Понедельник, 28 апреля 2025

Марафон добрых спраў

376

Не толькі дзеці радуюцца падарункам: у гэтыя святочныя дні мы імкнёмся дайсці да ўсіх людзей, хто мае патрэбу ў клопаце, спагадзе. Да рэспубліканскай акцыі «Ад усёй душы» далучыўся калектыў Пружанскага раёна газазабеспячэння: прадстаўнікі прадпрыемства на гэтым тыдні наведалі Сухопальскую бальніцу сястрынскага догляду.

Як расказала загадчыца медыцынскай установы Ірына Фурса, на бягучы момант тут знаходзяцца 24 пажылыя пацыенты.

— Кожны з нашых пастаяльцаў пражыў доўгае жыццё, мае ўласныя звычкі. Вельмі хочацца стварыць для іх як мага больш камфорту, няхай і ва ўмовах інтэрната, — зазначыла Ірына Уладзіміраўна. — Таму мы рады ўсім гасцям, якія дораць нам дадатковую зручнасць для абслугоўвання састарэлых.

На гэты раз начальнік Пружанскага РГЗ Анатолій Рахавецкі прывёз з сабой кулер з функцыямі падагрэву і ахалоджвання вады, які палепшыць умовы пражывання пажылых пацыентаў бальніцы. Ён паабяцаў і надалей падтрымліваць кантакт з медустановай, каб разам вырашаць паўсядзённыя пытанні як самой установы, так і яе пастаяльцаў.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік