа.
Завяршыўся аўтапрабег на тэрыторыі Жыровіцкага манастыра, дзе брэсцкія судэксперты сустрэліся са сваімі калегамі з Гродзенскай вобласці, якія праводзілі такі ж прабег па сваім рэгіёне.

Алег Сідарэнка. Фота аўтара
Фотаальбом з мерапрыемства: https://vk.com/album-23306785_291952651